Адкрылася выстава “Куфэрак выцінанкі” ўкраінскай мастачкі Дар’і Алёшкінай

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Вялікай выставачнай зале палацавага ансамбля Радзівілаў адкрылася выстава “Куфэрак выцінанкі” ўкраінскай мастачкі Дар’і Алёшкінай. На ёй прадстаўлена больш за 40 работ з паперы, якія ўражваюць сваёй вытанчанасцю і нечаканымі маштабамі — многія экспанаты, якія так і хочацца назваць карцінамі, займаюць месца ад столі да падлогі. Цікава і тое, што не ўсе яны традыцыйна белыя — некаторыя зроблены з каляровай паперы, што яшчэ больш надае ім незвычайнасці і асаблівага шарму.

Сама ж аўтарка на адкрыцці выставы расказала, што мастацтвам выцінанкі захапляліся і яе бацькі,  творчыя людзі, якія займаліся яшчэ і скульптурай. Любоў да гэтых відаў мастацтва перадалася і Дар’і. Яна скончыла Віжніцкі каледж прыкладнога мастацтва імя Шкірбляка, затым — Львоўскую нацыянальную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “манументальна-дэкаратыўная скульптура”. Стварыўшы ў гэтым горадзе сям’ю, яна жыве там і зараз. Яе муж — таксама творчы чалавек, ён адраджае аўтэнтычныя ўкраінскія музычныя інструменты, асучаснівае іх.

— Пасля нараджэння дзяцей займацца скульптурай стала цяжка, — расказала мастачка. — Таму хацелася знайсці такое хобі, каб творча развівацца, і я вярнулася да захаплення свайго дзяцінства — выцінанкі.

На пытанне, як яна прыйшла да стварэння работ такіх уражваючых памераў, мастачка адказала, што спачатку яе выцінанкі не былі вялікімі. Памерам яна хацела прыцягнуць увагу да гэтага мастацтва і адначасова адрадзіць яго і зрабіць больш сучасным. Да таго ж, маленькая работа патрабуе значна больш намаганняў, таму што выразаць мініяцюрныя адтуліны вельмі складана.

Калі вы будзеце глядзець на выцінанкі Дар’і Алёшкінай, вам не захочацца адводзіць ад іх позірк, таму што ў іх мудрагелістых перапляценнях схавана заспакаенне і жыццёвая энергія, якой мастачка шчодра дзеліцца з гледачамі, атрымліваючы ў адказ іх  удзячнасць і захапленне. Традыцыйныя ўзоры, сімвал жанчыны-берагіні ў многіх работах, разнастайныя кветкі — усё гэта і многае іншае вы можаце ўбачыць самі ў Вялікай выставачнай зале палацавага       ансамбля.

У Нясвіжы выстава Дар’і Алёшкінай  будзе дзей-нічаць да 1 чэрвеня. Не прапусціце!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.