Ведаць гісторыю, традыцыі свайго народа – гэта важна! 21 лютага — Міжнародны Дзень роднай мовы

Поделитесь с друзьями

Кожнае новае пакаленне ў любым грамадстве выхоўваецца не толькі ў сацыяльных умовах, але і ў пэўным нацыянальным асяроддзі. На мой погляд, сучасныя дзеці павінны ведаць культуру і традыцыі сваіх продкаў, шанаваць агульначалавечыя каштоўнасці, быць сапраўд-нымі патрыётамі сваёй Радзімы і не саромецца роднай беларускай мовы.

Пачуццё патрыятызму шматграннае па змесце: гэта і любоў да родных мясцін, і гонар за свой народ, і адчуванне сваёй непарыўнасці з навакольным светам, і жаданне захоўваць і прымнажаць багацце сваёй краіны.

Асноўнай формай маральна-патрыятычнага выхавання дзяцей у нашай установе з’яўляюцца тэматычныя заняткі, конкурсы, афармленне выстаў.

Назіраючы за выхаванцамі падчас наведвання заняткаў, я заўважыла, што ім падабаюцца гульні, інсцэніроўкі, у якіх праслаўляецца наш край. Дзеці цікавяцца мінулым, захапляюцца народнымі традыцыямі.

Хачу падзяліцца тым, што створана ў нашай беларускамоўнай установе адукацыі, як выхоўваем па-беларуску мы, што запланавана на будучыню.

Па-першае, у нашай установе дашкольнай адукацыі існуе цікавы цыкл мерапрыемстваў “Чарадзейнае беларускае слова”. Іх мэта  — знаёмства з беларускай культурай, традыцыямі, абрадамі праз далучэнне дашкольнікаў да нацыянальных духоўных каштоўнасцей. Папка са сцэнарыямі ўвесь час папаўняецца новымі распрацоўкамі праведзеных мерапрыемстваў.

Мне, як кіраўніку, было вельмі прыемна падтрымаць прапанову бацькоў   аформіць і заўсёды папаўняць новай інфармацыяй і вырабамі “Беларускі куток” (на фотаздымку). Гэта дапамагае выхоўваць зацікаўленасць да агульначалавечай і нацыянальнай культуры, павагу да нацыянальных каштоўнасцей, садзейнічае пашырэнню ведаў аб навакольным свеце і аб самім сабе як прадстаўніку беларускай нацыі. Матэрыялы і вырабы з кутка выкарыстоўваюцца на занятках па адукацыйных абласцях “Чалавек і грамадства”, “Чалавек і прырода”, мастацтва “Аплікацыя”, “Маляванне”, “Музычная дзейнасць”. Дзеці знаёмяцца з прадметамі побыту, вопраткай, музычнымі прыладамі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам Беларусі, з традыцыямі беларускага народа.

Пры ўваходзе ў нашу ўстанову дашкольнай адукацыі можна заўважыць стэнд, які размешчаны дзеля таго, каб дзяліцца важнай інфармацыяй з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў, нагадваць ім пра беларускія святы, вучыць быць побач з намі і дапамагаць выхоўваць сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, ганарыцца сваімі мясцінамі і любіць сваю родную беларускую мову.

Наведваючы заняткі, размаўляючы з выхаванцамі, я заўважыла, што дзеці разумеюць не ўсе беларускія словы. Некаторыя з іх выклікаюць нават смех. Што такое “альтанка” і ці ёсць у вас “парасон”? Глядзяць на мяне выхаванцы, думаюць, мабыць, што Таццяна Іванаўна размаўляе на замежнай мове. Аднак, з кожным новым днём, увесь час размаўляючы на роднай мове, я пачала заўважаць, што дзецям падабаюцца  словы  “Дзякуй”, “Бывай”, “Калі ласка”, “Да пабачэння” і іншыя. На ўсім вядомае “Здравствуйте” нашы выхаванцы адкажуць: “Добры дзень”. “Парасон”, “альтанка” і многія іншыя словы ўжо таксама сталі для дзяцей знаёмымі і зразумелымі. з’я-вілася цікавасць да беларускага маўлення, беларускіх свят, ёсць вялікае жаданне ведаць гісторыю, традыцыі свайго народа.  Пры размове дзяцей з іх бацькамі я таксама заўважаю, што наша праца не праходзіць дарма. Бацькі  актыўна ўключаюцца ў выхаваўчы працэс, што немалаважна.

Важнай часткай работы ў гэтым накірунку з,яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі,  бо менавіта з адносін таты і мамы да роднай мовы, да сваёй Радзімы, да мінулага ў дзіцяці фарміруюцца першыя ўражанні і першая любоў да  мовы, да таго месца, дзе ён нарадзіўся.

На мой погляд, для выхавання патрыятызму вялікае значэнне маюць сямейныя экскурсіі па раёне, пасёлку, краіне. А ў нашым, Нясвіжскім, раёне ёсць шмат месцаў, куды можна  было б адправіцца ў сямейнае падарожжа.

Мы запланавалі яшчэ шмат цікавага.

Таццяна ЮНКЕВІЧ,

загадчык ДУА “Лявонавіцкі дзіцячы сад”.

 


Поделитесь с друзьями

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.