Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

Насустрач II Еўрапейскім гульням. Пра допінг і здароўе

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 15.02.2019

У Мінску прайшоў рэспубліканскі навучальны семінар «Пытанні медыцынскага і антыдопінгавага забеспячэння II Еўрапейскіх гульняў 2019 года».

У яго рамках спецыялісты разгледзелі шырокі спектр пытанняў медыцынскага забеспячэння, у тым ліку ключавыя патрабаванні да медыцынскага забеспячэння турніру, антыдопінгавую праграму Гульняў, падрыхтоўку арганізацый аховы здароўя і службы хуткай медыцынскай дапамогі, закупку медыцынскага абсталявання, вылучэнне медыцынскага персаналу.



Першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначыў, што праведзена вялікая работа па арганізацыі медыцынскага і антыдопінгавага забеспячэння II Еўрапейскіх гульняў. «Прапрацавана канцэпцыя расстаноўкі сіл і сродкаў, задзейнічання спецыялістаў спартыўнай медыцыны і ў цэлым спартыўнай галіны, расказаў ён. — Ёсць новыя падыходы, якія заключаюцца ў тым, што будуць працаваць комплексныя брыгады па аказанні медыцынскай дапамогі спартсменам, а таксама гледачам на неспартыўных аб’ектах, у месцах пражывання. Чакаецца значны прыток замежных гасцей, аматараў спорту, таму планы мерапрыемстваў па медыцынскім забеспячэнні прахо-дзяць дэталізацыю. Зараз мы пераходзім да трэнінгаў».

Дзмітрый Піневіч таксама канкрэтызаваў планы па фарміраванні 50 змешаных медыцынскіх брыгад, якія будуць працаваць непасрэдна на спартыўных арэнах (у тым ліку і з гледачамі) і 50 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Іх дзеянні будуць каардынавацца. Акрамя таго, па словах прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, запланавана павялічыць колькасць брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, якія будуць працаваць у Мінску падчас Гульняў. Аднак ён адзначыў, што іх большая колькасць на форуме не адаб’ецца на якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Акрамя таго, ствараюцца медпункты ў месцах правядзення спартыўных мерапрыемстваў, на трэніровачных аб’ектах, у міжнародным экіпіровачным і акрэдытацыйным цэнтрах, у месцах работы прадстаўнікоў СМІ і на іншых аб’ектах. Плануецца, што некаторыя сталічныя ўстановы аховы здароўя будуць больш цесна інтэграваныя з Еўрапейскімі гульнямі.

Першы намеснік міністра нагадаў пра запланаваны ўвод у строй у I квартале бягучага года паліклінікі ў Вёсцы спартсменаў, якая стане шматпрофільным медыцынскім цэнтрам на час Гульняў. «Цэнтр ствараецца ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі па аказанні медыцынскай дапамогі атлетам у месцах пражывання спартсменаў. Зараз працягваем набываць абсталяванне. Асноўную ролю ў яго рабоце будуць адыграваць спецыялісты спартыўнай медыцыны. Уся інфраструктура, якая ствараецца для Гульняў, у далейшым будзе выкарыстоўвацца», — запэўніў Дзмітрый Піневіч.

Гаворачы аб антыдопінгавым забеспячэнні спаборніцтваў, ён адзначыў, што асноўная маса допінг-афіцэраў будзе працаваць непасрэдна ў Вёсцы спартсменаў. Пры гэтым на кожным спартыўным аб’екце ёсць месцы для забору допінг-пробаў, якія адпавядаюць міжнародным патрабаванням.

Дырэктар фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін адзначыў, што медыцынскае і антыдопінгавае забеспячэнне з’яўляецца адным з асноўных функцыянальных напрамкаў у падрыхтоўцы да такога буйнога мерапрыемства.

— Трэба разумець, што з пункту гледжання медыцынскага і антыдопінгавага забеспячэння мы бу-дзем знаходзіцца пад пільнай увагай шэрагу структур, уключаючы зноў створаныя. Напрыклад, у галіне антыдопінгу — гэта міжнародная незалежная тэсціруючая арганізацыя, прадстаўнікі якой будуць працаваць на Гульнях. Акрамя таго, у нас будуць працаваць незалежныя аглядальнікі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, якія падалі запыт на магчымасць размяшчэння ў Вёсцы спартсменаў. Гэта робіцца для таго, каб быць у гушчы падзей і ажыццяўляць кантроль за працэсамі, якія іх цікавяць, — расказаў кіраўнік дырэкцыі.

Мяркуецца, што на мультыспартыўным форуме ў Мінску лік допінг-пробаў перавысіць адну тысячу. У некаторых відах спорту атлеты пройдуць гэтую працэдуру некалькі разоў.

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ,

«Звязда».

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!