Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 12 °C

Хору ветэранаў “Аптымісты” — 35 гадоў

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Ішоў 1983-і год. Былая партызанка Аляксандра Гаўрылаўна Мельнікава прапанавала стварыць з несвіжан,      удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны,  хор. Яе  падтрымаў тадышні старшыня гарсавета Уладзімір Пятровіч Гуль,  таксама чалавек неабыякавы,  энтузіяст. Іх старанні ўвянчаліся поспехам — жадаючых спяваць аказалася нямала. А.Г. Мельнікава кіравала хорам. Жыццё ветэранаў  набыло новы сэнс. З якой ахвотай збіраліся мужчыны і жанчыны з ордэнамі і медалямі на грудзях на рэпетыцыі ў раённы Дом культуры! І так было прыемна ўсім,  калі суладна загучалі першыя і другія галасы,  і палілася песня,  што аб’яднала настаўнікаў, урачоў, служачых.



Самадзейныя артысты пачалі выступаць на раённых святах. І незабыўная “Ой, бярозы ды сосны” шчымлівай ноткай напамінала пра іх апаленую вайной маладосць. Слухачы з павагай глядзелі на маладых душой і сэрцам спевакоў: Георгія Афанасьевіча Халецкага, Надзею Мікалаеўну Арсеньеву, Антаніну Міхайлаўну Лук’янаву, Мікалая Мікалаевіча Падгайскага, Міхаіла Ігнатавіча Карвігу, Пятра Захаравіча Ганчарыка, Марыю Яўсееўну Антоненка, Пятра Мікалаевіча Трафімава, Сяргея Фёдаравіча Філімонава, Барыса Афанасьевіча Сасноўскага і іншых.

Шмат гадоў спявалі ў хоры  старшыня раённага таварыства інвалідаў Г.А.Галабурда і несвіжанка Н.М.Чыжэўская.

Гучалі, звінелі песні, беглі месяцы, міналі гады. На жаль, паціху адыходзілі з жыцця ўдзельнікі хору ветэранаў вайны. Прыйшлі новыя людзі, якія прынялі музычную эстафету ад старэйшага пакалення і прадоўжылі яго традыцыі. Кіраўніком калектыву стаў настаўнік музыкі  і спеваў Нясвіжскай СШ №1 Валерый Цыганкоў, які, да таго ж, пісаў свае песні. Адна з іх — “Перадваенны вальс” — і сёння ў рэпертуары калектыву. Гэта з яго лёгкай рукі хор атрымаў назву “Аптымісты”. Дванаццаць гадоў ён быў з намі, за гэты час адбылі-ся шматлікія канцэрты. Дзякуючы яго намаганням, мужчынская група хору атрымала Дыплом за лепшае выступленне на рэспубліканскім конкурсе Беларускага таварыства інвалідаў,  які праходзіў у Віцебску ў рамках “Славянскага базару” ў 2009-м годзе.

Цяпер гэта — хор ветэранаў працы. Кіруе ім таксама прафе-сіянал — Ірына Казіміраўна Латушка, якая мае цудоўны голас, умела падбірае рэпертуар,  імкнецца давесці выкананне калектыву да вышынь вакальнага майстэрства.  Значны ўклад у агульную справу ўносіць  акампаніятар А.В. Гапановіч.

“Аптымісты” не абмяжоўваюцца выступленнямі ў раённым цэнтры культуры. Геаграфія іх гастрольных выездаў даволі шырокая: вёскі раёна, канцэрты ў гарадскім парку, у Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Дарэчы, у апошнім яны — частыя госці, і жыхары дома-інтэрната   сустракаюць і праводзяць артыстаў з радасцю. А гэта дарагога варта. Чакаюць нас і ў Гарадзейскай гарадской бальніцы пацыенты сацыяльных ложкаў,  для якіх кожнае выступленне “Аптымістаў” — нібы свята.

Група хору прымала ўдзел у адным са свят нацыянальных     культур у Гродне, у абласным свяце, прысвечаным Дню Перамогі, што ладзілася  ў г.п. Чысць Маладзечанскага  раёна. Гледачы заўсёды прымаюць хор з цеплынёй, дружнымі апладысментамі,  пакідаюць удзячныя водгукі ў кнізе,  дзе занатоўваецца ўся гісторыя калектыву. Дарэчы, шмат гадоў у яе ўносіць запісы нязменная вядучая хору Ганна Іосіфаўна Ярмалінская, асоба ў высокай ступені неардынарная і энергічная. Яе няўрымслівая натура заўсёды ў пошуку новых ідэй,  яна ўмела наладжвае выезды ў рэгіёны. Дзякуючы яе старанням, мы двойчы выступалі на радзіме Якуба Коласа — у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. А вось урывак падзякі ад кіраўніц-тва гэтай установы:  “Мастацкая праграма, прадстаўленая вамі, сведчыць пра ваш прафесіянальны гонар за нас, беларусаў. Іменна вы, паважаныя ветэраны працы, лечыце душы тых пажылых людзей, якія маюць у гэтым патрэбу,  дорыце цяпло і дабрыню.”

Сяброўска-творчыя сувязі Г.І. Ярмалінская наладзіла і з хорам г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці, які прыязджаў у Нясвіж з канцэртам. А праз колькі часу хор ветэранаў працы “Аптымісты” г. Нясві-жа выехаў у Ганцавічы з канцэртнай праграмай.

Неяк на свята абаронцаў Айчыны мы выступілі  у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Перад канцэртам хваляваліся: ці будзе слухаць пажылых людзей моладзь? Трывога аказалася дарэмнай: навучэнцы прынялі ўсе песні,  асабліва ім спадабаліся “Афіцэры” і “Снег кружыцца”. Яны нават падпявалі нам. Калектыў хору таксама часты госць у школах горада і гімназіі. Завіталі “Аптымісты” з канцэртам і на Нясвіжскі хлебазавод. Пачулі шмат удзячных слоў. Вядома, не дзеля падзяк спяваюць пажылыя людзі, а дзеля духоўнага росту і жадання быць патрэбнымі,  прыносіць мінуты добрага настрою і пазітыву. Такім лейтматывам прасякнуты ўсе канцэрты. Памятаю,  аб гэтым  гаварылі гледачы і госці на юбілейным канцэрце хору,  30-годдзе якога шырока адзначалася ў раённым цэнтры культуры восенню 2013-га года.  У апошнія гады “Аптымісты” наладзілі сяброўскія сувязі з суседзямі: Клецкім раённым аб’яднаннем “Школа  залатога  ўзросту”, пабывалі ў іх з канцэртам і віталі калег у Нясвіжы. Аберкаванне агульных тэм, абмен вопытам — усё гэта  патрэбна людзям, нераўнадушным да жыцця, якія  стараюцца зрабіць яго цікавым і напоўненым. Залетась на абласным свяце, прысвечаным Дню Перамогі,  якое праходзіла ля Кургана Славы,  мы выступалі на адной пляцоўцы з народным аматарскім аб’яднаннем “У коле сяброў” з Жодзіна і вырашылі абмяняцца канцэртамі. Яны прыязджалі ў Нясвіж. Затым несвіжане пабывалі з візітам у адказ. Нам арга-нізавалі экскурсію па горадзе аўтамабілебудаўнікоў,  мы паглядзелі славутыя БелАЗы, выступілі з канцэртам. Прыём быў цёплы, і абодва бакі засталіся задаволеныя. Добра ведаюць і сардэчна прымаюць “Аптымістаў” і ў РУП “Доследная навуковая станцыя па цукровых бураках”.

У рэпертуары хору ёсць патрыятычныя,  лірычныя,  духоўныя і жартоўныя творы на беларускай,  рускай,  украінскай і польскай мовах. Незабыўным было выступленне калектыву ў 2013-м годзе перад прадстаўнікамі “Таварыства несвіжан” з Польшчы, што прыязджалі да нас на Дзень горада. Госці пакінулі кранальны запіс-падзяку ў кнізе водгукаў. Прафесар Тадэвуш Грыгель выказаўся коратка: “Я шчаслівы, што сёння разам з вамі,  дарагія несвіжане.”

Удзельнікі хору адданыя песні.  Самы старэйшы з іх — М.У. Сарычаў — мае 89 гадоў. Ён з задавальненнем ходзіць на рэпетыцыі, выступае, прытым — саліруе.  Даўно стала “аптымісткай” Г.А.Бянькоў-ская,  якая яшчэ  і чытае гумарэскі.

— Я ўжо пятнаццаць гадоў спяваю,  — гаворыць яна. —Люблю песні,  лю-дзей,  люблю бываць у розных калектывах. Дома было б сумна, а тут няма калі сумаваць.

У свой час закончыла музычна-літаратурны факультэт педінстытута імя Горкага С.У. Лях,  якая,  жывучы ў Лявонавічах,  спявала ў народным хоры. Цяпер яна — несвіжанка і ўжо дзесяць гадоў у “Аптымістах”. Што прыцягвае сюды?

— Песні прыносяць мне вялікае задавальненне,  я магу раскрыць у іх душу. А спяваю з дзяцін-ства,  і без гэтага цудоўнага занятку ўжо не ўяўляю жыцця.

Даўно ўліліся ў калектыў саліст і аўтар песень Б.В. Вятлугін, а таксама  Т.Я. Зубрыцкая,  Л.Ю. Ды-кіна, Н.С. Сінішова,  Я.П. Случак, В.К. Раманчук. Галасістыя ў нас (г.зн., маюць першы голас) Т.П. Сіраш,  Б.В. Наркевіч,  Т.П. Русак. Свой уклад у песенную справу ўносяць Я.А. Златкус,  В.А. Мітракова. Ёсць у калектыве і навічкі: Н.В. Раманчук, М.М. Петручэня, Н.М. Хлябковіч. А ўвогуле на сённяшні дзень нас у “Аптымістах”  22 чалавекі. Наперадзе — новыя песні і паездкі,  цікавыя сустрэчы,  магчымасць быць сярод людзей і дарыць ім сваёй творчасцю добры настрой.

Сёння ў Нясвіжскім раённым цэнтры культуры адзначаецца 35-годдзе хору ветэранаў  “Аптымісты”. Зноў будуць гучаць задушэўныя песні, гумарэскі, цёплыя словы віншаванняў.

У гэтым ачагу культуры  раней збіраліся на рэпетыцыі і канцэрты нашы папярэднікі. Цяпер прыходзім сюды мы. А пасля нас спяюць, магчыма, нашы дзеці і ўнукі. Бо песня застаецца з чалавекам назаўжды.

Раіса ХВІР,

удзельніца хору ветэранаў працы г. Нясвіжа

“Аптымісты”.

На здымках: хор ветэранаў вайны выступае  ў гарадскім парку. 1997 год.

Фота з фондаў Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!