Жыццёвыя ўрокі Алены Андрэеўны

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Гісторыя Беларусі, у тым ліку гісторыя нашага раёна, складаецца з лёсаў многіх-многіх людзей. Спецыялістаў, кіраўнікоў, радавых рабочых і служачых,  творчых асоб. У гэтым шэрагу яркай  зорачкай свеціцца імя нашай  зямлячкі Алены Андрэеўны  Сцепановіч, Героя Сацыялістычнай Працы,  узнагароджанай  двума ордэнамі Леніна, ордэнам  Кастрычніцкай Рэвалюцыі,  ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа, былога аператара па вырошчванні парасят СВК “Агракамбінат Сноў”. Яна была ўдзельніцай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве, прывезла  з яе два залатыя медалі, адзін бронзавы і аўтамабіль “Масквіч”.

Землякі ганарыліся Аленай  Сцепановіч. У 1980 годзе яе выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета  БССР. У 1986-м — дэлегатам ХХХ з’езда КПБ. Была і членам бюро Нясвіжскага  райкама партыі.

Пры такой актыўнай  грамадскай дзейнасці яна заўсёды на “выдатна” выконвала  свае непасрэдныя абавязкі: даглядала матачнае пагалоўе  свіней на ферме “Горны Сноў”, атрымлівала парасятак, сем тыдняў глядзела іх, затым перадавала  на дарошчванне.

У год яна атрымлівала 1300—1500 парасят. Гэты паказчык у 70-я гады быў вельмі высокі, таму і заслужыла Алена Андрэеўна высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Алена Андрэеўна пайшла з жыцця амаль сем гадоў таму. Яна была прыкладам вялікай працавітасці, добрасумленнасці, адданасці сваёй справе.

Алена Андрэеўна Сцепановіч

Яе працоўны шлях пачынаўся з паляводства ў роднай вёсцы Малаеды, што ўваходзіла тады ў калгас “Дружба”. Дзяўчына любіла зямлю,  размеранае вясковае жыццё. Таму пасля  сямі класаў пайшла працаваць у калгас (сярэднюю  адукацыю набыла пазней, у вячэрняй школе). 14-гадовая, яна побач  з дарослымі ўручную сеяла, палола, убірала буракі, ірвала лён, сярпом жала збажыну або вязала снапы за жняяркай.

Калі іх сям’я пераехала ў Горны Сноў, Алена разам з маці хадзіла на палявыя работы. Саўгас  далучылі да калгаса імя Калініна. У 1959-м годзе Алене прапанавалі стаць свінаркай. Ёй толькі-толькі споўнілася васямнаццаць. Вучылася ўсяму і была вельмі  ўдзячна сваёй настаўніцы Станіславе Іосіфаўне Драчан — вопытнай свінарцы, узнагароджанай за рупнасць ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Станіслава Іосіфаўна вучыла маладую работніцу ўсім прамудрасцям.

Працаваць было вельмі цяжка, бо ўсё рабілася ўручную. Свінаркі  чысцілі клеткі, на тачках вывозілі гной з памяшкання, з вуліцы заносілі салому на  падсціл. Тае ж было і з кармленнем:  усё — на сабе, усё — уручную. Для свінаматак — “дарослы” корм,  для маленькіх — цёплае малако з кароўніка.

Асабліва адказнае месца ў гэтым  кругавароце спраў займалі  апаросы свіней, якія прымалі свінаркі. А свінаматак у Алены Андрэеўны  спачатку было 42, пасля — 56. І кожнай патрэбны былі яе ўвага і клопат. Рабочы дзень  доўжыўся з палавіны пятай раніцы да  дзевяці вечара. Ратавала тое, што  ў Алены Сцепановіч быў надзейны “тыл”: да яе клопатаў з разуменнем ставіліся свякроў і муж, Анастас Васільевіч. І жанчына падкрэслівала: яе дасягненні — гэта здабытак усёй іх сям’і.

Пазней на ферме зрабілі  рэканструкцыю: паставілі  транспарцёры для выдалення гною, якія пазней замянілі на рашоткі, аўтапаілкі для свіней і парасят, падвялі  ў свінарнік гарачую ваду. Наступі-ла хоць якая палёгка.

Мы часта сустракаліся з Аленай Андрэеўнай — і тады, калі яна была на рабоце, і пазней, калі ўжо выйшла на пенсію. Яна з цеплынёй называла жанчын, разам з якімі несла нялёгкую працоўную ношу: Алу Мацкевіч, Зінаіду Авер, Раісу Шумейка, Соф’ю Жаўняровіч, Надзею і Вольгу Драчан.

Да яе на ферму прыходзілі на экскурсію школьнікі, і яна расказвала ім, як важна любіць жывёлу, любіць сваю прафесію.

Ганарылася яна і сваёй  сям’ёй: дачкой Аксанай, унукамі  Таццянай і Сяргеем, любіла зяця Івана.

Плануючы падрыхтоўку гэтага матэрыялу, я папрасіла яе  дачку Аксану Бабок, якая таксама працуе ў агракамбінаце, расказаць пра маму, успомніць нейкія асаблівыя  моманты з іх сумеснага жыцця.

— Я з дзяцінства была з мамай на ферме. Недзе ў пяцігадовым  узросце неяк нават заснула ў  клетцы, мабыць, змарылася. А падрасла — заўсёды ёй дапамагала. У школе пыталіся, як дзеці правялі летнія канікулы. І я адказвала: “Працавала  ў мамы на ферме”, — расказвае Аксана Анастасьеўна. — Я навучылася добра плаваць, ездзіла на  розныя спаборніцтвы. З дзевяці гадоў пачала бегаць крос на  паўтара кіламетра, выступала  на раёне, а з 11—12 гадоў удзельнічала  ў школьных спаборніцтвах на рэспубліканскім узроўні. Мама  была вельмі задаволена, што я  займаюся спортам.

На пенсію Алена Андрэеўна выйшла ў 1999-м годзе. Тані было шэсць гадоў, Сярожу — тры. Алена Андрэеўна актыўна  ўдзельнічала ў іх выхаванні. бывала і ў школе, і ў дзіцячым садку. Калі Таня паступіла пазней  на платнае навучанне, супакойвала дзяцей: “Нічога, як-небудзь адвучым”. Сяргей пасля 9-і класаў паступіў — бабуля  перажывала: “Як жа ён там будзе ў інтэрнаце жыць?..”. Калі хлопец  завітаў дамоў, убачыла: стаў самастойным. Адлягло ў жанчыны  ад сэрца. А ў Сяргея першае пытанне было: “Бабулька, што табе дапамагчы?”. Спагадлівая, памяркоўная, яна вучыла гэтаму сваіх родных. І ў пажылым узросце адчула ў поўнай меры іх клопаты, ласку і цеплыню.

 

“Напэўна, кожны з нас, калі прыходзіць да пэўнага ўзросту, задумваецца: ці  склаўся яго лёс? Я лічу, што ў мяне — склаўся. Агракамбінат дапамог пабудаваць дом, падвесці газ, мне прысвоілі  званне ганаровага работніка  гаспадаркі… У мяне добрыя дачка і зяць, якія працуюць тут жа, двое цудоўных унукаў…”

А.А. Сцепановіч,

Герой Сацыялістычнай

Працы.

 

— Вучыла мама мяне сямейнаму жыццю, — падкрэслівае Аксана Анастасьеўна. — Каб захаваць добрыя адносіны, недзе трэба і ўступіць, казала. І мужа  майго Ваню любіла, перажывала за яго (Іван Бабок працаваў у агракамбінаце “Сноў” вадзіцелем. — Аўт.). “У мяне не толькі  дачка, але і сын”, — гаварыла мама.

Алена Андрэеўна вучыла дзяцей і правільна гаспадарыць. Яны трымалі па дзве свінаматкі, добра  што вялікі хлеў гэта дазваляў. А калі трэба было купіць сабе  свінку, ішла з Аксанай на базар, прыдзірліва выбірала жывёліну, расказвала, на што трэба звярнуць увагу.

— А наогул, пакуль мама працавала на ферме, мяне больш глядзеў бацька, — працягвае  мая суразмоўца. — Распарадак яго рабочага дня дазваляў. Пакорміць, у дзіцячы садок завядзе, з садка забярэ. Пазней касіць вучыў, дрэвы ў садзе абразаць, цвікі  забіваць. Сцвяр-джаў: “Ты павінна гэта ўмець, у жыцці спатрэбіцца”. І сапраўды:  праз год пасля мамы пайшоў з жыцця мой муж. І мае навыкі  спатрэбіліся.

Алена Андрэеўна была вельмі сціплай. Яна, Герой  Сацыялістычнай Працы і дэпутат  Вярхоўнага Савета, мела льготу на бясплатны праезд. Але ні адзін талон  са спецыяльнай  кніжачкі не быў зрасходаваны, расказвае дачка. А калі ў Нясвіжскай раённай бальніцы яе змясцілі ў аднамесную палату, жанчына саромелася ад такой увагі.

— Мне яе вельмі не хапае, — са смуткам кажа Аксана  Анастасьеўна. — І часам ахоплівае такая маркота…

На магіле Алены Андрэеўны заўсёды стаяць кветкі. Яе не забываюць родныя, сябры, калегі. Штогод напярэдадні  Дня жанчын — 8 Сакавіка — у Снове праходзіць  баскетбольны турнір памяці Героя  Сацыялістычнай Працы А.А. Сцепановіч.

Не стаў выключэннем і сёлетні сакавік. У нядзелю прайшоў чарговы, 38-ы па ліку, турнір баскетбалістаў. Пра яго мы раскажам у бліжэйшых нумарах газеты.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва рэдакцыі.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.