Каб было смачна і спажыўна. Поўным ходам ідзе  другі ўкос траў у  ААТ “Новае жыццё”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

За дзень тут скошваюць 100 — 120 гектараў, правяленую масу падбіраюць на плошчы 100 га.
З пачатку сезону  корманарыхтоўкі  назапасілі звыш 8,5 тысячы тон сенажу і 316 тон сена.
Гэта складае 7,5 цэнтнера  кармавых адзінак на адну ўмоўную  галаву жывёлы.

Галоўны аграном акцыянернага  таварыства Міхаіл Канановіч  расказвае:

— Гаспадарцы даведзена  заданне нарыхтаваць сёлета  16 тысяч тон сенажу і 19300 тон сіласу. Сілас будзем нарыхтоўваць з кукурузы. А сянаж са шматгадовых траў закладваем у траншэі і часткова загарнулі ў палімерную плёнку.

Другім укосам скасілі больш за 900 гектараў шматгадовых траў.  Перавагу аддаём люцэрне. Яна займае 490 гектараў з 539 гектараў траў, пасеяных на ворыўных землях. Гэта ў нас самая высокабялковая культура з травяністых, а для добрага  корму патрэбна ўтрыманне ў яго кілаграме не меней за 200 грамаў пратэіну. З лугавых угоддзяў, а іх у нас 975 гектараў, нарыхтоў-ваем сена са злакавых траў — аўся-ніцы трыснёгападобнай і кастраца безасцюковага. Яны лепш растуць у нізкіх мясцінах, на тарфяных глебах, маюць лепшую спажыўнасць, чым,  напрыклад, яжа зборная. Ад апошняй ужо адышлі. Наогул, калі добрыя злакавыя правільна падкарміць азотам і скасіць да пачатку выкідвання мяцёлкі, то пратэіну  можна атрымаць не меней, чым ад бабовых.

Механізатары ААТ “Новае жыццё” Адам Банеўскі і Іван Акулік працуюць на нарыхтоўцы травяністых кармоў

На касьбе траў у “Новым жыцці” заняты механізатары Дзмітрый Юрашчык і Віктар Буйко. Эксплуатуюць яны 9-метровыя касілкі айчыннай вытворчасці. За дзень кожны дае 50-60 гектараў. На падборы  правяленай масы стараюцца Іван Акулік на новым комплексе КВК-800 (яго набылі сёлета), Сяргей Бандзік на другім КВК  і Іван Антановіч на “Нью Холандзе”. З граблямі на сенажаці выязджаюць сем чалавек. Асноўны механізатарскі састаў — гэта Аляксандр Смірноў, Адам Банеўскі, Віктар Баргулёў, Сяргей Дуброва. На адвозку травяной масы занараджваюць штодзённа 8 — 12 транспартных адзінак, у залежнасці ад яе ўраджайнасці.

Кругласутачна трамбуюць здробненую масу ў траншэях два “Амкадоры” і МТЗ-3035. Заняты тут механізатары Уладзімір Марозаў, Васіль Лявончык і Яўген Кораб. У начную змену выходзіць Юрый Ханцэвіч. Усе працуюць так, каб траншэя запаўнялася на чацвёрты  дзень. Ля траншэі дзяжураць пастаянна па дзве гадзіны кожны ўсе спецыялісты гаспадаркі. У іх распараджэнні — вільгацемер і тэрмометр. Сочаць, каб маса мела  тэмпературу не больш 35-36 градусаў, вільготнасць люцэрны — 55 — 60 %. На полі дзяжурыць заатэхнік па кармах Сяргей Мацюк. І калі на траншэі заўважаюць нейкі збой (перасушаная ці пераўвільготненая маса), звязваюцца з ім па тэлефоне, у работу тэхнікі аператыўна ўносяць карэктывы. Усе параметры вытрымліваюцца. Корм закладваецца выдатнай якасці.

З першага ўкосу былі запоўнены дзве сянажныя траншэі на ферме “Наруцавічы” і адна — на МТК “Жанкавічы”. З другога ўкосу ў аўторак пачалі закладваць на комплексе наступную траншэю.

Другі ўкос траў у нашым раёне паспяхова вядуць таксама механізатары ААТ “Гарадзея” і ААТ  “Грыцкевічы”. Прыступілі да яго ў ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” і “Юшавічы”, ЗАТ  “Агракамбінат Нясвіжскі”. Згодна з аператыўнай інфармацыяй райсельгасхарчу, па стане на 20 чэрвеня ў раёне другі ўкос  праведзены на плошчы 1746 гектараў, убрана 1565 га. Нарыхтавана 4764 тоны  сена і 83274 тоны сенажу.

На 1 умоўную галаву  жывёлы назапашана  па 5,51 цэнтнера кармавых адзінак. Найбольш высокі гэты паказчык у ААТ “Лань-Нясвіж” (9,8 ц), ДСГУ “Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя”      (9,4 ц), ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”         (8,4 ц) і ААТ “Новае жыццё” (7,5 ц к.адз.). Тэмпы выканання задання па гэтым паказчыку самыя хуткія сярод гаспадарак — у сортавыпрабавальнай станцыі (40 %) і ААТ “Юшавічы” (27 %).

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Аксаны ГРОХ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.