22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Песня для мамы

Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Толькі адзін раз Марыя Арсеньеўна чула па радыё  гэтую песню:

Над озером чаечка въётся,

И негде бедняжке присесть.

Лети ты, лети в край далёкий,

Неси ты печальную весть…

А некалі, у 44-м і пазней, з братам і сястрычкай яны часта спявалі яе па просьбе мамы. Праўда, тая, паслухаўшы колькі, аніяк не магла стрымаць слёз, пачынала горка плакаць — і яны перапынялі тужліва-гаротны  спеў.

Ветэран працы Марыя Арсеньеўна Целяховіч жыве ў Карцэвічах. Жанчына мае шмат дзяржаўных узнагарод, неаднаразова абіралася дэпутатам  мясцовага і абласнога Саветаў. Разам са старшынёй тагачаснага паспяховага калгаса “Радзіма” Аляксеем Міхайлавічам Цюрыным прымала з рук Пятра Міронавіча Машэрава высокую ўзнагароду для сваёй гаспадаркі.

Калі пачалася вайна, Марыі  было тры гады. А летам 1944 праводзілі бацьку на фронт. Гэта і ёсць першы моцны дзіцячы ўспамін, які на ўсё астатняе жыццё зафіксавала  памяць.

Цёпла. Сонечна. Тата нясе яе, самую меншую, на руках. Васьмігадовая Гэля  і дванаццацігадовы Толік тут жа, пры бацьку. Плача-галосіць маці.

Арсеній Дзмітрыевіч Шаўковіч не паспеў прыслаць дадому ніводнага пісьма: загінуў хутка пасля таго, як трапіў у дзеючую армію. Як пазней паведамілі родным, памёр ад ран у медсанбаце на тэрыторыі Латвіі.  …І зноў успамінаецца Марыі Арсеньеўне, як галасіла маці, атрымаўшы трагічную вестку, як яны, трое малых, прытуліўшыся да яе, па-дзіцячы суцяшалі, абяцалі нічога не прасіць, ва ўсім дапамагаць… Успамінаецца страшэнны пасляваенны голад, ад якога, здаралася, трацілі прытомнасць.

Але больш за ўсё хацелася, каб здарыўся цуд і вярнуўся з вайны бацька. Прысніўся нават сон, быццам едзе ён на белым кані. Твару яго дзяўчынка не бачыць, але цвёрда ведае: гэта ён, тата! Седзячы на возе, малая радасна апавяшчае, крычыць-паўтарае, каб чулі ўсе: “У мяне тата ёсць! У мяне тата ёсць!”.

Розныя азначэнні даюць людзі шчасцю. Канстанцін Паўстоўскі, напрыклад, пасля таго, як прабыў тры месяцы на Першай сусветнай, пісаў: “Шчаслівы той, хто не бачыў вайны і не можа ўявіць усяго яе жаху”. Так, пагодзімся мы, шчасце — вайны не бачыць, але ведаць пра яе трэба, каб мацней цаніць мір і памятаць-шанаваць тых, хто яго здабываў.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.