У Мінскай вобласці аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Пройдзе ён і ў Нясвіжскім раёне

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Згодна з распараджэннем старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта А.М. Ісачанкі  “Аб правядзенні месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый”, ён аб’яўлены  ў нашай вобласці з 1 па 30 красавіка.

Аналагічны месячнік пройдзе ў Нясвіжскім раёне.

Падчас яго працоўным калектывам, грамадзянам  неабходна прыкласці  максімум намаганняў і зрабіць нашу зямлю  чыстай і прыгожай.

Работы давядзецца выканаць  шмат. З праезджай часткі вуліц неабходна  змесці рэшткі пяску, які тут застаўся з зімы. Прыбраць усе замацаваныя тэрыторыі: абрэзаць галінкі дрэў і кустоў, падгрэбці бурае лісце і пажухлую траву,  вырваць сухія сцябліны пустазелля, калі яны дзе затрымаліся з восені. З тэрыторый вывезці непатрэбныя  рэшткі будматэрыялаў, рознае  ламачча, металалом, а патрэбнае саскладзіраваць усё  акуратна, каб яно не мазоліла вочы і не выклікала непрыемных эмоцый. Адрамантаваць агароджы ці паставіць новыя. Пафарбаваць, пабяліць. Усё павінна вы-глядаць па-гаспадарску, дыхтоўна. У раёне працягваецца знос старых хат, якія не маюць гаспадароў. Іх сядзібы таксама трэба давесці да ладу. Парадак павінен быць  ва ўсім.

Дарэчы, даная акалічнасць  вельмі яскрава характарызуе як спецыялістаў, кіраўнікоў, так і асобных грамадзян, калі размова  датычыць сядзібных участкаў ці дваровых тэрыторый каля  шматпавярховых жылых дамоў. Вельмі добра, калі гаспадары прыбяруць не толькі свой падворак і тэрыторыю вакол сваёй сядзібы, але і суседняй, дзе, магчыма, на даведзены момант ніхто не жыве. Гэта надасць акуратны выгляд усёй вуліцы і, урэшце рэшт, — усёй вёсцы.

Пэўную ўвагу неабходна ўдзяліць помнікам загінуўшых у вайну, магілам загінуўшых падчас  Вялікай Айчыннай і воінаў-“афганцаў”. Сёлета, у год 30-годдзя з дня вываду савецкіх войск з Афганістана, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта — святы абавязак кожнага  з нас, жэст вялікай павагі і пашаны да памяці людзей, што аддалі сваё  жыццё дзеля міру, свабоды і чалавечай годнасці.

Значны аб’ём работы выконваюць пасялковы і сельскія  Саветы на грамадзянскіх могілках. А хто за іх не ўзяўся ўшчыльную, той хай бярэ прыклад з лепшых,  вучыцца ўтрымліваць  месцы вечнага спачыну ў належным стане. Кожны з нас павінен  прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх. І прыгледзьцеся: калі да чыесьці магілы  даўно ніхто не прыязджае — прыбярыце ў агароджы, вакол яе, вырвіце траву, змяціце пясок. Будзьце добрымі і міласэрнымі.

Для  збору смецця з могілак каля іх абсталяваны спецыяльныя  пляцоўкі, пастаўлены кантэйнеры. На жаль, некаторыя несвядомыя  грамадзяне выкарыстоўваюць іх для сваіх цвёрдых бытавых адходаў. У раённай інспекцыі  прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  нам расказалі наступны  факт. Грамадзянін, жыхар Нясвіжа, вывез у кантэйнер на могілках вёскі Рудаўка макулатуру — кардонныя  ўпаковачныя каробкі (?!). Яго дзеянні класіфікуюцца як адміністрацыйнае парушэнне, згодна з арт. 15.63, ч.2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб  адміністрацыйных правапарушэннях. На віноўнага  быў накладзены штраф. Дарэчы, названым вышэй артыкулам прадугледжаны штраф да 50 базавых велічынь. Неабходна  строга захоўваць  правілы збору адходаў, пазбаўляцца ад іх тады, калі да вас прыедзе  спецыяльная машына Нясвіжскай ЖКГ. Графікі збору і вывазу  цвёрдых бытавых адходаў  па Нясвіжы і астатніх населеных пунктах зацверджаны, хто не ведае  пра іх ці забыўся — можа  патэлефанаваць у ЖКГ. З жыхарамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі  камунальная служба заключыла 99 % дагавораў, паведаміў начальнік райінспекцыі  прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  Юрый Грынкевіч. Гэта — максімум. Так што няма праблем пазбавіцца  ад смецця ў патрэбным месцы і ў патрэбны час.

Давайце змагацца за чысціню і парадак разам!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.