“Маляўнічая Бацькаўшчына” па-нясвіжску

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

У Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя чарговага выпуску беларускамоўнага календара з серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” пад назвай “Маляванкі ў Ваш дом!”.

На мерапрыемства сабраліся краязнаўцы, гісторыкі, педагогі, майстры слова і фарбаў, тыя, хто імкнецца захаваць родную спадчыну: нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі, мову, памяць пра вядомых людзей праз іх творчасць. Правялі сустрэчу педагог і краязнаўца, збіральніца калекцыі, аўтар праекта “Маляванкі ў Ваш дом!”, аўтар рубрыкі “Хвілінка нясвіжазнаўства” на раённым радыё Наталля Плакса і заснавальнік серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына”, дарадца грамадскай ініцыятывы “Фонд народнай маляванкі” (Нясвіж) Валер Дранчук.

Гэты каляндар – 17-е выданне з вышэйназванай серыі і 6-е з тых, што маюць Нясвіжскую тэматыку. Ён прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння паэта Уладзіміра Жылкі, ураджэнца нясвіжскіх Макашоў. Тэматыка календара – маляванкі аўтараў Нясвіжчыны: Фёдара Вініцкага, Уладзіміра Ульянава, Іосіфа Мысліцкага (найбольшая колькасць). Ёсць і работы невядомых мастакоў. Усяго 12 маляванак на 12 старонках выдання. Таксама на яго старонках можна прачытаць радкі з вершаў Уладзіміра Жылкі, літаратурна-краязнаўчыя заметкі, напаміны пра святы і памятныя дні, падказкі месяца. На задняй вокладцы змешчаны імёны тых, хто зрабіў свой унёсак у выданне календара, сярод іх і наша зямлячка з Карцэвічаў Алена Харлеман, якая жыве ў Германіі.

Кароткі экскурс у гісторыю маляванкі зрабіла Наталля Плакса. Яна расказала, што гэты від народнага мастацтва ў сярэдзіне ХХ стагоддзя (30 – 60 гг.) быў пашыраны як носьбіт пэўнай эстэтыкі, пераважна вясковай, хатняй. Кожная сям’я імкнулася набыць маляванку – на кірмашы ці, як бывала, прыняць у сваім доме мастака-самавука, які за невялікую плату намалюе жаданы сюжэт: райскія кветкі і птушак, рахманых звяроў. Матэрыялам служылі саматканая тканіна, звычайнае шкло, кардон, фанера ды іншае. У Беларусі маляванкі былі не ўсюды. Асаблівае пашырэнне яны мелі на Віцебшчыне, Палессі, на Случчыне, Капыльшчыне, Стаўбцоўшчыне і Нясвіжчыне. Гэты каштоўны пласт народнай культуры вывучаны недастаткова і ў значнай ступені страчаны.

З міні-выставай маляванак, якія захоўваюцца ў музеі, пазнаёміла старшы навуковы супрацоўнік установы Вольга Шкрабіна. А Даша Рубіс і Міша Малец, выхаванцы мастака-педагога Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Марыны Канавалавай, паказалі выставу сваіх малюнкаў, якія выканалі на аснове ўбачаных даўніх маляванак. Яны прадэманстравалі і работы іншых выхаванцаў студыі.

Сын Іосіфа Мысліцкага Іван прынёс з сабой дзве знойдзеныя маляванкі на шкле. Адна з іх папоўніла музейную калекцыю ( іх стала 11, адна з іх – Іосіфа Мысліцкага), а другую ён падараваў Наталлі Васільеўне Плакса.

Госці чыталі вершы Уладзіміра Жылкі, а таксама складзеныя ў памяць аб ім, гутарылі аб духоўных каштоўнасцях.

На прэзентацыі гучала шмат цікавай інфармацыі, ідэй, прапаноў. Адзін з удзельнікаў сустрэчы прапанаваў, каб людзі старэйшага пакалення расказвалі сваім унукам і праўнукам пра сямейныя рэліквіі, прадметы побыту, якімі раней карысталіся. Спадзяюся, яны знойдуцца ў многіх. Таму, паважаныя спадарыні і спадары, адчыніце, калі ласка, свае шафы, загляніце на гарышча. І, знайшоўшы тое, што калісьці было прадметам штодзённага карыстання, а сёння ўжо, можа быць, з’яўляецца гісторыяй, музейным экспанатам, пазнаёмце з ім малодшых членаў сям’і, прывіваючы тым самым любоў да смейных каштоўнасцей і традыцый, якія яны перададуць будучым пакаленням. Сваю цікавую гісторыю можаце даслаць на адрас рэдакцыі, а мы апублікуем яе на старонках нашага выдання.

Напрыканцы сустрэчы Наталля Васільеўна падзякавала сваім гурткоўцам і новым удзельнікам сустрэчы – самасвядомым, неабыякавым да сваёй спадчыны, культуры людзям, якія імкнуцца яе захаваць і перадаць нашчадкам. Трэба памятаць і цаніць усё, што звязана з родным кутком, рабіць пэўны ўнёсак у гісторыю Бацькаўшчыны.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.