Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Пра яго памятаюць, за яго душу моляцца…

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Пост опубликован: 20.12.2019

У раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае адкрыццё фотавыставы, прысвечанай ганароваму грамадзяніну Нясвіжа, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, былому настаяцелю храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы, мітрафорнаму протаіерэю Дзмітрыю Хмелю. Мерапрыемства адбылося напярэдадні сумнай даты — 26 снежня споўнілася 10 год, як адышоў у вечнасць гэты вядомы ўсёй Нясвіжчыне святар, узор веры і любові да Бога і людзей.

Здымкі для выставы былі прадастаўлены сям’ёй Дзмітрыя Пятровіча і былым фотакарэспандэнтам “НН” Святланай Польскай, якая шмат разоў яго фатаграфавала як падчас святарскага служэння, так і на розных мерапрыемствах раённага ўзроўню, дзе ён быў жаданым госцем.

На першым плане (справа налева) — удзельнікі

ўрачыстага адкрыцця благачынны  Нясвіжскай

царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка,

протаіерэй Алег Абрамовіч, протаіерэй Яўген Лабынько

Гледачы знаёмяцца з выставай

Выступае сын Дзмітрыя Хмеля Расціслаў Дзмітрыевіч

 Аб сваіх уражаннях ад знаёмства з айцом Дзмітрыем расказвалі благачынны  Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка, настаяцель прыхода храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца, дзе некалі служыў сам айцец Дзмітрый, протаіерэй Яўген Лабынько, настаяцель прыходаў храмаў Святой Троіцы ў аг. Салтанаўшчына, Сабора Беларускіх Святых ў Нясвіжы і храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы аг. Юшавічы, протаіерэй Алег Абрамовіч, загадчык “Ясляў-сада № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства” Вольга Пуляк, укладальнік кнігі “Пастыр добры зямлі Нясвіжскай”, прысвечанай святару, Валянціна Шчарбакова, аўтар большасці фотаздымкаў, прадстаўленых на выставе, Святлана Польская.

Асаблівае слова, поўнае цеплыні і хвалявання, сказаў пра святара і самы блізкі яго чалавек — сын Расціслаў Дзмітрыевіч. У гонар бацькі ён назваў Дзмітрыем і свайго сына — працяг сям’і Хмель. Сімвалічна, што яго дзень нараджэння цудоўным чынам супаў з днём нараджэння дзядулі-святара.

Успаміны перамяжаліся кранальнымі выступленнямі лепшых артыстаў Нясвіжчыны, у выкананні якіх гучалі цудоўныя, напоўненыя глыбокім сэнсам песні. Удзельнікаў урачыстага ад-крыцця выставы таксама парадавалі сваёй творчасцю хор ня-дзельнай школы храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы пад кіраўніцтвам Хрысціны Пятрэнка і дзіцячы ўзорны танцавальны калектыў “Онікс” Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Кацярыны Лабазы.

Усё гэта ў спалучэні з высокамастацкімі фотаздымкамі стварыла шчымлівае ўражанне знаходжання самога героя сустрэчы сярод прысутных. Вядома, сапраўды патрапіць у мінулае — не ў нашых сілах. Але нам цалкам пад сілу спыніць імгненне, зафіксаванае фотакамерай, каб захаваць памяць аб людзях, якія ў ім засталіся. Памяць і любоў непадуладныя смерці, і ў гэтым можа яшчэ раз пераканацца кожны, хто наведае фотавыставу, прысвечаную Дзмітрыю Пятровічу Хмелю, якая пасля РЦК працягнула сваю дзейнасць у нядзельнай школе храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы. Яна будзе знаходзіцца там да праваслаўных Каляд, 7 студзеня.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ. 

Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа Дзмітрый Пятровіч Хмель — інвалід Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэна Айчыннай вайны 1-й ступені, узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”. Ужо ў сувязі з дадзенай акалічнасцю да яго асобы варта звярнуцца, уступаючы ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі. І яшчэ адна нагода надарылася, каб зноў добрым словам успомніць гэтага мудрага чалавека, пастыра, сябра, настаўніка — 10 гадоў, як протаіерэй Дзмітрый Пятровіч Хмель пайшоў з жыцця. З просьбай аб ёй і звярнуліся ў рэдакцыю прыхаджане храма святога Велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы, глыбока ўдзячныя свайму духоўніку. Настаяцелем гэтага храма Дзмітрый Пятровіч з’яўляўся 52 гады. А ўсяго служэнню Богу і людзям аддаў 60 гадоў.

Украінец па нацыянальнасці, выхадзец з Вініцкай вобласці, ён з 1948 года жыў у Беларусі — вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі, служыў святаром у Лагойскім раёне, а ў 1957 го-дзе пераехаў у Нясвіж, на ра-дзіму матушкі Алены Пятроўны. Святар праваслаўнай канфесіі, Д.П. Хмель сябраваў з ксяндзом Гжэгажам Вікенцьевічам Каласоўскім, пробашчам і дэканам парафіі касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, сустракаўся з яго паслядоўнікамі, з павагай адносіўся да людзей іншага веравызнання. Прыемна было бачыць яго побач са святарамі касцёла — на свяце ў Дзень Перамогі і ў Дзень Незалежнасці Беларусі, на службе ў касцёле ці на магіле расстраляных у вайну мірных жыхароў, на зажынках у сельгаспрадпрыемствах… Талерантны, высокамаральны, ён шмат рабіў для ўмацавання міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, духоўнасць хрысціянскай маралі ставіў вышэй за ўсё астатняе. І вучыў сваіх прыхаджан адрозніваць сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці чалавечага быцця ад люд-ской марнасці. Колькі людзей атрымала ад яго добрыя парады, знайшло ў іх душэўнае заспакаенне, колькі аблудных душ паставіў ён на правільны шлях! Галоўнае ў адносінах — узаемаразуменне, уменне слухаць, чуць і дараваць, любоў і вернасць, мір на зямлі, пад-крэсліваў святар.       І сам ва ўсім быў прыкладам, той асобай, што ў тым ліку цэментуе аснову грамадскіх адносін. Што вельмі актуальна, сугучна палітыцы нашай дзяржавы.

Як важна захоўваць гэты мір, абараняць яго, Дзмітрый Пятровіч часта расказваў, спасылаючыся на ўласны вопыт. У Вялікую Айчынную вайну ён ваяваў з фашысцкімі захопнікамі на ІІІ Беларускім фронце, у 5-й арміі, наводчыкам         100-міліметровай пушкі, адначасова з’яўляўся і арттапавылічальнікам. З баямі прайшоў ад Віцебска да Усходняй Прусіі, удзельнічаў у вызваленні ад ворага беларускіх Оршы, Мінска, Ліды, літоўскіх Вільнюса і Каўнаса. І ў многіх людзей старэйшага пакалення, хто часта сустракаўся з Дзмітрыем Пятровічам, застаўся ў памяці яго аповед:

— Было гэта на тэрыторыі Усходняй Прусіі. На нашым шляху аказаўся дзот, які нельга было абысці. Паступіў загад знішчыць яго. А ў нас гармата разбітая, разлік загінуў. Знішчыць дзот можна было, толькі прабраўшыся да яго з тылу. І я з супрацьтанкавай гранатай папоўз па траншэі. Нямецкі каравульны заўважыў мяне, выстраліў, раніў у нагу. І ўсё-такі я дапоўз, кінуў гранату. Падчас выбуху мяне зава-ліла абломкамі, выбрацца з-пад іх самастойна не змог. Суткі праляжаў, паранены, пакуль на мяне не наткнулася пахавальная каманда. Выцягнулі, каб аднесці ў брацкую магілу, але пачулі стогн… Паўтара месяца я лячыўся ў шпіталі ў Вільнюсе. Пасля выпіскі знайшоў сваю часць. А мая маці ўжо атрымала пахавальнае паведамленне.

Насуперак злому лёсу, сяржант Хмель застаўся жыць, каб працягваць свой вызваленчы паход на захад. Ён удзельнічаў у кровапралітных баях за Кенігсберг, у яго штурме і ўзяцці. Двое сутак там ішла бойка не на жыццё, а на смерць. Але анёл-ахоўнік збярог салдата. Калі Дзмітрый Хмель ішоў на вайну, маці дала яму іконку Мікалая Цудатворца, якую насіў у кішэні гімнасцёркі і верыў, што яна выратуе.

— У маім пазваночніку сядзіць куля. Дастаць яе немагчыма. Мяне даўно магло б не быць, а я жыву. Ну хіба гэта не цуд?! — гаварыў ветэран нам, журналістам, калі сустракаліся з ім у 2006 годзе, у сувязі з 80-гадовым юбілеем святара.

Падчас пастырскага служэння ў храме Георгія Перамаганосца Дзмітрый Пятровіч Хмель з’яўляўся і благачынным Нясвіжскай царкоўнай акругі. Благачынне тады ўключала амаль 30 прыходаў — Нясвіж, Клецк, частку Стаўбцоўскага, Капыльскага і Ляхавіцкага раёнаў. Таму работы ў святара было шмат. А колькі намаганняў ён прыкладаў, каб захаваць прыходы пры палітыцы атэізму! Старанні протаіерэя Хмеля былі адзначаны ордэнамі Ефрасінні Полацкай і Сергія Раданежскага, князя Кіеўскага Уладзіміра, князя Маскоўскага Данііла, а таксама Мітрай і Патрыяршай граматай.

Прыхаджане вельмі любілі і паважалі бацюшку. За сціпласць і чалавечнасць, за любоў да Бога і людзей, за ўменне знайсці, магчыма, тое адзінае слова ці нейкі довад, якія дапамагалі, за яго вялікую працавітасць. Нікому і ні ў чым ён не адмовіў. А невялікую нясвіжскую драўляную царкву на Новым месцы, накрытую дранкай, праз якую дождж заліваў іконы, даводзіў некалі да ладу сам. З вялікімі намаганнямі набыў бляху на дах, сам зрабіў купал. Толькі сцены белай цэглай абкладвалі муляры…

Пра яго памятаюць, за яго душу моляцца…

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!