Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 4 °C

Шэдэўры сусветнай музыкі — у Нясвіжы

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 21.06.2019

(Заканчэнне. Пачатак — у №44 “НН”)

Адкрыў юбілейныя “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Сало “Партрэты. Клаўдзія Шульжэнка”. Дзякуючы яе выкананню, аматары добрай, глыбокай песні змаглі яскрава ўзгадаць вобраз выдатнай савецкай спявачкі і актрысы, народнай артысткі СССР і РСФСР, уладальніцы мноства высокіх узнагарод. Крытыкі, бывала, папракалі яе за меладраматычнасць, а слухачы любілі няспынна і ўсім сэрцам за ўменне не проста спяваць, але і ператвараць песню ў сапраўдны маленькі спектакль. Дзякуючы цікавым каментарыям вядучай канцэрта Вольгі Кажгаліевай, прысутныя нібы прайшлі па асноўных вехах жыццёвага шляху спявачкі — ад паступлення ў раннім юнацтве ў Харкаўскі драмтэатр да 500 франтавых канцэртаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і звання народнай артысткі СССР. Славутыя “Синий платочек”, “Андрюша”, “Бабушкино танго” і іншыя перліны савецкай эстрады з захапленнем прымаліся слухачамі і сталі яскравым пацвярджэннем таго, што сапраўдны талент не гасне ад часу.



Падчас прэс-канферэнцыі, якая праходзіла ў рамках “Вечароў”, мастацкі кіраўнік “Беларускай
капэлы” Віктар Скарабагатаў
з нагоды святкавання 200-годдзя Станіслава Манюшкі паднёс у дар НГКМЗ “Нясвіж” зборнік арганных твораў кампазітара “Песні нашага касцёла” ў двух частках

Момант канцэрта “Партрэты. Клаўдзія Шульжэнка”.
Спявае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Сало

Фрагмент оперы “Тоска”. У ролі Флорыі Тоскі — народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна, Марыа Каварадоссі — народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Сяргей Франкоўскі

Затым музычная імпрэза прадоўжылася ў касцёле Божага Цела, дзе адбыўся традыцыйны канцэрт творчага калектыву “Беларуская капэла”. Мастацкі кіраўнік капэлы Віктар Скарабагатаў з нагоды святкавання 200-годдзя пачынальніка беларускай оперы Станіслава Манюшкі падрыхтаваў канцэрт “З Ойчам Адвечным”, складзены з арганных і вакальна-камерных твораў кампазітара. У выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў, уладальніка медаля Францыска Скарыны Юрыя Гарадзецкага і лаўрэата нацыянальнага конкурсу Сяргея Лазарэвіча, лаўрэата міжнародных конкурсаў Ірыны Кучынскай і дыпламанта міжнародных конкурсаў Кацярыны Міхнавец прагучалі такія славутыя творы Манюшкі, як “Гімн да Пана Езуса”, “Гімн да Маці Божай”, тэксты з Псалтыра Давіда і іншыя. Прысутныя таксама змаглі пачуць і некалькі твораў для аргана, якія прадставіла Святлена Немагай.

Вечарам гэтага дня ўнутраны двор Нясвіжскага замка ператварыўся ў італьянскую Вярону. Тут прайшоў балет Сяргея Пракоф’ева “Рамэа і Джульета” ў новай аўтарскай рэдакцыі народнага артыста СССР і Беларусі, мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Беларусі Валянціна Елізар’ева. Тры дзеі балета змясцілі ў сябе ўсе па-дзеі адной з самых вядомых трагедый Шэкспіра — ад першага танца галоўных герояў на балі да іх гібелі ў фамільным склепе Капулецці. Спектакль стаў ўражваючым і кранальным гімнам каханню — ахвяры пыхлівага сямейнага гонару. Дырыжыраваў Андрэй Галанаў.

У выкананні лаўрэата міжнароднага конкурсу Аляксандра Міхнюка, дыпламанта міжнародных конкурсаў,
уладальніцы медаля Францыска Скарыны Таццяны Траццяк, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Аксаны
Якушэвіч і народнага артыста Беларусі Уладзіміра Пятрова гучыць фінальная песня канцэрта “З песняй
па жыцці” — “Вясна ідзе” з кінафільма “Вясна”

Удзельнікі канцэрта “З Ойчам Адвечным” Кацярына Міхнавец і Сяргей Лазарэвіч

Канцэрт “Станіслаў Манюшка. Песні”. На сцэне Тэатральнай залы — лаўрэат міжнародных конкурсаў Ірына Кучынская і лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі

У суботу, 15 чэрвеня,  у Тэатральнай зале замка Радзівілаў у выкананні вядучых салістаў оперы ізноў ажылі творы Станіслава Манюшкі. Камерны канцэрт “Станіслаў Манюшка. Песні” прайшоў у арыгінальнай форме своеасаб-лівага шляхецкага сходу, дзе гучалі сачыненні кампазітара, большасць з якіх увайшла ў знакамітыя зборнікі ”Хатнія спеўнікі” — “Вечаровая песня”, “Да  Нёмна”, “Лірнік вясковы” і г.д. “Сход” аказаўся вельмі цікавым і пазнавальным для ўсіх яго ўдзельнікаў у многім дзякуючы вядучаму — мастацкаму кіраўніку калектыву “Беларуская капэла” Віктару Скарабагатаву.

Вечарам ва ўнутраным двары замка прайшла славутая опера Джакама Пучыні “Тоска” ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. Яна перанесла гледачоў у Рым, у чэрвень 1800 года, калі Напалеон у Італіі лічыўся апосталам свабоды. Трагічная гісторыя вялікага кахання спявачкі Флорыі Тоскі і прыхільніка Напалеона, мастака Марыа Каварадоссі, паўстала перад гледачамі ў выкананні зорак беларускай оперы — народных артыстаў Беларусі, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніны Шарубінай і Сяргея Франкоўскага, народнага артыста Беларусі Васіля Кавальчука, заслужаных артыстаў Беларусі Уладзіміра Громава, Аляксандра Кеды і Алега Мельнікава, са-ліста оперы Юрыя Балацько. Напоўненая бурнымі пачуццямі, гэта опера ў чарговы раз пацвердзіла, што італьянскія кампазітары нездарма лічацца аднымі з лепшых у свеце. Дырыжыраваў Алег Лясун.

Гала-канцэрт зорак беларускай оперы і балета ўпрыгожыў фрагмент з балета Мінкуса “Дон Кіхот”

У нядзелю, 16 чэрвеня, у Тэатральнай зале замка струнны квінтэт “Серэнада” і салісты беларускай оперы запрасілі гледачоў на цудоўны канцэрт “З песняй па жыцці”. У ім прагучалі музычныя хіты савецкага кінематографа. Самі за сябе гавораць такія назвы, як “Куплеты Курачкіна” з кінафільма “Вяселле з прыданым”, “Для яе каханне — пацеха” з “Дзяўчыны без адраса”, “Вясна ідзе” з кінафільма “Вясна” і многія іншыя незабыўныя і нязменна любімыя рознымі пакаленнямі песні. Асобнымі яскравымі старонкамі гэтага канцэрта, што праляцеў, як кажуць, на адным дыханні, сталі інструментальныя творы Ісаака Дунаеўскага, Андрэя Пятрова, Эдуарда Арцем’ева, Яна Фрэнкеля.

Завяршыўся традыцыйны фестываль класічнага тэатральнага мастацтва ў Нясвіжы гала-канцэртам зорак оперы і балета. Увазе гледачоў былі прадстаўлены вядомыя оперныя арыі і дуэты, яркія ўзоры балетных шэдэўраў, шлягеры сусветнай музычнай спадчыны. Дырыжыравалі Алег Лясун і Іван Касцяхін.

Арганізатарамі фестывалю “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў-2019” выступілі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” пры пад-трымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага аблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама. Неацэнны ўклад у правядзенне “Вечароў” унеслі генеральны партнёр праекта СТАА “МТС”, а таксама аўтамабільны холдзінг “Атлант-М” і ААТ “Белагра-прамбанк”.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота

Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!