Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 10 °C

У.П. Чурыла: “Бог мяне аберагаў…”

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

(Заканчэнне. Пачатак у № 48)

Першую частку свайго аповеду пра ўдзельніка Вялікай  Айчыннай вайны Уладзіміра  Пятровіча Чурылу з вёскі Саска Ліпка я прысвяціла  яго франтавым будням, калі з гарачых баёў з фашыстамі яму шанцавала выйсці жывым і здаровым. Ветэран расказваў пра іх з падрабязнасцямі і як бы здзіўляўся:



— Гэта ж трэба. Сённяшняе можа забыцца. А пра тое, што было некалі, так добра памятаю.

Аповед яго быў цікавым і хвалюючым.

І зараз хочацца расказаць чытачам другую частку нашай гутаркі з ветэранам. Уладзімір Пятровіч нагадаў, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца ім, навабранцам, у 1944-м годзе, калі стаялі ў запасным палку ў Бабруйску:

— Усё разбіта, у Беразіне вада пасля баёў брудная, у ёй плавалі целы загінуўшых. Харчаваліся мы слаба, пасля супу на салёных селядцах вельмі хацелася піць. Бачок вады пітной прыносілі — і ён тут жа пусцеў. Выбіраліся да калонкі і — пілі, пілі, пілі…

Пачула ўспаміны і іншага кшталту. Больш гераічнага. Як, напрыклад, “выкурвалі” фашыстаў з іх сховішчаў у Берліне ў 1945-м:

— Гэта было, здаецца, 7 мая. Гітлераўцы сабраліся ў тупіку ля будынка і не здаваліся. Нашы паслалі  парламенцёраў на мірныя перагаворы. Тыя вярнуліся ні з чым: немцы не згадзіліся ка-пітуляваць. Тады ў дом выстралілі, снарад нанёс разбурэнні — і сталі вылазіць нашы праціўнікі. Зброю — на зямлю, рукі — уверх.

І сам той факт, што Перамогу салдат сустрэў у Берліне, у логаве фашызму — гэта асаблівы радок у яго біяграфіі.

З усмешкай расказаў Уладзімір Пятровіч яшчэ пра такі выпадак. Чырвонаармейцы хацелі  што-небудзь прывезці з Германіі дамоў. Зайшлі салдаты ў разгромлены  берлінскі магазін. “Думаю: вазьму рулон сукна. А сам загружаны амуніцыяй, цяжка, нязручна. Кінуў той рулон. Вырашыў: буду жыць — куплю”, — распавядае мой суразмоўца.

Ведаючы, што Уладзімір Пятровіч — добры гарманіст, я пацікавілася, ці  даводзілася яму іграць на фронце.

— Была такая справа. Камандзір дывізіёна ўзяў у магазіне  акардэон, прапанаваў мне  пайграць.

— Якія мелодыі Вам больш даспадобы?

— Многія. Асабліва — маршы. “Развітанне славянкі” любіў. Наогул, я быў вясёлым хлопцам, і граць мне вельмі  падабалася.

А ў дзяцінстве колькі слёз праліў, пакуль бацька купіў яму гармонік. Так хацелася хлапчуку  навучыцца іграць. І вось, нарэшце, ужо 14-гадоваму сыну бацька купіў простую двухрадку. Уладзімір хадзіў вучыцца да вясковага  музыканта: “У адну нядзельку ён паказаў мне паўполькі і паўвальса. Ішлі мы з сябруком  дадому (а дарога — тры кіламетры), у адной хаце вяскоўцы спраўлялі хрэсьбіны, запрасілі пайграць — і я іграў. Як умеў. А ў другую нядзелю мой настаўнік  правёў яшчэ адзін урок. І я навучыўся”.  Пасля Уладзімір набыў уласны інструмент. Працаваў у мясцовым клубе, шмат займаўся з дзецьмі, вечарамі ладзіў танцы для моладзі. Вучыўся ў Нясвіжскай музычнай школе, дзе выдатна здаў выпускныя экзамены: “Чыста, хораша іграў, выкладчыкі руку паціскалі”.

Заробак у клубе быў невялікі. А Уладзімір Пятровіч  ужо меў сям’ю, трое дзяцей. Таму і пайшоў у калгасную будаўнічую брыгаду.

Ён і цяпер такі ж працавіты, няўрымслівы. Трымае  дзвюх козачак. Сам доіць, сам корміць. Каза — не карова, шмат корму не патрабуе. Уладзімір Пятровіч косіць траву, сушыць на зіму сена. Яшчэ з жыўнасці на яго падворку — куры. Прысядзібны ўчастак, а гэта  болей за 20 сотак, увесь запатрабаваны, увесь выраблены. Але, кажа гаспадар, трэба яго скарачаць: ураджай бульбы няма куды збываць. Вядома, дапамагаюць Уладзіміру Пятровічу дзеці, бо ўсё-такі бацькавы 94 гады — даволі паважаны ўзрост.

Шукаючы Уладзіміра Пятровіча Чурылу, каб пагутарыць, я даведалася, што ў нядзелю ён ездзіў з сынам у Нясвіж: трэба было  на рынку пабываць, а яшчэ праведаць родную сястру, якая жыве ў райцэнтры — яна крыху маладзейшая за брата.

Кажуць, чалавек сам каваль свайго шчасця. Але ж, каб вярнуцца  з кровапралітнай вайны дамоў нават не параненым, трэба, мусіць, мець анёла-ахоўніка. Уладзімір Пятровіч удзячны Богу за такі лёс. І жыве на роднай зямлі доўга і дастойна.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!