Каб наліліся каласы “элегіі”…

Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 32
  •  
  •  
  •  
  •  

Хлебаробаў ЗАТ “1 Мая” парадавала сёлета азімая пшаніца. На круг яе было атрымана па 62,7 цэнтнера. Таму належную ўвагу ўдзяляюць зараз сяўбе азімых збожжавых ураджаю 2020 года.

— Азімыя збожжавыя зоймуць у нас 1100 гектараў. У тым ліку 800 — пшаніца сартоў “элегія” і “аўгусціна” і 300 — трыцікале сорту “праметэй”, — расказаў карэспандэнту “НН” галоўны аграном гаспадаркі Анатоль Міхлай. — Папярэднікі — ячмень і зернебабовыя, таму пастараліся своечасова вызваліць ад іх палі. Звезлі салому, унеслі мінеральныя ўгнаенні, зааралі. Пусцілі агрэгат АКШ, каб выраўняць глебу. На ім працуе механізатар Міхаіл Скіцюк.

Сяўбу пачалі трэцяга верасня, ва ўрочышчы Усходняе. У поле першым вывеў агрэгат механізатар Сяргей Сінкевіч. Яго трактар МТЗ-3022 агрэгатуецца з камбайнавай сеялкай АПП-6. У першы дзень не пашанцавала: пайшоў дождж, і засеялі толькі 5 гектараў. Наступныя дні ўсталяваліся сонечныя. І прыемна было гля-дзець, як агрэгат адлічвае гоні, пакідаючы пасля сябе роўненькія радкі глебы, у якую лягло насенне.

Механізатар Сяргей Сінкевіч на сяўбе азімай пшаніцы

Мы на хвілінку прыпынілі трактар, каб сфатаграфаваць механізатара і ўзяць у яго невялікае інтэрв’ю. Сяргей Сінкевіч механізатарам працуе 14 гадоў, з іх у ЗАТ “1 Мая” — 7. Перайшоў сюды з Клецкага раёна. Тут — сям’я, жыллё, праца, якая задавальняе. А выконваць даручаюць розныя работы: ворыва глебы, сяўбу не толькі збожжавых, але і кукурузы, вывазку арганікі, адвозку травяной масы падчас нарыхтоўкі кармоў, зімой — ачыстку дарог ад снегу.

— Сёлета для мяне сяўба пачалася 5 жніўня, — гаворыць механізатар. — Былі азімы рапс і шматгадовыя травы. Іх занёс на асабісты рахунак больш за 300 гектараў. Дайшла чарга да збожжавых. Іх за дзень засяваю 40 гектараў і болей. Майму энерганасычанаму трактару пяць гадоў. Не падводзіць, бо старанна гляджу яго. На выпрацоўку добры ўплыў робіць і якасная запраўка сеялкі насеннем. Гэтым займаецца механізатар Аляксандр Бурдзейка. Мы з ім у пары працуем другі сезон, усё ідзе зладжана, аператыўна. Ды і сеем дапазна, каб укласціся ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны.

Аляксандр Бурдзейка дзяжурыць са сваім агрэгатам на ўскрайку поля, чакае, калі трэба засыпаць насенне ў сеялку. Ён — паслядоўнік свайго бацькі, Мікалая Мікалаевіча, зараз — пенсіянера, а раней — калгаснага механізатара. 27 гадоў водзіць Аляксандр трактар па першамайскіх землях: рассявае мінеральныя ўгнаенні, звозіць з палёў салому, выконвае іншыя работы. Доўгі час раздаваў механізавана кармы на ферме.

Механізатар Аляксандр Бурдзейка падвозіць і загружае насенне
ў сеялку

Летась Сяргей Сінкевіч стаў у гаспадарцы лідарам на сяўбе. Прытым, заўважце, ён падкрэсліў: “Мы сталі”, а гэта значыць, што ён свой поспех поў-насцю раздзяляе з запраўшчыкам сеялкі.

На днях у поле выйшаў яшчэ адзін пасяўны агрэгат — Кірыла Мякіша, насенне падвозіць Артур Кіпроўскі. Пажадаем механізатарам плённай працы!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Вольгі МАРЧАНКА.


Поделитесь с друзьями
  • 2
  • 32
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.