Жыхара Нясвіжа павіншавалі са 100-годдзем

Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 57
  •  
  •  
  •  
  •  

Яшчэ на аднаго доўгажыхара стала больш на Нясвіжчыне. У аўторак віншаванні з нагоды 100-гадовага юбілею прымаў несвіжанін Вікенцій Іванавіч Чарнюк. Павіншаваць яго з такой знамянальнай датай прыехалі кіраўнік спраў Нясвіжскага райвыканкама Вольга Мышалава, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Толсцік, а таксама прадстаўнікі ААТ “ПМК-217” — галоўны механік Дзяніс Бабко, начальнік вытворчай базы, старшыня прафкама Лілія Троська і бухгалтар Алена Семярнік. Яны ўручылі юбіляру кветкі, каштоўныя падарункі ад імя сваіх арганізацый і Нясвіжскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Атрымаў Вікенцій Іванавіч і новы пашпарт, які выдаецца ў сувязі з дасягненнем 100-гадовага ўзросту.

Нарадзіўся і вырас В.І. Чарнюк у вёсцы Юшавічы. У 1942 годзе ажаніўся на мясцовай дзяўчыне Соф’і Антонаўне, і вось ўжо 77 гадоў яны крочаць па жыцці разам. Дарэчы, сёлетні год юбілейны і для Соф’і Антонаўны, ёй споўнілася 95. На долю гэтай сямейнай пары, як і многіх людзей іх пакалення, выпала нямала выпрабаванняў: вайна, пасляваенная разруха, нялёгкая праца. Але ўсе цяжкасці яны з гонарам здолелі пераадолець.Вікенцій Іванавіч працаваў у мясцовым калгасе рознарабочым, затым сталяром. Праз некаторы час майстра з залатымі рукамі запрасілі ў ПМК-10 ТрэстМінскСельбуд (зараз ААТ “ПМК-217”). Спачатку ён быў рабочым, пасля — цесляром. Соф’я Антонаўна ўсё жыццё шчыравала на калгаснай ферме, была ў ліку лепшых даярак. За добрасумленную працу ўзнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, значкі ўдарніка камуністычнай працы маюць і муж і жонка.

— У Нясвіж бацькі пераехалі 35 гадоў таму, — гаворыць малодшая дачка юбіляра Яўгенія Вікенцьеўна. — Купілі ў райцэнтры недабудаваны дом, які тата пасля давёў да ладу, усё зрабіў тут сваімі рукамі. Ён яшчэ ў 88 гадоў дапамагаў унуку будавацца, заліў фундамент якасна, бездакорна. Наогул, мы вельмі ўдзячныя бацькам за тое, што яны выхавалі і ў нас любоў да працы, людзей, Бога. Гэтаму ж мы вучылі сваіх дзяцей, а зараз унукаў.

І ўсё ж самым галоўным падарункам для юбіляра былі яго родныя, якія адклалі ў бок усе свае клопаты і прыехалі на свята да таты. Вялікая, дружная сям’я  Вікенція Іванавіча і Соф’і Антонаўны вечарам сабралася ў бацькоўскай хаце. А ў юбіляраў трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. Аб кожным з іх яны памятаюць, цікавіцца іх жыццём, а тыя  аддзячваюць дзядулю і бабулі любоўю і клопатам.

У Нясвіжскім раёне чацвёра старажылаў перасягнулі 100-гадовы рубеж. Акрамя несвіжаніна Вікенція Іванавіча Чарнюка векавы юбілей ужо адзначылі Вольга Філіпаўна Плакса з Асмолава, Ганна Іванаўна Якжык з Пагарэльцаў і Ганна Бенядзіктаўна Капчэўская з Пляшэвіч.

Аксана ГРОХ.

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 57
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.