Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 12 °C

Калектыў, узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі, расказаў нам пра гісторыю свайго стварэння і раскрыў сакрэты поспеху

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 1

Народны інструментальны ансамбль 

“Нясвіжскія лыжкары”  даўно стаў візітоўкай 

не толькі нашага раёна, але і Мінскай вобласці. 

Вясёлыя і энергічныя навучэнцы  Нясвіжскага

дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа

і іх  няўрымслівы педагог Уладзімір Яўгенавіч Сухавей ужо добра асвоілі сталічныя канцэртныя залы



і фестывальныя пляцоўкі Беларусі. Ёсць у калектыва свае прыхільнікі ў Літве, Латвіі, Польшчы, Казахстане. Іх разумеюць без слоў і цёпла сустракаюць усюды,

 бо абаяльным  лыжкарам  з Нясвіжа ўласцівы

асаблівая энергетыка і неверагодны пазітыў.

“Нясвіжскія лыжкары” выконваюць народную музыку, пералажэнні твораў сучасных кампазітараў і нават класіку. Настаўнік музыкі каледжа і кіраўнік ансамбля У.Я. Сухавей бачыць адметнасць калектыву ў тым, што яго ўдзельнікі ствараюць рытмічнае і танцавальнае, нават, акрабатычнае суправаджэнне знаёмых твораў, з якога, у выніку, нараджаецца інструментальна-харэаграфічнае шоу.

Уладзімір Яўгенавіч  лічыць:

— Выкананне народнай музыкі на традыцыйных беларускіх інструментах уплывае на развіццё асобы навучэнцаў. Праца ў народным ансамблі дапамагае абудзіць у душы кожнага ўдзельніка нацыянальны характар. Я б нават адзначыў, што праз выкананне народнай музыкі і выкарыстанне народных інструментаў мне проста ўдаецца падкрэсліць “беларускасць” маіх выканаўцаў, расставіць акцэнты над ментальнымі рысамі, уласцівымі ўсім беларусам, у тым ліку і ўдзельнікам калектыву: гумар, лагоднасць, гасцін-насць, талерантнасць, адказнасць…”

Сакрэт поспеху У.Я. Сухавея  як педагога — у гатоўнасці правесці рэвізію ўласнага досведу, у жаданні падзяліцца ім з маладым пакаленнем, у імкненні расці разам з ім.

Стварэнне інструментальнага калектыву — даўняя мара музыканта.  У свой час ён сабраў эстрадны калектыў (бас, рытм, барабан, клавішы, саксафон). Потым вырашыў увесці ў яго склад самы просты народны інструмент — балалайку. Атрымалася. Але жадаючых займацца інструментальнай творчасцю ў каледжы было шмат, і тады  ў ансамбль былі  ўведзены шумавыя інструменты. Самымі ўдалымі з іх сталі лыжкі.   Так у 2006 годзе на свет з’явіўся калектыў “Нясвіжскія лыжкары”, які адразу палюбіўся публіцы. Спачатку ансамбль складаўся з 6 маладых людзей, якія ігралі на балалайках, барабане, флейце, баяне. Затым склад пашырыўся, і сёння ў ім 8 лыжачнікаў і 7 музыкаў аркестравай групы (бас-гітара, балалайкі, флейта, баян, барабан, бубен).

Вельмі хутка ансамбль стаў запатрабаваным не толькі на раённых, але і на абласных мерапрыемствах. А ў 2009-м “Нясвіж-скія лыжкары” атрымалі званне народнага самадзейнага калектыву. Асноўны прынцып работы ў ім — старэйшыя навучаюць маладзейшых.  За час іcнавання ансамбля тут рэалізавалі свой творчы патэнцыял больш як 60 хлопцаў.

Кожнае выступленне калектыву непаўторнае і заўсёды выклікае станоўчыя эмоцыі ў гледача. Пасля кожнага канцэрта (у раёне, вобласці, краіне, за яе межамі) маладыя артысты  атрымліваюць жывы водгук гледачоў, якія захапляюцца энергетыкай беларускай народнай музыкі, праяўляюць цікавасць да Беларусі.

Паводле слоў Уладзіміра Сухавея, колькасць удзельнікаў кожны год вар’іруецца: на змену выпускнікам каледжа прыхо-дзяць першакурснікі. Па традыцыі, у пачатку кожнага навучальнага года ў каледжы арганізуюць праслухоўванне, шукаюць новыя таленты. “Хутка навучыць юнака іграць на акардэоне або трубе немагчыма, а на лыжках —  абсалютна рэальна”, — лічыць нязменны кіраўнік калектыву. — Так што стаць адным з “Нясвіжскіх лыжкароў” могуць як маладыя музыканты, так і хлопцы без музычнай адукацыі. Галоўнае — захацець. Нават той, у каго няма задаткаў, пры вялікім жаданні дасягне большага, чым здольны вучань, які не развіваецца і прапускае заняткі. Напрыклад, з 16    удзельнікаў калектыву толькі двое скончылі музычную школу. Астатнія навучаліся з нуля”.

У тэму

Пачуўшы выкананне на лыжках знакамітага “Танца з шаблямі” А. Хачатурана на другім Міжнародным фестывалі культур народаў ЕўрАзЭС у Астане, кітайскія артысты,  якія знаходзіліся ў зале — дарэчы, сапраўдныя прафесіяналы — ці то ў знак павагі, ці то для зручнасці здымання на мабільныя тэлефоны сталі на калені і  гля-дзелі выступленне “Нясвіжскіх лыжкароў”.

Сёння ў актыве калектыву —  шматлікія дыпломы з конкурсаў і фестываляў, а ў пачатку студзеня гэтага года народнаму інструментальнаму ансамблю “Нясвіжскія лыжкары” прысуджана cпецыяльная прэмія Прэзідэнта  Беларусі за значны ўклад у папулярызацыю музычнага мастацтва, мэтанакіраваную працу па эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення, актыўную канцэртную дзейнасць.

9 студзеня ў Палацы Рэспублікі высокую ўзнагароду з рук Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі атрымлівалі кіраўнік ансамбля У.Я. Сухавей і стараста калектыву,  навучэнец  4 курса каледжа спецыяльнасці “пачатковая адукацыя”, таленавіты артыст, добры спартсмен, несвіжанін Уладзіслаў Сініцын.

— Калі ўпершыню пачуў, што мне, аднаму з хлопцаў, прый-дзецца ўздымацца на галоўную  сцэну краіны, нават не паверыў, — узнаўляе ў памяці гэты хвалюючы момант наш зямляк. — Палічыў, што Уладзімір Яўгенавіч жартуе. А потым была вялікая радасць, што на мяне ўскладаецца такая вялікая адказнасць — быць на адной сцэне з Кіраўні-ком дзяржавы. Потым расказаў родным і знаёмым, што ў мяне такое ганаровае даручэнне і што момант узнагароджвання будзе паказаны па тэлебачанні. На сцэне хваляванне было вялікае,  але мерапрыемства такога ўзроўню патрабуе абавязковай папярэдняй рэпетыцыі. Нам паказалі, куды і як выходзіць, дзе стаць. Пасля некалькіх прагонаў стала лягчэй, але, калі пачалося мерапрыемства   і Аляксандр Рыгоравіч з’явіўся на сцэне, хваляванне вярнулася: такі Чалавек побач!  Вельмі харызматычная асоба, з добрай усмешкай і моцным мужчынскім поціскам рукі! Калі ён уручыў мне кветкі — усмешка  з’явілася  і не зыходзіла з майго твару  і падчас выступлення ў святочным канцэрце, і па дарозе дадому — аж да самага вяртання  ў Нясвіж.  Гэта сапраўды  важны момант у жыцці — сустрэча з Прэзідэнтам!

Разам  з намі рэпеціравала і на сцэне стаяла самая прыгожая дзяўчына Беларусі і Еўропы Марыя Васілевіч. Мы з Уладзімірам Яўгенавічам звярнулі ўвагу на тое, як сур’ёзна  і адказна яна ставілася да рэпетыцый і, канешне, сфатаграфаваліся з прыгажуняй.

— Уладзіслаў, што табе далі калектыў “Нясвіжскія лыжкары”  і  яго кіраўнік?

— Ужо пяты год, як я страціў бацькоў, і лічу, што Уладзімір Яўгенавіч стаў мне другім бацькам, бо шмат выхоўваў, многаму навучыў, дзяліўся жыццёвай мудрасцю падчас нашых  паездак на канцэрты.  Калектыў — вялікая школа жыцця, у якім выхаваліся мае адказнасць і дысцыплінаванасць як старасты, якога слухалі нават старшакурснікі, гэта шквал эмоцый і бура ўспамінаў. Я выступаю ў калектыве з першых дзён вучобы ў калед-жы. Быў спачатку барабаншчыкам, потым перайшоў на лыжкі, да чаго моцна імкнуўся. Асвоіў яшчэ бас-гітару, блок-флейту, шумавыя інструменты. Разам з “лыжкарамі” аб’ехаў усе населеныя пункты Нясвіжчыны і амаль усю Беларусь, мы выступалі і за мяжой. Усюды нас гасцінна і па-сяброўску сустракалі. За мяжой вельмі цікава ўдзельнічаць у фестывалях нацыя-нальных культур, паказваць самабытнасць беларускай, знаёміцца з іншымі. Заўсёды ўзбагачаюць зносіны з суседзямі — расіянамі, палякамі, украінцамі — як прафесійнымі артыстамі, так і аматарамі, як мы. Абменьваемся вопытам, нешта падмячаем для сябе.

— Цяжка на рэпетыцыях?

— Вельмі! Калі на 4-м курсе я, ведаючы рэпертуар, рэпетырую 3 разы на тыдзень, дык першакурснікі — кожны дзень. Адразу вельмі шмат  першакурснікаў ходзіць, потым застаюцца толькі самыя працавітыя і ўпартыя. Дарэчы, наша ўсмешка на сцэне —  натуральная, бо ты з гонарам дэманструеш гледачам тое, чаго дасягнуў цяжкай працай. Да таго ж, усе кампазіцыі ў нас “завадныя”, у кожнай ёсць цікавыя “штучкі”.  А яшчэ ў нас усе п’есы суправаджаюцца словамі. Выходжу на сцэну перад кожным нумарам і распавядаю чатырохрадкоўі. Напрыклад:

Гэй, глядач, пускайся ў скокі.

Ці малец ты, ці стары,

Для цябе іграюць сёння

“Нясвіжскія лыжкары”.

У нас падрыхтавана  цэлая праграма, але часцей запрашаюць выступіць з  асобнымі нумарамі. Усе аранжыроўкі робіць Уладзімір Яўгенавіч, як народнай, так і класічнай музыкі. У яго вельмі сучасна атрымліваецца. Ёсць  мелодыя  ў суправаджэнні губных гармонікаў і бітбоксу (бітбокс — від індустрыяльнай перкусіі, у першую чаргу ўключае ў сябе мастацтва імітавання драм-машыны, выкарыстоўваючы толькі рот, вусны, язык і голас — прым. Аўт.). Гучыць класна. Ёсць больш танцавальная “Рассыпуха” — усё робім сінхронна. Харэограф Кацярына Лабаза ставіць танец,  а кіраўнік сочыць на выступленнях і рэпетыцыях за дакладнасцю рухаў.

— Напэўна, цяжка будзе пакідаць “лыжкароў”?..

— Я вучуся на чацвёртым курсе, хутка прыйдзе  час развітвацца з каледжам, калектывам. Так, баюся, што раставанне будзе  цяжкім, да слёз. Маю надзею атрымаць размеркаванне ў Нясвіжскі раён, каб, як выпускнік каледжа Павел Горбель, які зараз працуе ў цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна, выступаць з калектывам. “Лыжкары” — гэта як другая сям’я,  мы ўсё робім разам. Гэта на ўсё жыццё ў памяці.  Нават, калі  стану старым, змагу ўзяць лыжкі і нешта сыграць. Ніколі не змагу гэты  перыяд жыцця выкінуць з сэрца.

Напэўна, нешта светлае, жывое, яркае павінна быць у сэрцы кожнага. Для ўдзельнікаў калектыву “Нясвіжскія лыжкары” — гэта час, праведзены разам, а для тых, хто хоць аднойчы бачыў іх выступленне — у сэрцы застанецца незабыўная сустрэча з артыстамі, якія “зараджаюць”  гумарам, весялосцю і юнацкім запалам.

Вольга МАРЧАНКА.

Фота з архіва “НН”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!