Вера Сямёнаўна ЧЫСЦЯКОВА, жыхарка г. Нясвіжа: “Для мяне, расіянкі, Нясвіж стаў родным домам”

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

— Я  прыехала ў наш горад разам з мужам у 1984 годзе. Як кадравы ваеннаслужачы, ён тады атрымаў накіраванне сюды на службу, і так наша сям’я Чысцяковых, ураджэнцаў расійскага Варонежа, увайшла ў лік жыхароў Нясвіжа.

Горад нам спадабаўся адразу. І калі ў няпростыя 90-я перад намі паўстаў выбар — заставацца тут ці пераязджаць на радзіму, мы ўсё ўзважылі і засталіся. Муж стаў ваеннаслужачым беларускай арміі, у нас было жыллё, у мяне — работа, у Нясвіжскім (на той час) педвучылішчы вучыўся сын. Мы не рашыліся парушыць усе тыя сувязі, якія злучылі нас з Нясвіжам, і ніколі аб гэтым не пашкадавалі. У нас абаіх у Варонежы ёсць браты і сёстры, там магілы бацькоў, там нашы карані. І ў самой расійскай сталіцы ў нас таксама жывуць самыя родныя людзі — дачка з сям’ёй, брат мужа з сям’-ёй — цэлая сямейная дыяспара. І, дзякаваць Богу, мы заўсёды можам без праблем наведаць іх, а яны — нас. Кожны год прыязджае ў госці сястра з Варонежа, і ёй таксама вельмі падабаецца Нясвіж.

Хачу адзначыць, што, калі сама прыязджаю да сястры ў свой родны Варонеж, то з гонарам за сваю другую радзіму бачу там беларускіх “землякоў” — смакату вытворчасці “Савушкіна прадукта”, любімы многімі хлеб “Нарачанскі”, які прывозяць у магазіны замарожаным, там разаграваюць і пакупнік атрымлівае яго цёпленькім, нібы з печы, пінскую мэблю і многае іншае. Усё гэта, асабліва прадукты харчавання, карыстаецца добрым попытам і хутка раскупляецца.

Для ўсёй нашай сям’і Расія і Беларусь заўсёды былі адзінымі, мы заўсёды адчуваем падтрымку як беларускай, так і расійскай зямлі. Калі гаварыць пра радзіму як месца, дзе ты нарадзіўся, то мая радзіма, вядома, Варонеж, а Нясвіж для мяне — родны дом, у якім цёпла, утульна і спакойна. І з гадамі я адчуваю гэта ўсё больш.

Запісала Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 11
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.