Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 12 °C

Яго цанілі за смеласць і рашучасць

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 04.05.2019

…Дзелавітасць, уменне знаходзіць выхад з сітуацый, гаспадарлівасць — гэтыя дастойныя мужчынскія якасці выпрацаваліся ў характары Рыгора Гарачкоўскага з дзяцінства. У чатыры гады ён страціў бацьку, яго з сястрычкай гадавала маці, якой, падросшы, дапамагаў ва ўсім. У трынаццаць твар у твар сутыкнуўся са страшэннымі, крывавымі падзеямі Вялікай  Айчыннай вайны.



Праз іх украінскае сяло Падвысокае адступалі 6-я і 12-я савецкія арміі. Жыхары дапамагалі параненым чырвонаармейцам. А з захаду насоўваўся вораг. Рыгор пайшоў у партызаны. Збіраў кінутую зброю, потым перадаваў яе ў атрад імя Сталіна. Каб лягчэй гэта было рабіць, уладкаваўся пастухом да лесніка.

Калі, атрымаўшы цвёрды адпор на савецкай зямлі,  немцы адступалі на захад, у лясах заставаліся іх асобныя групкі. Для ліквідацыі пры НКУС быў створаны знішчальны батальён. Рыгор Гарачкоўскі стаў яго байцом, нягледзячы на малады ўзрост — дарослыя цанілі яго смеласць і рашучасць. Там ён служыў з красавіка 1944 да красавіка 1945 года. Пасля адной з паспяхова праведзеных аперацый юнака прынялі ў рады камсамола.

Са свайго ваеннага юнацтва несвіжанін Рыгор Сяргеевіч Гарачкоўскі прыгадваў падчас нашых сустрэч вось такі эпізод:

— Я з таварышам вяртаўся з разведкі. Да штаба заставалася хат 8 — 10. І раптам з парога адной хаты раздалася аўтаматная чарга. Віктара параніла ў правую руку. Я выхапіў пісталет і некалькі разоў стрэліў у адказ. Затым схапіў сябра за каўнер і мы схаваліся за вугал бліжэйшай хаты. Хутка  зноў пачулі стральбу. Я зразумеў: немцу прыбыла падмога. Але мы ўжо былі ў штабе. Я далажыў камандзіру аб тым, што адбылося. Партызаны знішчылі ворага. А мне і Віктару была аб’яўлена падзяка перад строем.

Рыгор Сяргеевіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”, “Партызан Вялікай Айчыннай вайны”, “За працоўную доблесць у Вялікую Айчынную вайну”, юбілейным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння маршала Г.К. Жукава.

Нарадзіўшыся ў Кіраваградскай вобласці, жыхаром нашага горада ён стаў у 1951 годзе, калі перавялі служыць у нясвіжскі полк. Тут абзавёўся сям’ёй, нарадзіліся дзеці, унукі, праўнукі. Тут у яго з’явіліся новыя сябры, таварышы. Тут праявілася і хобі Рыгора Сяргеевіча: ён шмат гадоў быў умелым, трапным паляўнічым, з цвёрдай рукой і зоркім вокам. І пачуцця страху пры сустрэчы з драпежнікамі ніколі не адчуваў — ці то ў вайну выпрацаваліся стрыманасць і смеласць, ці то ад нараджэння быў такім.

Звольніўшыся з арміі, ён займеў іншую работу. Быў камандзірам-інструктарам РК ДТСААФ, кіраўніком Нясвіжскага райхарчкамбіната, старшынёй праўлення Нясвіжскага  райспажыўтаварыства. І ўсё, чым бы ні займаўся, рабіў грунтоўна, па-гаспадарску, з веданнем справы. Сам быў актыўны, нераўнадушны і паважаў такіх жа. Прызнаваўся: “Мне падабалася працаваць з людзьмі. Цаніў актыўных, думаючых, неабыякавых да справы”. Таму і было так шмат зроблена ў гандлёвай сферы Нясвіжчыны ў тыя гады, калі ён узначальваў райспажыўсаюз — з 1971 да 1987 года. У арганізацыі былі пабудаваны новае гароднінафруктасховішча, квасільна-засолачны, кансервавы, безалкагольны і кандытарскі цэхі. У 2 разы  павялічылі магутнасць халадзільнікаў. Адчынялі шматлікія  новыя гандлёвыя кропкі. Вялікая ўвага надавалася сельскаму гандлю.

За шматгадовую паспяховую работу Р.С. Гарачкоўскі быў удастоены медаля “Ветэран працы”. Ёсць у яго і залаты медаль Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!