Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі чытае Ламаносава, спявае ў “Аптымістах”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На абласным свяце, прысвечаным 100-годдзю з дня

ўтварэння БССР, Ганаровай граматай Мінскага

абласнога выканаўчага   камітэта быў  узнагароджаны несвіжанін  Якаў Паўлавіч Случак (на фота).

У 1976 — 1987 гадах ён узначальваў Нясвіжскі  завод кармавога біяміцыну, які ў 1985 г. стаў  называцца 

біяхімзаводам. У 1987 — 2005 гг. працаваў дырэктарам аддзялення Белдзяржстраху па Нясвіжскім раёне.

Якаў Случак — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Цяпер ён на заслужаным адпачынку, але лад жыцця вядзе даволі актыўны. Узнагароды ўдастоены за вялікі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі рэспублікі

і актыўную грамадскую дзейнасць, у тым ліку і як член раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі.

У Нясвіж Якаў Случак  прыехаў летам 1968 года, атрымаўшы  размеркаванне пасля  заканчэння Беларускага  політэхнічнага інстытута на біяміцынавы завод.

 — Заводзік быў старэнькім, размяшчаўся на месцы былога спіртзавода князёў Радзівілаў, — расказвае Якаў Паўлавіч. — Яго дырэктарам працаваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Фролавіч Харытонаў. “Мы даўно  цябе чакаем”, — прывітаў  Пётр Фролавіч, калі я прыйшоў уладкоў-вацца на работу. Аформілі мяне  энергетыкам. Работа гэта не была цяжкай, таму што практыку дагэтуль праходзіў на вялікім прадпрыемстве — Гомельскім суперфасфатным заводзе.  Навыкі ў мяне былі. Акрамя электрыкі, на біязаводзе аддалі  яшчэ кацельню, кампрэсарную, водазабеспячэнне. Я з задавальненнем зга-джаўся  з гэтай нагрузкай, таму што ўсё было цікава.

Праз некаторы час маладога  спецыяліста, энергічнага, нераўнадушнага чалавека, выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі завода. Каб весялей было працаваць і адпачываць, стварылі свой хор, выступалі ў мясцовым клубе (быў такі ў пасёлку біязавода і яму ж належаў). Старэйшыя таварышы ацанілі старанні юнака — і яго прынялі ў рады КПСС.

У 1972 годзе Я. Случака перавялі ў райкам партыі на пасаду інструктара. Ён курыраваў замацаваную зону, ездзіў на сходы ў Лявонавічы, Лань, Астроўкі, выступаў, растлумачваў палітыку партыі. Пазнаёміўся з многімі людзьмі, набіраўся вопыту. Шмат што дала і двухгадовая вучоба ў Вышэйшай партыйнай школе, куды яго паслалі на дзённае  навучанне. Пасля  вярнуўся ў райкам. А калі П.Ф. Харытонаў пайшоў на пенсію, першы сакратар РК КПБ Кім Фёдаравіч Сінічкін выклікаў  Якава Случака і сказаў: “Час табе ўжо на самастойную работу”. Дакументы адправілі на зацвярджэнне ў Маскву (завод меў саюзнае падначаленне), кандыдатуру ўхвалілі. І ў лютым 1976 г.  Якаў Случак узначаліў прадпрыемства.

Мой суразмоўца з задавальненнем падкрэслівае, якая добрая каманда ў іх падабралася. Галоўнага інжынера Рыгора Іванавіча Вайтовіча і яго жонку Розу Іванаўну,  загадчыка лабараторыі, лічыць сваімі настаўнікамі, першымі і лепшымі дарадцамі. З захапленнем расказвае пра  галоўны ўчастак завода — лабараторыю, дзе размнажаліся карысныя  бактэрыі, патрэбныя для выпуску  лякарства для лячэння жывёлы. Якая там была стэрыльнасць, як строга захоўвалі ўсе  параметры! Лабарантам працавала  Марыя Антонаўна Красковіч. Закончыўшы Ленінградскі хіміка-фармацэўтычны  інстытут, з цягам часу яна стала загадчыкам лабараторыі. А ўжо пазней — намесні-кам дырэктара па якасці. Майстрамі працавалі Міхаіл Пятровіч Мірошнік і Ганна Іванаўна Саматыя. Прыйшлі на завод  Аляксей Аляксеевіч Зарыхта, Тамара Ула-дзіміраўна Дайлід,  яе сястра Людміла Уладзіміраўна Рудэня і іншыя спецыялісты. Гэта была каманда аднадумцаў, якая не магла і не хацела  стаяць на месцы. Жылі заўтрашнім днём. Вырашылі  асвойваць новы від прадукцыі — бактэрыяльнае  ўгнаенне для  глебы (азотабактэрын, пазней ён атрымаў  назву рызатарфін). Гэта — экала-гічна чыстае ўгнаенне на аснове азотфіксуючых клубеньчыкавых бактэрый. Завадчане знайшлі разуменне ў сваім  міністэрстве, у навуковым асяроддзі і пачалі ажыццяўляць задуманае. Каб размнажаць карысныя бактэрыі на торфе, апошні трэба было  спачатку стэрылізаваць. Перабралі шмат варыянтаў. Спыніліся на стэрылізацыі ядзернай энергіяй у гама-устаноўцы. Для гэтага вазілі торф у пакеціках у Інстытут      ядзернай энергетыкі, што пад Мінскам. Доследы з угнаеннем праводзілі па ўсёй Беларусі. Рызатарфін павялічваў колькасць азоту ў глебе, ураджайнасць сельгаскультур павышалася да 30 %.

Калі выйшла пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР “Аб будаўніцтве ў г. Нясвіжы завода па вытворчасці бактэрыяльнага  ўгнаення рызатарфіну магутнасцю 10 мільёнаў гектарных порцый у год”, у Альбе разгарнулі велізарную будаўнічую пляцоўку. Гаспадаром яе быў Салігорскі будтрэст № 3. Спецыялісты зманціравалі гама-ўстаноўку. Усе работы вяліся пад  жорсткім кантролем і Масквы, і Мінска. Адначасова непадалёк ад вёскі Карцэвічы з’явіліся заводскія ачышчальныя збудаванні — цяпер яны  адносяцца да горада.

Першая прадукцыя была выпушчана  ў 1983 годзе. А ў 1986-м за распрацоўку біятэхналогіі, стварэнне прамысловай  вытворчасці рызатарфіну і ўкараненне яго ў сельскую гаспадарку вучоным і прадстаўнікам вытворчасці была прысуджана  Дзяржаўная прэмія БССР. У тым ліку —  работнікам завода Я.П. Случаку, М.А. Красковіч і Р.І. Вайтовічу. Дарэчы, выпускалі яго да 1991  года,  пакуль не разваліўся  Савецкі Саюз.

Дырэктар завода Якаў Случак  шмат увагі  надаваў будаўніцтву жылля для  сваіх работнікаў:

— Спецыяліст прыязджае — ён павінен  мець жыллё. Штогод па два фінскія  шчытавыя дамы ўзводзілі. Давалі чалавеку матэрыялы, а ён  ужо арганізоўваў будаўніцтва. Так у Альбе абнаўляўся  заводскі пасёлак. У нас там і свой  дзіцячы сад быў. З’я-віўся і першы наш 2-павярховы інтэрнат. А ўжо ў горадзе пабудавалі вялікі 5-павярховы інтэрнат, затым — жылы шматкватэрны дом, і пры мне заклалі другі.

Перайшоўшы пасля на пасаду кіраўніка аддзялення Белдзяржстраху, Якаў Паўлавіч  зноў займаўся будаўніцтвам — узводзілі свой адміністрацыйны будынак.

З задавальненнем апавядае Якаў Паўлавіч і пра сваю малую радзіму — горад Петрыкаў Гомельскай вобласці, з гонарам — пра народнага героя Беларусі дзеда Талаша, удзельніка партызанскага руху ў грамадзянскую і Вялікую Айчынную войны, ураджэнца тых мясцін.

 

Якаў Паўлавіч дачытаў вершы і выключыў камп’ютар. Прызадумаўся: Міхаіл Васільевіч Ламаносаў — вучоны, прыродазнаўца,       прафесар хіміі, і разам з тым, як ні дзіўна,  — таленавіты паэт. Якая сіла  яго паэтычных  радкоў, яго думкі, які глыбокі сэнс, якая вера   ў Расію і рускага чалавека:

“…Что может собственных Платонов

И быстрых разумом Невтонов

Российская земля рождать”.*

Напэўна, з такіх вось крыніц і чэрпаюць многія  патрыятызм, сілу, веды, натхненне, жаданне ствараць і дарыць дабро, дасягаць новых вышынь, ісці і ісці наперад у сваім развіцці. Гарэць, а не тлець, жыць, колькі  Богам адведзена, але — ярка…

 

Успомніў падчас нашай гутаркі і пра свайго дзядулю — ён  займаўся сплаўленнем  лесу ўніз па Прыпяці і Дняпры ва Украіну — драўніна ішла на будаўніцтва баржаў, караблёў, узводзіўся горад Днепрапятроўск. Бацька Якава Случака, Павел Міхайлавіч, вучыўся ў Магілёўскім  педагагічным інстытуце, калі пачалася Вялікая Айчынная  вайна, і ён прайшоў яе амаль  усю, да Германіі. На фронце  пазнаёміўся з будучай жонкай, Верай Якаўлеўнай, сястрычкай медсанбата. Пра яе, дарэчы,  можна расказаць асобна. Удзельніца фінскай вайны. Шмат жыццяў выратавала  і ў Вялікую Айчынную, выцягваючы параненых з поля бою. Якаў Паўлавіч запомніў выпадак, пра які  расказвала  матуля. Падчас аднаго з баёў ва Украіне яна выцягнула параненага  байца, які тануў у водах Дняпра. Мінулі гады, і неяк у Дзень Перамогі  ваенны камісар раёна  прыехаў да іх дамоў і ўручыў жанчыне медаль “За выратаванне байца на фронце”, устаноўлены кіраўніцтвам Украіны.

Пазней, калі не стала мужа, ветэран Вялікай Айчыннай  вайны Вера Якаўлеўна Случак жыла ў сына ў Нясвіжы.

Але вернемся да другой паловы саракавых гадоў. Павел  Міхайлавіч пасля вайны набыў вышэйшую  адукацыю, працаваў настаўнікам  гісторыі, завучам у адной  са школ Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. У гэтай школе Яша правучыўся шэсць гадоў. Потым сям’я пераехала ў Петрыкаў, дзе з дапамогай сваякоў была пабудавана іх хата. На яе трацілася большая частка заробленых бацькамі грошай, таму жылі бедна.  Хлопчык  насіў вопратку, перашытую мамай. А вось вучыўся на “выдатна”, і гэтаму ніколькі  не перашкаджала яго праца на хатняй гаспадарцы. Хлопчыка ў школе прызначылі  сцяганосцам. Яшчэ ён з’яўляўся старшынёй савета піянерскай дружыны і марыў хутчэй стаць камсамольцам. Выхаваны ў строгасці, з пачуццём адказнасці (ён жа не мог падвесці бацьку), сярэднюю школу закончыў з залатым медалём.

Потым пачаліся цікавыя гады студэнцтва. Новыя сябры, новыя знаёмствы. Лекцыі, сесіі, канікулы. Праца ў студэнцкіх атрадах — на будаўніцтве фермы ў калгасе Смалявіцкага раёна,  школы — у Паўночным Казахстане.

— Я цяпер часта выступаю ў школах, расказваю дзецям пра  цяжкасці таго часу: праца — ад цямна да цямна, хочаш  адпачыць — рыдлёўку пад спіну падапрэш, пастаіш, — кажа Якаў Паўлавіч. — Але малады ўзрост іграў сваю ролю: прыйдзеш з работы, павячэраеш — і на танцы, да раніцы, якая плаўна перахо-дзіла ў наступны працоўны дзень. Добры быў час, цікавы.

Якаў Паўлавіч паведаў мне пра адзін з важнейшых урокаў, якія ён вынес з часоў маладосці: неабходна паважаць ветэранаў, памятаць пра іх уклад у развіццё грамадства.

Было гэта падчас працы Якава Случака на біязаводзе. Калі яны купілі сваю першую  легкавую аўтамашыну “Масквіч-412”, бацька папрасіў сына з’ездзіць на Магілёўшчыну, у школу,  дзе старэйшы Случак вучыў, а малодшы вучыўся. Школа  была старая, выглядала бедна. Бацьку, было відаць, гэта не спадабалася. З хмурным тварам аглядаў ён класныя  пакоі, настаўніцкую. Але затым убачыў у калідоры  стэнд “Нашы ветэраны”, дзе — і яго фота. У ваеннай форме, бо Павел Міхайлавіч доўга яе насіў, пакуль, нарэшце, не прыдбаў цывільны касцюм.

— Вы ведаеце, як змяніўся ў бацькі твар! — успамінае  Якаў Паўлавіч. — Ён абняў маладога дырэктара школы і сказаў: “Якая змена ў нас вырасла, як традыцыі  захоўваюцца!”. Школу бацька  пакінуў задаволеным. І на зваротнай дарозе са сваім сябрам, інспектарам райана, які з намі  ездзіў, абмяркоўвалі, захапляліся, як гэта здорава, што шануюць ветэранаў.

І мой суразмоўца кіраваўся ў сваім дарослым жыцці  гэтым законам маральнасці і чалавечнасці.

Цікава, з карысцю ён бавіць час і цяпер, калі знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Па-першае, Я.П. Случак — як быў, так і застаецца членам  Камуністычнай партыі Беларусі.

— Мой бацька быў вельмі ідэйным. Магчыма, таму і я такім стаў, —  разважае Якаў Паўлавіч. Яго патрыятычнае выхаванне ў школьным узросце, рамантыка камсамольскага  юнацтва, грамадская актыўнасць, вера ў светлыя ідэалы… Усё гэта стала  асновай, падмуркам, на якім  будаваліся светапогляды і  маральнасць. Калі была распушчана КПСС,  ён не выкінуў, не  спаліў, не парваў выдадзены ў 1972 годзе партыйны білет. Наадварот, жаданне рабіць нешта добрае, актывізаваць грамадскую дзейнасць, займацца патрыятычным выхаваннем не давала сядзець на месцы. У 2013 годзе Случака выбралі першым сакратаром Нясвіжскай раённай партарганізацыі. І ён узяўся за справу, разабраўся са спісамі ўсіх, хто лічыўся ў партыі. Хто не хадзіў на сходы, не плаціў узносаў — выйшлі з яе. Прыйшла новая кагорта людзей, сфарміраваўся актыў. У арганізацыі тады налічвалася 56 чалавек, цяпер — больш за 80. Якаў Случак узначальваў яе да  2016 года, цяпер застаецца членам  райкама. Бывае ў розных калектывах, выступае перад людзьмі рознага  ўзросту: ад школьнікаў да пенсіянераў Нясвіж-скага дома-інтэрната. А з’яўляецца такая  нагода, калі едзе туды ў складзе хору ветэранаў працы “Аптымісты”. 12 гадоў  удзельнічае ў хоры. Падабаецца хадзіць на рэпетыцыі, ездзіць з канцэртамі. Іх там чакаюць, радуюцца сустрэчам,  размовам. Лічыць: трэба дарыць лю-дзям  прыемныя мінуты.

— Сынок, думай не толькі пра сябе, думай і пра людзей, — вучылі некалі мяне бацькі, — кажа Якаў Паўлавіч і стараецца выконваць іх запавет.

І песні ў яго  рэпертуары патрыятычныя,  грамадзянскага гучання. Яны надаюць упэўненасці, цвёрдасці духу, пачуцця абароненасці. Памятаеце: “Мужчины, мужчины, мужчины, к барьеру вели подлецов…”,  або: “…Мне подарила земля моя вечная, самая добрая и человечная…”, або: “Слава богу, мы в дороге, слава богу, мы в пути…”, або: “Я люблю тебя, жизнь…”. Саліруе з украінскай песняй “Ночачка месячна”, дуэтам з Соф’яй Уладзіміраўнай Лях спяваюць польскую “Пускай нам юность не вернуть…”. Так, юнацтва не вернеш. Пражытыя  гады назад не адматаеш. Сёлета на гарызонце — 75. Але што яны значаць, калі душа маладая?! Калі хапае жадання пагуляць з 4-гадовым унукам (дзядуля — не “цацка”,  дзядуля — таварыш), праверыць урокі ў старэйшай унучкі,  дагледзець сабаку, дапамагчы жонцы Веры Аляксееўне па хатніх справах. А хутка пачнецца дачны сезон — у Случакаў летнік у Квачах.

— Жыццё працягваецца. Колькі  наканавана — аднаму Богу вядома. Пакуль б’ецца сэрца — будзем жыць актыўна, — вось  такім пастулатам кіруецца Якаў Паўлавіч Случак.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

* “Ода на день восшествия на Всероссийский престол Ея

Величества Государыни

Императрицы Елисаветы Петровны 1747 года”.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі чытае Ламаносава, спявае ў “Аптымістах”: 1 комментарий

  • 22.02.2019 в 20:48
    Permalink

    Wszystkiego najlepszego , życzenia zdrowia i dobrego bicia serca..niech bije równo i jak najdłużej… a moja ulubiona pieśń chóru “OPTYMIST ‘ to- ALTANKA… pozdrawiam Nieświez

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.