Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

«Кормім бусліка ў асноўным дробнай рыбай…» Гісторыя аднаго выратавання

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 1 0

Беларусь з лёгкай рукі Уладзіміра Караткевіча называюць “зямлёй пад белымі крыламі”. Паэтычная вобразнасць мае на ўвазе нашу вядомую птушку — бусла. Здаўна людзі лічылі, што ён з’яўляецца духам-ахоўнікам сям’і, прыносіць радасць і багацце, здароўе. Усе мы бачылі ў вёсках буслянкі на вершалінах дрэў, чулі птушыны клёкат, назіралі за маленькімі птушанятамі, якія праз пэўны час станавіліся на крыло і выляталі з гнязда. Здаралася, што некаторыя адбіваліся па розных прычынах ад сваёй чарады.



Менавіта падобнае здарэнне адбылося больш дзесяці гадоў назад у Нясвіжы, калі жыхарка райцэнтра Яўгенія Аляксандраўна Зізіка ўбачыла, як сабакі нападаюць на бусла, што прыціснуўся да плоту. Жанчына разам з мужам адагналі тых сабак і ўзялі птушку да сябе. Праверылі ў ветлячэбніцы на ўсякі выпадак. Бусел аказаўся здаровым. Гаспадары даглядалі і кармілі яго, у марозныя дні ставілі ў куратнік абагравальнік, пашылі яму тапкі. Выхаванец дзюбай скідваў “абутак”. У маладых буслоў, аказваецца, яшчэ няма пуху, таму ім холадна зімой. А яшчэ купалі Максімку (так звалі першага бусліка) з шампунем. Адзін чалавек хацеў купіць у іх бусла, але апекуны не згадзіліся. Вясной яго  выпусцілі на волю. Як сказала Яўгенія Аляксандраўна, магчыма, знойдзе сабе пару ды выведзе патомства.

Летась быў другі выпадак: да качанят Зізікаў прыбіліся птушаняты дзікіх качак. Гаспадыня заганяла сваіх у хлеў і ўбачыла, што двое не ідуць, бо не з гэтай сям’і. Але паступова яны прывыклі, і Яўгенія Аляксандраўна карміла іх разам са сваімі. Калі чужынцы падраслі, сталі падобныя на дзікіх, што не праяўлялася адразу. Пачалі лятаць, накіроўваліся па сваіх справах, але ўсё роўна вярталіся. А восенню зрабілі над гасцінным домам развітальны круг і паляцелі ў цёплыя краі.

— Нам шанцуе на такіх гасцей, — расказвае Яўгенія Аляксандраўна. — Летась у кастрычніку мы з мужам ехалі з грыбоў з Лаваў (Капыльскі раён) і ўжо ў нашым убачылі бусліка, які хадзіў па дарозе адзін. Спыніліся, падумалі, што ён адбіўся ад сваіх, а ў хуткім часе настануць халады. Забралі да сябе, пасялілі ў куратніку. Думалі, што свойскія птушкі не прымуць яго, але трывога аказалася дарэмнай. Нават певень не праявіў агрэсіі. І жывуць яны дружна па сённяшні дзень. Кормім бусліка ў асноўным дробнай рыбай, якую замарожанымі пластамі купляем у “Еўраопце”. І ён, як толькі ўбачыць нас, адразу кіруе да кармушкі.

Я наведалася ў прыгожы, упарадкаваны дом гаспадароў бусліка, каб пазнаёміцца з ім. Казімір Казіміравіч, муж Я.А. Зізіка, прынёс яго, паставіў на падлогу. Язэп, так назвалі бусла, з асцярогай паглядзеў на мяне, потым узмахнуў шырокімі бела-чорнымі крыламі. Гаспадары паставілі перад ім місачку з рыбай, але ён не стаў есці. Ці то “саромеўся” мяне, ці проста ігнараваў, прывыкшы да сваіх апекуноў. Было вельмі цікава назіраць за ім: Язэп паважна хадзіў па пакоі, забаўна перастаўляючы доўгія, тонкія ногі. Я ўпершыню так блізка бачыла бусла, таму з захапленнем гля-дзела на яго. Яўгенія Аляксандраўна пяшчотна размаўляла са сваім выхаванцам, прытуліўшы да сябе:

— Харошы мой, харошы, Язэпка — харошы.

А колькі радасці прыносіць ён унукам і праўнукам К.К. і Я.А. Зізіка, якіх у агульнай колькасці сем. Да бусліка ўсе прыкіпелі душой. І як тут не ўспомніць выраз “Беражыце братоў нашых меншых”, што і ажыццяўляюць на справе гэтыя добрыя людзі.

Дарэчы, дзеці і ўнукі жывуць таксама ў Нясвіжы, таму часта наведваюцца ў бацькоўскі дом. А бацькі вельмі працавітыя і клапатлівыя, ля дому да позняй восені цвіце мноства кветак, ёсць і рэдкая ружовая гартэнзія, палымнеюць ружы і герань. Упрыгожаны такім хараством дом вабіць вока прахожых, радуе гаспадароў, а ў хаце цвітуць архідэі ды іншыя кветкі. Перад Калядамі на двары гарыць рознакаляровымі агнямі ёлка, ля яе — святочная ілюмінацыя. З арэшніку Казімірам Казіміравічам зроблены домік з падсветкай, дзе змешчаны пластмасавыя фігуркі Божай маці, святога Іосіфа і маленькага  Ісуса, баранчыка і вярблюда. А яшчэ ёсць пастаянная фігура Дзевы Марыі. Сям’я  Зізіка  ходзіць да касцёла, вераць яны не толькі ў Бога, але ў дабрыню людзей, якую самі стараюцца несці іншым.

А яшчэ ў іх ёсць захапленне ціхім паляваннем, бо заўзятыя аматары прывозяць шмат грыбоў з лясоў бліжэйшых рэгіёнаў, асабліва радуюць крамяныя баравічкі. Гаспадар зрабіў многа фатаграфій знойдзеных трафеяў. Грыбы сушаць, закручваюць на зіму, даюць дзецям. Дарэчы, Яўгенія Аляксандраўна расказала ў сувязі з гэтым цікавую гісторыю. Аднойчы ў лесе яны з мужам знайшлі партманет, у якім ляжалі вадзіцельскія правы, нейкая даведка і дробныя грошы. У дакументах прачыталі, што ўладальнік згубы жыве ў Капыльскім раёне. Яны сабраліся і паехалі шукаць таго чалавека ў вёсцы Душава, і знайшлі. Якая радасць была ў той хаце, куды завіталі Зізікі. Людзі шчыра дзякавалі ім, прапаноўвалі грошы, але несвіжане ад іх  адмовіліся.

А яшчэ ў іх шмат пчаліных вулляў на дачы, і клапатлівыя людзі маюць свой мёд. Словам, усё робяць, блізкае да прыроды, з яе разнастайным хараством фаўны і флоры.

Раіса Хвір,

фота Святланы Польскай,

г. Нясвіж.

1 Comment

1 Comment

  1. wiktoria:

    Pani Genia i Jej mąż Pan Kazik to ,doprawdy,wyjątkowi ludzie.Dom jest otwarty dla gości , stół zastawiony -czego tylko dusza zapragnie-bliny, maczanka, «sałaciki» szaszłyki, które Kazik wypieka w swoim pięknym ogrodzie- wspomnienia z pobytu u Państwa Zizików wracają w snach. Serdeczność, prawdziwie kresowa gościnność. Miód, który przywożę od Pani Geni, jest największym rarytasem i stosuję go tylko » na lekarstwo» Ten bocian mnie wzruszył ale nie zdziwił, bo w sercach Państwa Zizików jest miejsce dla wszystkich stworzeń.Podziwiam zawsze energię , skąd tyle siły- do tego jeszcze Genia i Kazik są podporą Domu Polskiego «REDUTA» Ta siła, wiem o tym, bierze się z głębokiej wiary w Pana Boga i niech Was ,kochani Geniu i Kaziku, nigdy nie opuszcza OPATRZNOŚĆ BOŻA………….. Wktoria Żukiewicz, Stowarzyszenie Nieswieżan, Polska

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!