Меню
Курс $  3.13 | €  3.7 | ₽100  4 |
Погода 13 °C

Моладзь Нясвіжчыны. Калі душа жыве творчасцю

6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 03.03.2019

Ганна Віктараўна Лысенка працуе ў Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў. Яна загадвае тэатральным  аддзяленнем, якое аб’ядноўвае амаль трыццаць  выхаванцаўад пяці да чатырнаццаці гадоў. На рахунку педагога  тэатральных дысцыплін і яе калектыву “Раптам” за  апошні год шмат творчых перамог. Сярод іх — гран-пры Міжнароднага творчага  конкурсу “Мая мара”, які  праходзіў у Мінску і аб’яднаў артыстаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Украіны. У ім удзельнічала больш за тры тысячы  харэографаў, музыкантаў, мастакоў, тэатралаў.



У кастрычніку мінулага года юныя акцёры прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе мастацтваў  “Хрустальный василёк”, дзе ў сваёй  намінацыі сталі  сярэбранымі прызёрамі сярод  прэтэндэнтаў розных узростаў — самых творчых  і амбі-цыёзных артыстаў.

Вось што расказвае  пра сваіх выхаванцаў Г.В. Лысенка:

— Наш дзіцячы тэатральны  калектыў “Раптам” апошнім часам  выступаў з музычна-літаратурнай  кампазіцыяй “Голасам свайго пакалення”. Менавіта так гучыць назва пастаноўкі, падрыхтаванай па творах Паўлюка Пранузы. Для пастаноўкі нумара  патрэбен быў працяглы час. Дзеці самі загадзя перачытвалі творы гэтага знакамітага паэта Нясвіжчыны, які прайшоў ўсе жудасці ваенных гадоў, але застаўся  аптымістычным і шчырым у сваіх вершах, прасякнутых патрыятызмам. Наша пастаноўка ўпершыню ўбачыла свет у Нясвіжы, у раённай бібліятэцы на адным з мерапрыемстваў, прысвечаных ганароваму  грамадзяніну горада Нясвіжа Паўлюку Пранузу.

А далей, адчуўшы падтрымку гледача, параіўшыся са сваімі выхаванцамі, я вырашыла, што з гэтай тэмай  трэба ісці наперад, вынесці яе  на міжнародны ўзровень. Шматлікія рэпетыцыі, здаровая канкурэнцыя — і пра наш маленькі Нясвіж даведалася яшчэ больш людзей з розных краін. Здавалася, мы  выканалі пытанне-просьбу самога паэта, які пісаў:

“Я вясну малюю,

Але сам бядую.

Як падаць мне песні

Жаўранкаў у высі?

Як падаць мне пахі

Траў, што разрасліся?

Як намаляваць мне,

Што спявае вецер?

Можа, у вас ёсць фарбы?

Дайце мне іх, дзеці.”

Якраз дзеці Нясвіжчыны і з’явіліся прадаўжальнікамі, веснікамі твораў свайго  земляка. У пастаноўцы “Голасам  свайго пакалення” маленькія артысты выходзяць на сцэну басанож, кожны іх рух, кожнае слова верша не проста зрываецца з вуснаў, юныя артысты пражываюць кожны радок  на сцэне… на працягу  пятнаццаці хвілін — менавіта столькі  доўжыцца нумар, які агортвае гледача сваёй складанай сюжэтнай кампазіцыяй.

Вынік нашай агульнай работы, вядома, парадаваў і дзяцей, і іх бацькоў. Тым больш, што падчас апошняга паспяховага  выступлення ў сталіцы нашай рэспублікі мы  атрымалі запрашэнне на ўдзел у Маскоўскім праекце.

Ганна Лысенка са сваімі выхаванцамі на адным з конкурсаў у Мінску

Так, у канцы сакавіка выхаванцы Ганны Віктараўны рыхтуюцца выйсці на новы рубеж — прыняць удзел у Міжнародным шматжанравым фестывалі-конкурсе “Увеличительное стекло”, які прой-дзе ў Маскве, куды, акрамя іх, запрошаны дзіцячыя і маладзёжныя творчыя  калектывы і салісты ўсіх жанраў і накірункаў розных узростаў і з розных краін свету.

Ці хвалююцца Ганна Віктараўна і яе выхаванцы?

Вядома, так! Яны — за яе, каб не расчараваць педагога, яна — за іх і тую адказную місію, якую яшчэ трэба будзе выканаць дзецям.

Сама Г.В. Лысенка вельмі задаволена, што мае магчымасць працаваць з тымі, з кім  знайсці агульную мову можна   толькі тады, калі іх любіш і верыш, як сабе.

Сама яна ўспамінае, што расла творчай  асобай. І хаця бацькі  раілі ёй выбраць іншую прафесійную сцежку, Ганначка лічыла любоў да  творчасці практычна дыягназам.

Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны  каледж мастацтваў “з адзнакай”,  паступіла  на завочнае аддзяленне Беларускага  дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. На працягу вучобы працавала педагогам-арганізатарам у гімназіі, пазней — памочнікам галоўнага рэжысёра масавых мерапрыемстваў.

Калі стаў выбар — Гродзенскі драмтэатр ці Нясвіжскі  РЦК, выбрала наш  маленькі райцэнтр.

— Гэта так цудоўна, што маленькі Нясвіж,  дзе сканцэнтравана столькі маладых таленавітых людзей, здзіўляе сваёй культурай іншыя  гарады, краіны, — упэўнена адзначае Ганна Віктараўна.

Нарадзіўшыся на цалінных землях, дзе раней жыла яе сям’я, дзяўчына ўсёй душой за апошняе дзесяцігоддзе прырасла да Нясвіжчыны. У мінулым засталіся ўспаміны пра краіну кавуноў, дынь і штогадовай засухі. Беларусь, краіна яблыкаў, якія ў Казахстане лічыліся  далікатэсам, стала для яе  роднай. А Нясвіж, які  раней у вучаніцы Пагарэльцаўскай школы асацыіраваўся з удзелам у прадметных  алімпіядах,  спаборніцтвах па лыжных гонках, цяпер і сапраўды пера-тварыўся ў маленькі Парыж. Яе тэатральныя  мімы, хоць і з французскімі каранямі, але ўсё ж — беларускія. Ужо сем гадоў запар несвіжане і госці горада з задавальненнем глядзяць на мерапрыемствах на выступленні  гэтых акцёраў сатырычнага фарсу. Дарэчы, у снежні мінулага года “Творякам” прысвоена званне народнага аматарскага калектыву.

Мімаў і “залатых людзей з Нясвіжа” (жывыя скульптуры) Ганны Лысенка любяць несвіжане і госці горада. Многія хочуць бачыць іх у асабістых фотагалерэях
і робяць здымкі на памяць

А прызёраў і пераможцаў розных конкурсаў “залатых людзей з Нясвіжа” (менавіта так беларусы з розных куточкаў краіны называюць тэатр  жывых скульптур створаны  пры тэатральнай студыі маладзёжнага  цэнтра пад кіраўніцтвам  Ганны Лысенка),  упрыгожваюць  мерапрыемствы самага  рознага маштабу і ўзроўню. Вобразы, якія стварае  рэжысёр твораў, самыя розныя — ад казачных эльфаў, літаратурных вобразаў беларускіх песняроў  да грэчаскіх багінь і герояў Вялікай Айчыннай, памяць аб якіх увекавечана ў помніках.

Чаму такі маштаб розных тэм у яе рабоце, запытаеце вы? Адказ  просты. Тэма вайны — таму  што памяць пра тых, дзякуючы каму мы жывём,  павінна жыць. Ганна Віктараўна  не забываецца, што абодва яе дзядулі ваявалі.

Літаратурныя героі Песняроў беларускага слова — душа нашага народа. І як без яе?

А дзеці, з якімі яна працуе — гэта тое, для чаго дарослы чалавек жыве на  зямлі: каб любіць, песціць, выхоўваць, лічыць яна. Бо так заўсёды рабілі яе бацькі.

Іна ВАСІЛЕВІЧ. 

Фота аўтара

і з архіва Г.В. Лысенка

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!