Ян Марыя Бернардоні: след Італіі ў Беларусі

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 13
  • 2
  •  
  •  
  •  

Тэатральная зала замка Радзівілаў нядаўна зноў стала месцам правядзення знакавага гісторыка-культурнага мерапрыемства: тут адбыўся семінар “Ян Марыя Бернардоні ў кантэксце культурных сувязей Сардзініі і Усходняй Еўропы”. 

Падчас урачыстага ад-крыцця семінара яго ўдзельнікаў прывіталі дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў,  Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь на Сардзініі, каардынатар праграм па супрацоўніцтве Італіі і Беларусі Джузэпэ Карбоні і дырэктар цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Самуйліч.

Нагадаем, што італьянскі архітэктар, прадстаўнік стылю ран-няга барока, езуіцкі манах Джавані (Ян) Марыя Бернардоні нарадзіўся каля 1541 г. у Паўночнай Італіі і памёр у 1605 г. у польскім Кракаве.

Пра Бернардоні і яго ролю ў езуіцкай архітэктуры на Сардзініі расказвае прафесар Джорджа Пелегрыні

Адразу пасля прыняцця ў ордэн Бернардоні накіраваўся на будаўніцтва галоўнага храма езуітаў — касцёла Іль-Джэзу — і працаваў тут, не лічачы кароткіх ад’ездаў у іншыя гарады Італіі, на працягу 1564 — 1571 гадоў.  Потым ад пачатку 1572 да канца наступнага года ён знаходзіўся ў Чывіта Сан-Анжэла на тэрыторыі Абруца, падпарадкаванай неапалітанскай правінцыі ордэна езуітаў.

З 1573 г. на працягу чатырох гадоў Бернардоні працаваў у правінцыі Неапаль. Тут разгортваліся работы пры будоўлях касцёла Джэзу ў самім Неапалі, а таксама ў горадзе Леча касцёла Джэзу і Марыі і дома езуітаў-прафесаў. З 1575 г. яму даручылі нагляд за ўсімі будоўлямі Неапалі-танскай правінцыі.

У 1577 г. архітэктар быў прызначаны на востраў Сардзінія (адкуль і прыехалі ўдзельнікі семінара з італьянскага боку).

Спявае харавы калектыў “De Su Cunsonu Santu Juanne”

Далей яго шлях пралёг у Рэч Паспалітую. Па дарозе ў Нясвіж Бернардоні затрымаўся на 3 гады (з 1583 па 1586-ы) ў Польшчы: пабыў некаторы час у Познані, даўжэй у Любліне з кароткім выездам у Каліш. Ва ўсіх гэтых месцах ён праектаваў калегіумы, але ў Любліне застаўся пры будоўлі. Тут ён выканаў яшчэ некалькі праектаў, пачаў будаўніцтва касцёла.

Пасля шматразовых напамінкаў князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі  ў сярэдзіне 1586 г. архітэктар прыбыў  у Нясвіж і адразу прыступіў да галоўнай працы ў сваёй творчасці — праектавання касцёла езуітаў. Адначасова яму даручылі кіраваць будаўніцтвам ужо за-праектаванага ў Рыме калегіума. Работа ішла хутка: праект касцёла быў скончаны ў тым жа 1586 годзе, у наступным закладзены фундамент, а ў 1590 г. ужо можна было ўзводзіць купал. 1 верасня 1593 г. у гатовым касцёле справілі першае набажэнства, а 7 кастрыч-ніка 1601 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела, але ўжо без архітэктара.

Кіраўніцтва будоўляй калегіума Ян Бернардоні здзяйсняў у два этапы. Першы заняў 1586 — 1588 гады, потым архітэктар цалкам быў заняты на работах пры касцёле, а з 1593 да 1599 года зноў займаўся калегіумам. Ужо ў 1596 г. Дж. Бернардоні паслаў запыт да генерала ордэна па новае прызначэнне, палічыўшы асноўную сваю дзейнасць у Нясвіжы завершанай. Яму прыпісваецца аўтарства яшчэ некалькіх пабудоў у самім Нясвіжы і ў ваколіцах, але дакументальных доказаў гэтаму няма.

З дакладам, прысвечаным Нясвіжскаму езуіцкаму калегіуму, выступае старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка “Нясвіж” Аляксандр Яраш

У маі 1599 г. Дж. Бернардоні прыехаў у Кракаў, каб кіраваць будаўніцтвам вялікага езуіцкага касцёла Пятра і Паўла, якое было завершана ў 1608 годзе, ужо пасля яго смерці.

У 1984 г. беларускім даследчыкам Г. Галенчанкам у аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя Уладзіміра Вярнадскага ў Кіеве адкрыты зборнік архітэктурных чарцяжоў XV I — XVII ст., якія тычацца Беларусі. Некаторыя спецыялісты (Г. Галенчанка, Т. Габрусь) лічаць, што большая частка арыгінальных чарцяжоў у ім выканана самім Дж. Бернардоні.

Ёсць падставы меркаваць пра ўдзел Дж. Бернардоні як матэматыка і астранома ў стварэнні радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага, апублікаванай у 1613 г.

Падчас работы семінара гучала і іншая цікавая інфармацыя. З навуковымі дакладамі тут выступілі прафесар, спецыяліст па гісторыі мастацтва, арт-крытык Джорджа Пелегрыні з італьян-скага Кальяры, які расказваў пра Бернардоні і яго ролю ў езуіцкай архітэктуры на Сардзініі ў 1578 — 1583-м гадах, і старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка “Нясвіж” Аляксандр Яраш. Яго даклад быў прысвечаны Нясвіжскаму езуіцкаму калегіуму, яго гісторыі, вувучэнню і перспектывам даследавання.

Перанесціся ў эпоху Бернардоні прысутным у зале дапамаглі не толькі навуковыя выкладкі, але і цудоўны музычны сюрпрыз, падрыхтаваны арганізатарамі мерапрыемства: перад удзельнікамі семінара выступіў харавы калектыў “De Su Cunsonu Santu Juanne” з горада Тыезі, што на Сардзініі, які спявае ў стылі тэнорэс. Гэты стыль сардзінскіх спеваў нарадзіўся яшчэ ў дахрысціянскую эпоху ў асяроддзі сялян-пастухоў. Ён выкарыстоўваўся ва ўсе перыяды гісторыі, але асабліва папулярнымі сталі рэлігійныя песні стылю тэнорэс у ХVІ стагоддзі. Іх мог чуць і Ян Марыя Бернардоні падчас свайго знахо-джання на Сардзініі.

У 2005 спеў тэнорэс быў унесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА як узор унікальнасці і прыгажосці. Дзякуючы ансамблю “De Su Cunsonu Santu Juanne”, гэты спеў змаглі пачуць і нясвіжскія слухачы. Госці з Сардзініі прадставілі рэлігійныя і свецкія песні на розных дыялектах сардзінскай мовы.

Каб даць хоць некаторае ўяўленне аб незвычайным гучанні чатырох галасоў,  якія запоўнілі сабой усю прастору Тэатральнай залы, можна патлумачыць, што падобны прынцып выканання чуецца ў спевах тыбецкіх манахаў, дзе таксама задзейнічаюцца сапраўдныя і несапраўдныя галасавыя звязкі. Саліст тут задае рытм і танальнасць, а бас, барытон і   кантральта ствараюць яго многагалосае афармленне, якое, зразумела, лепш адзін раз пачуць, чым шмат разоў пра яго прачытаць.

Падчас работы семінара

Глыбокую гістарычнасць спеваў тэнорэс яскрава прадэманстравала кампазіцыя “Sоs tres res”, назву якой нават нельга даслоўна перакласці, таму што словы настолькі старадаўнія, што ім няма аналагаў у сучаснай італьянскай мове. Прыкладна гэту песню называюць “Тры каралі”. Яна выконваецца ў гонар трох валхвоў, якія прынеслі дары да пячоры, дзе нарадзіўся Езус. Як правіла, выканаўцы прыходзяць з гэтай песняй  у дом маладажонаў, каб пажадаць ім здароўя і дабрабыту, а таксама да людзей сталага веку і хворых, каб пажадаць ім хутчэйшага паправунку. Пазнавальная інфармацыя суправаджала кожную кампазіцыю, і гэта рабіла выступленне калектыву яшчэ больш цікавым.

У заключэнне семінара і госці з Італіі, і яго арганізатары з Беларусі выказалі намер аб прадаўжэнні сумеснай работы, таму што яна, безумоўна, паслужыць на агульную карысць і дапаможа павялічыць навукова-культурны патэнцыял абедзвюх краін.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 13
  • 2
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.