Незабыўныя сустрэчы

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Хуткацечная плынь жыцця выносіць кожнага на сваю дарогу, якая становіцца для нас важнай. У мяне яна звязана з работай у раённай газеце, якая раней называлася “Чырвоны сцяг”, і стала самай цікавай і жаданай. Бо чалавек выбірае прафесію назаўжды, і добра, калі яна па душы. Дарэчы, помню нашы паездкі ў гаспадаркі раёна, сустрэчы з працаўнікамі палёў і фермаў. Бывае, разгаворышся з механізатарам ці даяркай, і становіцца спакойна і добра ад простых, але такіх надзённых патрэб, калі з табой дзеляцца. Памятаю, у саўгасе “Гарадзейскі” (як ён называўся тады) адзін токар ніяк не паддаваўся на гутарку. Але я не адступіла, паступова дыялог адбыўся, і мне ўжо трэба было ісці, а ён прадаўжаў гаварыць. Як сказалі б сёння, кантакт наладзіўся. Ёсць розныя катэгорыі людзей: адным падабаецца быць на віду і “засвяціцца” ў газеце, іншым жа наадварот. І задача журналіста — знайсці падыход да кожнага, зацікавіць і акцэнтаваць увагу на патрэбнае для абодвух. Ды ўрэшце, трэба любым шляхам выканаць рэдакцыйнае заданне, калі не ўдалася адна тэма, шукай другую. У гэтым і заключаецца адметнасць і неардынарнасць журналісцкай работы.

Дзякуючы працы ў райгазеце мне давялося пазнаёміцца з калегамі з розных выданняў. Садзейнічалі таму міжрэгіянальныя і рэспубліканскія семінары. Было сапраўды цікава, бо збіраліся аднадумцы, людзі адной прафесіі. Нам было аб чым пагаварыць, паслухаць вопытных, нешта занатаваць для сябе, падумаць і параўнаць. Памятаю, я прымала ўдзел у рэспубліканскім семінары па пытаннях асвятлення ў сродках масавай інфармацыі сельскагаспадарчай тэмы. Нас павезлі ў гасцініцу на возеры Нарач. Размясціўшыся і паглядзеўшы маляўнічыя ваколіцы славутага возера, мы сабраліся ў канферэнц-зале. Выступалі тады журналісты рэспубліканскіх і абласных выданняў, асабліва актуальнай і цікавай была гутарка Уладзіміра Андрыевіча (ён тады працаваў у адной з абласных газет), падрабязна спыніўся на канкрэтных прыкладах, адбылася, як кажуць, прафесійная лятучка на тэму “як пісаць нельга”. Дарэчы, цяпер У. Андрыевіч з’яўляецца дырэктарам выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Вечарам мы адпачывалі. Дагаварыліся: ні слова аб рабоце. Але дзе там! Праз хвілін 20 зноў пачалі абмяркоўваць злабадзённыя пытанні, было ажыўлена і весела.

А яшчэ знамянальным для мяне было ўступленне ў Саюз журналістаў Беларусі, калі мы з Л.К. Саланевічам і М.М. Яроцкім паехалі ў Мінск. Хваляваліся, вядома, але ўсё прайшло нармальна. Памятаю, нас прыязна сустрэў тадышні рэдактар “Мінскай праўды” М.А. Шлома, пагаварыў, пацікавіўся нашымі справамі. Пазней мяне выбралі ў рэспубліканскую Раду Саюза журналістаў, і я прымала ўдзел у яе пасяджэннях. Зноў цікавыя сустрэчы з калегамі, гутаркі і дыскусіі.

Памятаю, на адным з пасяджэнняў калегі з Капыля і Клецка “адправілі” мяне на трыбуну. Пытанне, якое я ўзняла, хвалявала ўсіх “раёншчыкаў”: невысокія ганарары супрацоўнікаў. Выказала гэту праблему-прапанову, звяртаючыся да прэзідыума. Дарэчы, тады міністрам інфармацыі Беларусі быў наш зямляк Анатоль Бутэвіч. Пазней сітуацыя змянілася: у нас павялічыўся ганарар. Я, вядома, не стаўлю сабе гэта ў заслугу, магчыма, гэта праблема ўзнімалася і іншымі калегамі ці на другім узроўні, але факт застаецца фактам.

Незабыўнымі былі сустрэчы з масцітымі калегамі з Мінска, адзін з іх — Леанід Екель, раней ён узначальваў Саюз журналістаў Беларусі. Выдатны арганізатар, таленавіты журналіст, яго нарысы пра цікавых і адданых выбранай справе людзей рэгулярна друкаваліся ў газеце “Советская Белоруссия”. А яшчэ ў памяці застаўся цудоўны чалавек, журналіст, паэт Рыгор Сакалоўскі, які служыў у Афганістане, і прысвяціў таму цяжкаму перыяду вершы. Мне давялося слухаць яго ў Мінску на адным з пасяджэнняў абласной арганізацыі Саюза журналістаў, дарэчы, ён і кіраваў гэтай суполкай. Рэдакцыя нашай газеты запрашала яго на адзін з нашых юбілеяў, запомнілася душэўнасць гэтага чалавека.

У Клецкай раёнцы “Да новых перамог” быў рэдактарам Іван Габец, ён часцяком наведваўся да нашага рэдактара Івана Тартоўскага, па-сяброўску гутарыў з намі, быў просты і добры чалавек. Запомніліся і сустрэчы з іх журналістамі Алай Бушэнка, Ірынай Уласень, з апошнімі я падтрымлівала сувязі пэўны час. Цікавай і насычанай стала сустрэча на адным свяце 5 мая ў Стоўбцах, там мы з калегамі “Праменя” (якую рэдагаваў Іван Багатка) і Уздзенскай “раёнкі” паехалі ў Альбуць, дзе жыў Якуб Колас, пабывалі ў Акінчыцах, дакрануліся душой да маляўнічых мясцін нашага класіка. А потым адправіліся на турыстычную базу на беразе Нёмана, дзе абменьваліся прафесійнымі думкамі і проста адпачывалі.

Незабыўна і плённа прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі журналістаў, на якія я паехала ад нашай газеты. Мы займаліся амаль як студэнты. Да нас прыходзілі выкладчыкі мінскіх ВНУ, людзі вядомыя, вучылі, давалі штосьці новае. Запомніліся і заняткі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе разумныя прыборы вызначалі ўзровень мазгавой актыўнасці кожнага. Было вельмі цікава і захапляюча. Ездзілі мы тады і на сумна вядомы Востраў слёз, пакланіліся загінуўшым у Афганістане беларускім салдатам і афіцэрам. Пабывалі ў рэспубліканскім Доме прэсы, заходзілі ў рэдакцыі газет “Звязда”, “Мінская праўда”, іншых выданняў, коратка знаёміліся з іх работай. На заканчэнне курсаў мы здавалі “экзамены” і кожны слухач атрымаў сертыфі-кат з ацэнкай ведаў.

А самай яскравай з’явілася паездка ў сталіцу ў 2000-м годзе на сустрэчу з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. У канцэртнай зале Мінска сабраліся журналісты рэспубліканскіх, абласных і раённых газет, а таксама прадстаўнікі незалежнай прэсы. Усе ўважліва слухалі выступленне кіраўніка дзяржавы, які акцэнтаваў увагу на тым, што наша задача — праўдзіва і ўсебакова асвятляць дзяржаўную палітыку, не забываць пра людзей працы. А потым Прэзідэнт адказваў на пытанні, якіх паступіла нямала. Мы былі з тадышнім рэдактарам нашай “раёнкі” Тамарай Праль-Гуль, і на зваротным шляху дзяліліся ўражаннямі ад паездкі.

Шмат цікавых сустрэч і незабыўных момантаў было ў маім жыцці дзякуючы раённай газеце, і ў юбілейны год жадаю ўсім яе супрацоўнікам творчых удач і насычанага жыцця.

Раіса ХвіР, г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.