Разам з рускімі і ўкраінцамі

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Я ўжо даўно ўсвядоміў, што кожны новы юбілей вызвалення нашай сінявокай Беларусі — красамоўнае пасведчанне мужнасці і гераізму беларускага народа, відавочны і асэнсаваны гістарычны рух наперад нашай Памяці, своесаблівы мост еднасці паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў. Памяці як нацыянальнай, усенароднай, так і памяці кожнага беларуса, бо Вялікая Айчынная, калі змагалася з ворагам уся Айчына, ад малога да старога, ужо даўно прапісалася ў сэрцах удзячных нашчадкаў, дзяцей, унукаў і праўнукаў пераможцаў.

І як добра, што ў нашай краіне праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя  75-годдзю вызвалення, актыўна праходзяць грамадска-культурныя акцыі, прысвечаныя вызваленню Беларусі. Гэта чарго- вая шаноўная дата — не проста частка гістарычнай храналогіі, гэта памяць пра мужнасць тых, хто падарыў нам сённяшняе шчаслівае жыццё пад блакітным небам.

Дарогі Вызваліцеляў былі надзвычай складанымі, з крывёю, з жахамі смерці. Менавіта 23 верасня 1943 года савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын тагачаснай Палескай вобласці. З гэтага дня і пачаўся доўгі і цяжкі шлях выгнання акупантаў з бясстрашнай беларускай зямлі. Аднак да вызвалення апошняга населенага пукта — Брэста — прайшоў амаль год… І, дарэчы, супрацьстаянне фашыстам яшчэ больш аб’яднала беларускі народ.

Вызваленне Беларусі — гэта адразу некалькі рашаючых наступальных аперацый, дзеянні шматлікіх падпольных груп, дзейнасць партызанскіх атрадаў, брыгад і злучэнняў. Наступальная аперацыя “Баграціён” карэнным чынам паўплывала на ход сусветнай гісторыі, на вызваленне не толькі Беларусі, але і еўрапейскіх краін.

Фактычна, пачаткам вызвалення стала бітва за Днепр. Восенню 1943 года састаўной часткай гэтай бітвы з’явілася Чарнігаўска-Прыпяцкая наступальная аперацыя, праведзеная 26 жніўня — 30 верасня 1943 года войскамі Цэнтральнага фронту (перайменаванага ў кастрычніку ў Беларускі фронт) пад камандаваннем генерала арміі К.К. Ракасоўскага. Газета “Правда” пісала: “Гітлераўскія варвары не разумелі, што для ўсяго савецкага народа Днепр — не проста шырокая і глыбокая рака, а рака-святыня, калыска нашай культуры, носьбіт народных былін і думак”.

А газета “Савецкая Беларусь” ад 9 жніўня 1943 года змясціла “Зварот воінаў-беларусаў да партызан і партызанак, да ўсяго беларускага народа”: “Перад будучымі вырашальнымі баямі з ворагам мы клянёмся вам, што не пашкадуем ні крыві, ні жыцця свайго ў барацьбе за святую справу, за разгром фашысцкіх катаў. Разам з братамі сваімі, рускімі і ўкраінцамі, разам з воінамі ўсіх народаў Савецкага Саюза мы прынясём вызваленне роднай зямлі, вернем свабоду і радасць роднаму і шматпакутнаму нашаму беларускаму народу”. Дарэчы, 200 тысяч экзэмпляраў брашур, лістовак і 20 тыс. экзэмпляраў газет з гэтым зваротам былі накіраваны ва ўсе партызанскія фарміраванні. Ад імені народных мсціўцаў і насельніцтва БССР было таксама паслана “Пісьмо ў адказ ад партызан, партызанак і жыхароў Беларусі” воінам-беларусам, на якім паставілі свае подпісы сотні тысяч партызан і жыхароў Беларусі.

Сёння нельга забываць, што вялікую дапамогу войскам аказвалі не толькі партызаны, але і звычайныя жыхары, якія рамантавалі дарогі, аднаўлялі ўзарваныя масты, збіралі і рыхтавалі мясцовыя пераправачныя сродкі, паказвалі байцам зручныя месцы для перапраў і дзейнічалі ў якасці праваднікоў.

Тэма Вялікай Айчыннай сёння шырока раскрываецца ў СМІ, на радыё і тэлебачанні. Так, агенцтва тэлевізійных навін распрацавала праект “Беларусь помніць”. Радуе, што і інтэрнэт шчодра дае свае старонкі сведчанням апошніх ветэранаў мінулай вайны. На сайтах устаноў адукацыі, культуры, прадпрыемстваў з’яўляюцца шматлікія матэрыялы, прысвечаныя вайне. У гарадах, пасёлках і вёсках Беларусі прахо-дзяць вахты памяці, сустрэчы з ветэранамі, акцыі. Ладзяцца экскурсійныя паездкі па тэматычных маршрутах “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Курган Славы”, “Лінія Сталіна”, “Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны” і іншых. Дарэчы, у гэтым музеі ашчадна захоўваюцца пажоўклыя ад часу газеты, лістоўкі, выдадзеныя ў суровы час.

На жаль, за апошнія гады прыкметна скарацілася колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай. 2018 год стаў вельмі драматычным: на пачатак сту-дзеня іх было яшчэ 9030, на пачатак красавіка — 8412, на пачатак кастрычніка — 7457 чалавек. Давайце не забываць і пра гэтыя самотныя лічбы! Не павінна быць забытых герояў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.