“Музы Нясвіжа-2019”. Кранаючы струны душы

Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 8
  •  
  •  
  •  
  •  

Па традыцыі, у першы дзень нясвіжскай імпрэзы Заслужаны аматарскі      калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага РЦК паказаў новы спектакль. Ім стала камедыя “Ён мужык, а яна — паненка” па п’есе Ж.Б. Мальера “Жорж Дандэн, або Падмануты муж” (рэжысёр Яўген Валабоеў). П’еса распавядае аб тым, як багаты селянін захацеў парадніцца з арыстакратамі і замест таго, каб спыніць свой выбар на добрай сумленнай сялянцы, ён ажаніўся з прыгажуняй-арыстакраткай, дачкой абяднеўшых шляхцічаў. Яны, атрымаўшы ў выніку гэтага шлюбу немалую суму грошай, такім чынам заключылі выгаднае пагадненне. Селянін жа атрымаў пастаянныя папрокі ў тым, што ён дрэнна выхаваны, і пагарду жонкі-дваранкі. Непрыемнасці героя п’есы ўзмацніліся, калі за яго законнай палавінай пачаў валачыцца імпазантны малады шляхціч. Уся гэта гісторыя была аздоблена трапным гумарам і выдатнай ігрой акцёраў, якім у фінале спектакля ўдалося данесці да гледачоў сэнс народнай мудрасці “не ўсё тое золата, што блішчыць”, і што ёсць у жыцці рэчы, якія нельга купіць ні за якія грошы.

Сцэны са спектакля “Ён мужык, а яна — паненка”

На наступны дзень, 24 мая, пачаліся асноўныя мерапрыемствы сёлетніх “Музаў”, прысвечаныя 200-годдзю выбітнога кампазітара Станіслава Манюшкі. Своеасаблівым музычным прынашэннем юбіляру ад усіх аматараў і знаўцаў яго творчасці стаў канцэрт акадэмічнай музыкі “Нясвіж — крыніца натхнення Станіслава Манюшкі і яго аднадумцаў”, падрыхтаваны творчымі калектывамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга, які адбыўся ў пятніцу вечарам у РЦК. Канцэрту папярэднічала адкрыццё мастацкай выставы работ з фонду Міжнароднага конкурсу-пленэру юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука “Краявіды Нясвіжа вачыма дзяцей”.

На сцэне РЦК — ансамбль флейтыстаў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Рамана Ветрава

Нагадаем, што Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 г. у фальварку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерніі (зараз — Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) ў сям’і ваеннага. Першапачатковыя музычныя веды атрымаў ад маці, а затым паглыбляў іх у Варшаве, Мінску і Берліне. 18 гадоў служыў арганістам у касцёле святога Яна ў Вільні. Ён стварыў зборнік арганных твораў “Песні нашага касцёла”, мноства сольных і харавых рэлігійных кампазіцый. Акрамя таго, Манюшка даваў урокі фартэпіяна і кампазіцыі, сярод яго вучняў быў і будучы вядомы рускі кампазітар Цэзар Кюі.

У 1849 і 1856 гадах праходзілі яго аўтарскія канцэрты ў Санкт-Пецярбургу. Манюшка быў знаёмы з рускімі кампазітарамі М. І. Глінкам, А. С. Даргамыжскім, А. Н. Сяровым, якія высока цанілі яго творчасць. З 1858 года жыў у польскай сталіцы, быў дырыжорам Вялікага тэатра ў Варшаве, у 1864 — 1872 гадах — прафесарам Музычнага інстытута.

У музычную культуру Беларусі Станіслаў Манюшка ўвайшоў больш за ўсё як аўтар першай беларускамоўнай оперы “Сялянка”, або “Ідылія”, на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча. Прыемна адзначыць, што ў 1850-х гадах гэта опера гучала і ў Нясвіжы.

Падчас творчай сустрэчы маэстра Фінберга на тэму “Год юбілею Станіслава Манюшкі”, якая праходзіла ў пятніцу ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, Міхаіл Якаўлевіч заўважыў, што Манюшка — наш кампазітар і яго светапогляд сфарміраваўся яшчэ ў юнацкія гады, якія прайшлі на Міншчыне.

— Творчасць Манюшкі сілкавалася з крыніц беларускай народнай творчасці,  — адзначыў прафесар Фінберг. — У яго музычных творах — сапраўднае багацце песенных і танцавальных народных інтанацый. Наш калектыў першы ў Беларусі некалькі гадоў таму, у пасёлку Мір, выступаў з канцэртам, прысвечаным творчасці Манюшкі, які доўжыўся 6 гадзін. У найбліжэйшы час мы абавязкова падрыхтуем новую праграму, прысвечаную гэтаму слыннаму кампазітару.

Самым багатым на падзеі стаў трэці дзень свята мастацтваў — субота. Творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэрт-нага аркестра Беларусі прадставілі свае новыя праграмы, у якіх прагучалі лепшыя ўзоры беларускай музыкі з ХІІ па ХХІ стагоддзе. Падчас канцэрта “Рэлігійныя творы айчынных майстроў”, што адбыўся ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела, вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай і струнны аркестр пад кіраўніцтвам Людмілы Каліноўскай запоўнілі прастору старадаўняга храма той самай музыкай, якая лепш за любыя словы нагадвае аб тым, што Бог жыве ў Прыгажосці, і чым больш чалавек яе стварае, тым больш набліжаецца да Яго. У вакананні гэтых калектываў прагучалі творы Вольфганга Амадэя Моцарта, Франчэска Верачыні, Фрэдэрыка Шапэна, Эдварда Грыга і, вядома ж, героя сёлетніх “Музаў” — Станіслава Манюшкі.

У Тэатральнай зале Нясвіжскага замка выступае дуэт кантрабасаў

Канцэрт “Музыка беларускіх палацаў”, які адбыўся ў Тэатральнай зале замка Радзівілаў, падарыў слухачам яшчэ адну сустрэчу з названымі вышэй калектывамі, а таксама з ансамблямі флейтыстаў і кларнетыстаў, струнным квартэтам, творчым дуэтам арфы і скрыпкі. Кожнае выступленне было ўзорам тонкага мастацкага густу і выканальніцкага майстэрства, пры дапамозе якіх для слухачоў адкрываліся найцікавейшыя старонкі не толькі беларускай, але і сусветнай музычнай спадчыны.

Свята мастацтваў завяршылася ў той жа дзень у Нясвіжскім раённым цэнтры культуры. За цудоўны музычны падарунак артыстам і маэстра Фінбергу асабіста выказаў шчырую ўдзячнасць старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі. Ад раённай улады для музыкантаў на сцэну была вынесена карзіна кветак.

Падчас канцэрта “Новае ў Нясвіжы”. Маэстра Фінберг прадстаўляе сваіх салістаў

Юныя несвіжане з маленства прызвычайваюцца да добрай музыкі

Гала-канцэрт “Новае ў Нясвіжы” ў выкананні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці і г. Нясвіжа, мастацкага кіраўніка ХХIV свята мастацтваў “Музы Нясвіжа-2019”, прафесара Міхаіла Фінберга быў прысвечаны творчасці Алы Пугачовай. Яе хіты, прадстаўленыя салістамі аркестра — лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў — набылі ў іх выкананні новыя нечаканыя адценні і вельмі парадавалі публіку, якой ужо сёння цікава, якія сюрпрызы падрыхтуюць для нас “Музы Нясвіжа-2020”.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ


Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 8
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.