Храм у памяць ахвяр радыяцыйнай бяды

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У канцы мінулага года з Амстэрдама прыйшла прыемная для кожнага беларуса навіна. Узведзеная на поў-начы Лондана грэка-каталіцкая царква Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Заступнікаў Беларускага Народа была прызнаная лепшым рэлігійным будынкам у свеце. Гэты храм стаў першым у Заходняй Еўропе мемарыялам ахвярам чарнобыльскай катастрофы і першай беларускай грэка-каталіцкай царквой, пабудаванай за межамі Радзімы.

У намінацыі “драўляная архітэктура” беларуская царква абышла мячэці ў Турцыі, Іране і Індыі, аўстралійскую сінагогу і іншыя культавыя аб’екты.

Першы беларускі храм грэка-каталіцкай парафіі быў асвечаны ў 2016 годзе і стаў адзіным у сталіцы Вялікабрытаніі храмам, выкананым з дрэва.

Ён быў пабудаваны пры беларускім рэлігійным і культурным цэнтры, у які таксама ўваходзіць вядомая Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, а таксама грамадскі цэнтр беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, і асвечаны ў гонар ушанаванага як Беларускай праваслаўнай, так і Беларускай грэка-каталіцкай цэрквамі свяціцеля Кірылы Тураўскага. Царква Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Заступ-нікаў Беларускага Народа стала першым драўляным храмам, які быў пабудаваны ў Лондане пасля Вялікага пажару 1666 г.

Аўтарам праекта стаў мясцовы архітэктар Цзывай Рафаэль Со. Што цікава, ён, кітаец па паходжанні і англічанін па грамадзянстве, з’яўляецца вернікам беларускай грэка-каталіцкай абшчыны. Па яго словах, на выгляд будынка яго натхніла традыцыйнае беларускае культавае дойлідства.

У сваёй працы майстар паспрабаваў злучыць яго матывы з сучаснай архітэктурай. Гэтым тлумачыцца выкарыстанне дрэва ў якасці асноўнага будаўнічага матэрыялу і гонты для даху. Форма купала сапраўды нагадвае абрысы гістарычных грэка-каталіцкіх храмаў нашай краіны. У той жа час выгнутыя бакавыя фасады і матавае шкло робяць знешні выгляд пабудовы вельмі сучасным.

Яе памер абмежаваны прысутнасцю 17 старых дрэў, якія ніхто не дазволіў бы спілоўваць. Не дазволена было будаваць і  блізка да іх, таму фундамент быў закладзены на плошчы 75 кв.м. З гэтай нагоды некаторыя называюць пабудову капліцай.

Будынак з’яўляецца ўвасабленнем самых сучасных экатэхналогій. Пад яго алтаром размешчана энергаэфектыўная цеплаабменная сістэма, якая забяспечвае хуткае абаграванне. Яна накіроўвае цёплае паветра да званіцы, а затым выводзіць яго праз вентыляцыйныя краты на купале. Таксама з мэтай абагрэву збудавання яго празрысты шкляны фасад звернуты на поўдзень, каб улоўліваць нават рэдкія промні зімовага сонца.

Не абышлося, безумоўна, без пэўнай колькасці металу ў канструкцыі, але ўсе гэтыя элементы схаваныя ад позірку і не прыкметныя пры вонкавым аглядзе.

Цзывай Рафаэль Со бачыць у сваім творы напамін аб драўлянай архітэктурнай спадчыне беларускай вёскі, страчанай падчас Другой сусветнай вайны і пасля чарнобыльскай катастрофы. На рашэнне папрацаваць з драўлянай архітэктурай яго наштурхнула сцэна спалення храма ў фільме Элема Клімава “Ідзі і глядзі”. І калі ноччу мяккае святло спакойна льецца з вокнаў драўлянай царквы, для яго гэта — бязгучная метафара. Яна адсылае да злачынстваў нацыстаў, якія не толькі спальвалі драўляныя цэрквы, але і знішчалі ў іх людзей.

На пытанне аб тым, што, паколькі гэта першая драўляная царква, пабудаваная ў Лондане з часоў Вялікага пажару 1666 года, то немалаважна, як храм абаронены ад пажару, архітэктар адказвае: ніхто не можа абараніць будынак ад падпалу. Але дрэва, якое скарыстана ў яго праекце, — вельмі высокай якасці і, каб яно згарэла цалкам, спатрэбіцца шмат часу.

Пасля наведвання нашай краіны Цзывай Рафаэль Со сказаў:

— Беларусь — вельмі прыгожая краіна. Сельская мясцовасць проста цудоўная, і Мінск — адзін з самых чыстых і ўпарадкаваных гарадоў Еўропы. Я думаю, што сярод тых, у якіх я калі-небудзь бываў, толькі Осака і Токіа могуць параўнацца з Мінскам у чысціні.

Беларусы — вельмі розныя, немагчыма іх ахарактарызаваць абагульнена, але тыя, з якімі мне ўдалося пазнаёміцца — вельмі адукаваныя і разумныя людзі, з добрым пачуццём гумару.

Што да архітэктуры, то Мінск мае выдатную калекцыю савецкага дойлідства.

Авангардныя ідэі Ладоўскага і Чэрніхава проста апярэдзілі час. Вельмі спадабаўся стары будынак дзяржаўнай бібліятэкі на вуліцы Чырвонаармейскай, спраектаваны Г. Лаўровым, — цудоўны экзэмпляр канструктывісцкай архітэктуры.

Ёган Глаубіц — гэта проста геній, які наўпрост натхніў мой праект. Безумоўна, пабачыўшы Мінск, нельга не адзначыць працы Іосіфа Лангбарда.

Прызнацца, у мяне сэрца абарвалася, калі я даведаўся, што касцёл святога Яўхіма ў вёсцы Клюшчаны на Астравеччыне цалкам згарэў.

Беларусь мае вельмі моцную сувязь з лесам. Адна з маіх любімых песень — “Белавежская пушча” ў выкананні “Песняроў” — вельмі добра тлумачыць гэтую сувязь.

Цікава, што наступная мара Цзывая Рафаэля Со — пабудаваць офіс у Мінску і асабліва — драўлянае лецішча ў Беларусі. Ён плануе зрабіць гэта гадоў праз 5 — 10, але пры гэтым чамусьці зазначае: хто ведае, што нясе нам будучыня?

Мне, як аўтару гэтага артыкула, хацелася б выказаць пажаданне, каб гэта адбылося як мага хутчэй, і чытачы “НН” прачыталі, што выбар сусветна славутага дойліда выпаў на нашу слаўную нясвіжскую зямлю. А сабе дазволю памарыць, што вазьму ў яго інтэрв’ю і дам яму некалькі ўрокаў беларускай мовы…

Уладзімір БРУЙ,

в. Карцэвічы.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.