“Захаваем Памяць і Славу пра ўраджэнцаў вёскі Асмолава, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг.” Міхаіл Плакса выдаў брашуру-буклет пра франтавыя шляхі-дарогі яго аднавяскоўцаў

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Напярэдадні Дня Перамогі ў рэдакцыю “раёнкі” завітаў наш актыўны аўтар, ураджэнец  вёскі Асмолава, які зараз жыве  ва ўкраінскім Харкаве, — палкоўнік у адстаўцы Міхаіл Плакса. Ён прынёс сваю чарговую даследчую работу: брашуру-буклет “Захаваем Памяць і Славу пра ўраджэнцаў вёскі Асмолава, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг.” У ёй расказваецца пра франтавыя шляхі-дарогі яго аднавяскоўцаў, пра абставіны іх гібелі.

Ваяваць з фашыстамі з Асмолава пайшло каля 80-і мужчын. 14 з іх дамоў не вярнуліся, загінулі ў жорсткіх баях, засталіся ляжаць у зямлі іншых краін Еўропы, якія вызвалялі ад гітлераўскіх акупантаў. Землякі памятаюць пра стойкасць і мужнасць, вернасць абавязку і воінскай прысязе. На дадзены момант вядомы месцы васьмі пахаванняў, дзе ляжыць прах асмолаўскіх салдат. На двух з іх — у Трэптаў-парку ў Берліне і населеным пункце Зеефельд (зямля Брандэнбург, раён Бернау) Міхаіл Плакса пабываў і ўсклаў кветкі. Нізкі паклон  воінам, хто цаной свайго жыцця адстаяў мір.

Брашуру-буклет аўтар прысвяціў 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 74-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ён падарыў брашуру родным тых, пра каго яна апавядае: іх сёстрам, брату, нявесткам, пляменнікам, унукам і ўнучатым пляменнікам. Пражываюць яны ў розных мясцінах: у Асмолаве і Лані, Нясві-жы і Барысаве, Мінску і Харкаве, а таксама расійскім горадзе Волжскі  Валгаградскай вобласці. Самыя блізкія  людзі загінуўшых — дачка чырвонаармейца Міхаіла Іосіфавіча Плакса Сцепаніда Міхайлаўна Базылька з Асмолава і сын Пятра Георгіевіча Дзецкага Сямён Пятровіч Дзецкі з Мінска. Выданне таксама  прэзентавана Ланскай сярэдняй школе і Лан-скай сельскай бібліятэцы, Нясвіж-скай цэнтральнай раённай  бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы і Нясвіжскаму гісторыка-краязнаўчаму музею.

Брашура даволі змястоўная, дае нам багатую інфармацыю, прыгожа ілюстравана. Адкрывае яе выява помніка Перамогі на аднайменнай плошчы ў Мінску і “Рэквіем” Роберта Раждзественскага.

“Люди!

Покуда сердца стучатся, —

Помните!

Какою ценою завоевано

счастье, —

Пожалуйста,

Помните!”

Фотаздымкі франтавікоў, карты ваенных плацдармаў, дзе землякі ваявалі і загінулі ці прапалі без вестак, фотаздымкі месцаў пахаванняў на чужыне  і хат, адкуль пайшлі на вайну і дзе кожны дзень чакалі вестачку з фронту бацькі, жонкі, дзеці. У агульную канву ўмела ўплецены вершы і песні на ваенную тэматыку.

…Пакідаючы рэдакцыю, наш госць сказаў на развітанне:

— Магчыма, пабуду і ў Прыбалтыцы. Там, у Латвіі, пахаваны Міхаіл Іосіфавіч Плакса, мой родны дзядзька.

Свой план ён ажыццявіў. Ужо 10 мая паведаміў:

— Я быў у Рызе, наведаў магілы сваіх аднавяскоўцаў: Міхаіла Іосіфавіча і Івана Кандратавіча Плакса. Першы загінуў 27 сакавіка, другі — 30 сакавіка 1945 года. Паміж месцамі іх пахавання адлегласць у 22 кіламетры. І што трэба адзначыць — магілы прыбраныя, дагледжаныя. Значыць, людзі і там, як і мы, шануюць памяць пра салдат, што пазбавілі свет ад фашызму. Я ўзяў з магіл па жменьцы зямлі і прывёз яе на магілы  абе-дзвюх жонак франтавікоў, а таксама паклаў да памятнай пліты ў аграгарадку Лань падчас мітынгу, прысвечанаму Дню Перамогі.

Пра воінаў, якім прысвяціў сваё выданне Міхаіл Плакса, раскажам і мы. Сачыце за публікацыямі “раёнкі”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.