Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

«Беларусь мая сінявокая»

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Мерапрыемства пад такой паэтычнай назвай прайшло на мінулым тыдні ў кінатэатры “Салют”. Прысвечанае 100-годдзю з дня ўтварэння БССР, яно стала сапраўдным святам для тых, каму дарагая наша Радзіма і яе гераічная гісторыя.

У зале кінатэатра сабраліся прадстаўнікі раённай улады, пачэсныя госці мерапрыемства — ганаровыя грамадзяне горада Нясвіжа, ветэраны працы і моладзь.



Пасля ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства, якое азнаменавалася Дзяржаўным гімнам нашай краіны, усе яны змаглі наглядна ўзгадаць мінулае Беларусі ў цэлым і Нясвіжскага раёна ў прыватнасці пры дапамозе ўнікальнага відэаальбома. Яго старонкі перанеслі прысутных у складаную эпоху станаўлення нашай рэспублікі, яе   раз’яднання ў 1919-м і аб’яднання ў 1939-м, у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення — да сучаснасці.

Пасля гэтага пазнавальнага экскурса ў гісторыю нашай краіны са знамянальнай датай — 100-годдзем з дня ўтварэння БССР — прысутных павіншаваў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Балцянкоў.

— Мы разумеем, што краіны пад назвай БССР зараз не існуе на карце, але мноства знакамітых людзей, якіх мы ведаем сёння, вырасла ў гэтай краіне, на гэтай зямлі.

І я сёння хачу падзякаваць усім ім за той уклад, які яны ўнеслі ў развіццё нашай дзяржавы, нашай новай краіны, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Выступае намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Балцянкоў

Ад імя сённяшняга пакалення ён таксама запэўніў, што мы — тыя, хто працуе сёння, — бу-дзем рабіць усё магчымае, каб гістарычная памяць захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне, каб моладзь ведала і памятала герояў мінулых часоў і іх дастойныя ўчынкі.

Як слушна заўважыла вядучая свята Юлія Гарбачова, Нясвіж — горад радасці, горад вялікіх падзей і вялікіх людзей, якія сваёй працай упісвалі і ўпісваюць у кнігу раёна яркія і светлыя старонкі, не раз даказаўшы сваёй сумленнай працай адданасць і любоў да роднай зямлі. Ад іх імя да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуліся  ганаровыя грамадзяне горада Нясвіжа — Пасол Рэспублікі Беларусь у Бразіліі ў 2011 — 2016 гг. Леанід Крупец і першы сакратар Мінскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі ў 2007 — 2018 гг., былы старшыня абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый  Мінскай вобласці Марыя Худая, якая, акрамя таго, з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці.

Яны падзяліліся цікавымі ўспамінамі са свайго жыцця, узгадалі людзей, з якімі давялося працаваць, а Марыя Мікалаеўна, акрамя таго, уручыла юбілейныя медалі, прысвечаныя 100-годдзю Камуністычнай партыі Беларусі і 100-годдзю БССР, намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Міхаілу Мацэлю, ветэранам працы, былым кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў Міхаілу Сарычаву і Віктару Азарку, другому сакратару райкама Камуністычнай партыі Беларусі Віталю Раманчуку, актывістам раённай партарганізацыі Івану Шухно, Барысу Вятлугіну, Анатолю Казлову, Якаву Случаку, а таксама ганароваму грамадзяніну горада Нясвіжа Леаніду Крупцу. А Марыя Мікалаеўна прыняла віншаванні з днём нараджэння, які нядаўна адзначыла, ад раённай улады ў асобе намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Балцянкова.

Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа Марыя Худая  ўручае ўзнагароду Анатолю Казлову

Ад імя ўзнагароджаных да прысутных звярнуўся  першы сакратар Нясвіжскага  райкама Кампартыі Беларусі ў 2013 — 2016 гадах, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Якаў Случак. Ён узгадаў пра сваіх продкаў-земляробаў і выказаў вялікую ўдзячнасць савецкай уладзе, якая дала магчымасць яго бацькам і яму самому атрымаць адукацыю і выйсці ў людзі, паставіць усе свае веды і вопыт на службу роднай краіне.

— Я дзякую Камуністычнай партыі за ўзнагароду, дзякую Нясвіжскаму райвыканкаму за ўвагу, якая пастаянна аказваецца нам, ветэранам, і за давер, — сказаў у завяршэнне сваёй прамовы Якаў Паўлавіч.

Сярод узнагароджаных — дырэктар Нясвіжскага племпрадпрыемства ў 1968 — 1992 гадах Міхаіл Сарычаў

Сапраўды, 100 гадоў — гэта вопыт, гісторыя і наш гонар. Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначаў: “За гэтыя гады мы дасягнулі многага. У першую чаргу, дзякуючы таму, што былі разам. Разам вызначалі мэты і разам іх дасягалі. І ў далейшым мы таксама павінны быць адзіныя і паслядоўныя ў рэалізацыі стратэгічнай задачы — пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі”. Гэтыя словы з’яўляюцца праграмным арыенцірам для нас, хто сёння нясе эстафету працоўнай і ратнай славы сваіх бацькоў і дзядоў. Яны абавязваюць нас з поўнай аддачай працаваць, эфектыўна задзейнічаць існуючы патэнцыял, вопыт і веды для далейшага росквіту як нашай роднай Нясвіжчыны, так і Рэспублікі Беларусь.

На сцэне — танцавальны калектыў “Вясёлка” РЦК

Зрабіць урачыстае мерапрыемства сапраўды святочным дапамаглі артысты ўстаноў культуры нашага раёна: народныя ансамблі песні “Забава” ААТ “Гара-дзейскі цукровы камбінат” і “Згода” РЦНТ, народны інструментальны ансамбль навучэнцаў каледжа імя Якуба Коласа “Нясвіжскія лыжкары” РЦК, танцавальны калектыў “Вясёлка” РЦК, салісты Анатоль Мамчыц і Ігар Гарбачоў, Сяргей Калеснікаў.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!