Ансамблю песні “Элегія” — 10 гадоў. У раённым цэнтры культуры прайшоў святочны канцэрт

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 37
  •  
  •  
  •  
  •  

У раённым цэнтры культуры прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны 10-годдзю з дня стварэння ансамбля песні “Элегія”.

10 гадоў — тэрмін па гістарычных мерках зусім невялікі, аднак за гэты час калектыў паспеў заваяваць трывалую любоў і захапленне слухачоў. А пачыналася ўсё ў 2009 годзе ў колішнім ДК “Камунальнік”, у будынку якога зараз размяшчаецца гарадскі маладзёжны цэнтр. Мастацкім кіраўніком гэтай установы тады была Тамара Прыгун — прафе-сійны музыкант, аўтар уласных песень. Тамары Міхайлаўне заўсёды падабалася ствараць нешта новае, адметнае, з арыгінальным творчым “тварам”, і пры падтрымцы тагачаснага намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Майсені ў “Камунальніку” з’явіўся новы калектыў, які аб’яднаў людзей паважанага ўзросту, аматараў музыкі і спеваў. Яго назву кіраўнік абмяркоўвала з усімі ўдзельнікамі, і прыгожае паэтычнае слова “Элегія” прыйшлося калектыву даспадобы. Цікава тое, што ў строгім сваім сэнсе “элегія” азначае твор сумнага, задуменнага зместу, пранікнуты мінорным настроем, аднак рэпертуар ансамбля выходзіць далёка за рамкі сваёй назвы. Удзельнікі калектыву — людзі ўмудроныя і стрыманыя, якіх ужо цяжка нечым здзівіць, самі зусім не страцілі здольнасці здзіўляць іншых. Лірычныя рамансы, беларускія, рускія, украінскія і нават польскія народныя і аўтарскія песні, аздобленыя арыгінальнымі падтанцоўкамі, зараз арганічна спляліся ў рэпертуары “Элегіі” ў шматколернае музычнае палатно, у якім кожны малюнак — яскравы, кожная фарба — запамінальная. Зараз “Элегія” базіруецца ў РЦК, і ёй заўсёды рады на многіх музычных імпрэзах рознага ўзроўню — ад раённага да рэспубліканскага.

З юбілеем калектыў віншуе начальнік аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Круглік

 

З днём нараджэння калектыў і яго кіраўніка шчыра віншавалі начальнік аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Круглік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Іван Кендыш, першы сакратар Нясвіжскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марына Шаўчук, якая зачытала прывітальны адрас ад імя абласной арганізацыі КПБ, старшыня прафкама Нясвіжскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў” Дзіна Храмогіна, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Галіна Галабурда, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знахо-джання для пажылых людзей Нясвіжскага РТЦСАН Галіна Бушмакіна, галоўны бібліятэкар ад-дзела абслугоўвання і  інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Валянціна Шчарбакова, кіраўнік хору, ветэранаў працы “Аптымісты” Ірына Латушка, удзельнік гэтага ж хору, які стаяў ля вытокаў ансамбля “Элегія”, Барыс Вятлугін.

А калектыў-юбіляр тым часам радаваў сваіх прыхільнікаў разнастайнымі музычнымі нумарамі. Гледачы шчыра апладзіравалі цэламу складу ансамбля, яго квінтэту і сікстэту, мужчынскай вакальнай групе, дуэтам Уладзіміра і Тамары Прыгун,  Івана і Любові Шухно, салістам Яўгеніі Петручэня, Барысу Юшко, Надзеі Разумка, Марыі Чэркас. У іх выкананні гучалі творы, якія прайшлі праверку часам і ўвайшлі ў залаты фонд песеннай культуры — рамансы “Ямщик, не гони лошадей”, “Ночь светла”, “Утомлённое солнце”, аўтарскія “Старый клен”, “Ивушки”, беларускія песні “Быў у мяне сівы конь”, “Гавары мне, гавары” і многія іншыя. Асобным яскравым сюрпрызам стала славутая “Падае снег”, якая ў свой час пакарыла свет голасам французскага спевака Сальватора Адамо. У перакладзе на рускую мову яна прагучала ў выкананні дуэта Уладзіміра і Тамары Прыгун. А тое, што таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім, па-цвердзіў той факт, што зала горача вітала не толькі музычныя выступленні ансамбля, але і нумары з мастацкім чытаннем, якое прадэманстравалі Яўген Касмовіч і Уладзімір Жылко.  Яўген Канстанцінавіч прачытаў гумарэску “Як я кінуў піць”, а Уладзімір Трафімавіч — не менш гумарыстычны і ў той жа час вельмі рэалістычны ўласны верш “Я сабраўся паміраць”.

У выкананні Уладзіміра і Тамары Прыгун
гучыць славутая “Падае снег”

Спяваюць Барыс Юшко і Яўгенія Петручэня

У складзе мужчынскай вакальнай групы ансамбля “Элегія” — акампаніятар калектыву Аляксандр Гапановіч (злева)

На сцэне — ансамбль “Элегія”

Напэўна, ніхто не паспрачаецца з тым, што для любого артыста галоўнае — прызнанне і любоў слухачоў. І, мяркуючы па колькасці кветак, якія неслі да сцэны ўдзячныя гледачы, і гарачых апладысментах, што суправаджалі кожнае выступленне, удзельнікі “Элегіі” і яе кіраўнік нездарма ўкладваюць у свой калектыў столькі натхненя, працы і любові. Дзесяць гадоў існавання — гэта толькі пачатак вялікага творчага шляху, на якім заўсёды будуць спалучацца жыццёвая мудрасць, самабытны талент і незгасальная маладосць!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 37
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.