Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Уручэнне прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».

Цырымонія адбылася ў Палацы Рэспублікі. У гэты вечар тут разгарнулася выстава-прэзентацыя дасягненняў і творчых прац лаўрэатаў.

Па выніках 2019 года прысуджаны пяць прэмій «За духоўнае адраджэнне». Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Сярод іх настаяцель прыхода храма святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска протаіерэй Іаан (Іван) Харашэвіч, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, калектывы Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў і археалагічнага музея «Бярэсце», аўтарскі калектыў у складзе акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Кавалені, галоўнага рэдактара прадпрыемства «Белкартаграфія» Галіны Ляхавай, дырэктара Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Вячаслава Насевіча.

За выдатныя дасягненні ў сферах прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, што атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Сярод удастоеных гэтай узнагароды калектывы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «Беларускі спартыўны Алімп» 2019 года ўдастоены галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» Павел Булацкі, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў, старшы трэнер нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор’і Васіль Гулевіч. Узнагарода ім прысуджана за актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, развіцці фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць фарміраванню гарманічнай асобы.

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі «Беларускі спартыўны Алімп»

Шаноўныя сябры!

Уручэнне прэміі «За духоўнае адраджэнне» — выдатная традыцыя, якая надае калядным святам асаблівы сэнс.

Гэты вечар мы прысвячаем нашым суайчыннікам — тым, хто зберагае і ўзбагачае нацыянальную культуру Беларусі, штогод здзіўляе нас неверагоднымі дасягненнямі.

Высокія імкненні людзей, якія зараз падымуцца на гэту сцэну, не суадносяцца з канонамі сучаснага прагматычнага свету, дзе ўсë прадаецца і купляецца, а мараль і справядлівасць не каштуюць нічога.

Вялікую ідэю служэння грамадству і дзяржаве намінанты прэміі «За духоўнае адраджэнне» ставяць вышэй за матэрыяльныя выгоды. Сваімі справамі і ўчынкамі замацоўваюць у нашых сэрцах веру ў дабро і чысціню думак.

Такі прыклад выклікае пачуццё гордасці за наш народ, які захаваў лепшыя нацыянальныя рысы: спагадлівасць і велікадушнасць, працавітасць і мэтанакіраванасць, сапраўдны патрыятызм.

Дзякуючы героям гэтага святочнага вечара цеплыню і пяшчоту адчулі многія беларускія дзеці, якія засталіся без бацькоўскага клопату і любові. Знайшлі спачуванне і падтрымку людзі, якія сутыкнуліся з цяжкай хваробай, апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Традыцыйна мы ўручаем прэмію святарам. Яны штодзённа здзяйсняюць духоўныя справы ў імя ўсіх нас. Шануем дзеячаў культуры, прафесійных артыстаў і мастакоў — стваральнікаў сапраўднага мастацтва, якое ўзвышае душу.

Адзначаем тых, хто ўзбагачае нацыянальную культурную скарбніцу, займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі, узмацняе міжнародны аўтарытэт нашай краіны.

Сімвалічна, што напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі мы ўручаем прэмію «За духоўнае адраджэнне» Беларускаму грамадскаму аб’яднанню ветэранаў. Адзначым іх уклад у захаванне памяці аб подзвігу народа і актыўную гуманітарную дзейнасць.

А наша традыцыйная прэмія «Беларускі спартыўны Алімп» няхай натхняе айчынных спартсменаў на новыя здзяйсненні на будучых Гульнях у алімпійскім Токіа.

Дарагія сябры!

Я ўпэўнены: мы стварылі нашу незалежную дзяржаву ў тым ліку дзякуючы таму, што ўсе гэтыя гады помнілі пра свае вытокі і былі адданыя зямлі сваіх продкаў.

Мы і ў далейшым будзем падтрымліваць і заахвочваць усіх, хто ўзбагачае культурную спадчыну Беларусі, беражэ маральныя і духоўныя арыенціры, адраджае і напаўняе новым сэнсам нацыянальныя традыцыі. Яны наш якар, які дапаможа ўтрымацца на хвалі глабалізацыі, нацэленай на разбурэнне дзяржаўных асноў.

Так, мы ўсведамляем сябе часткай велізарнага свету і злучаны тысячамі ніцей эканамічных, культурных, дыпламатычных, роднасных, іншых сувязей з іншымі краінамі і народамі. Мы адкрыты для дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, але наш традыцыйны сацыяльна арыентаваны ўклад непахісны.

Толькі так, памятаючы, хто мы і ў чым наша ўнікальнасць, захоўваючы сваю ідэнтычнасць і самабытнасць, мы зможам супрацьстаяць ідэі ўніфікацыі свету пад адзіны, чужы нашаму менталітэту ўзор або стандарт.

Ствараючы духоўную, маральную і культурную асновы для жыцця будучых пакаленняў беларусаў, мы таксама забяспечваем нацыянальную бяспеку і ўмацоўваем суверэнітэт краіны.

Вынік нашага цвёрдага, паслядоўнага палітычнага і сацыякультурнага выбару — пабудова моцнай суверэннай дзяржавы. У яе стварэнні заслуга ўсяго беларускага народа. Але асаблівая роля належыць тым, хто прысвяціў сябе бескарысліваму служэнню сваёй Айчыне.

І я шчыра рады вітаць сёння намінантаў, падзякаваць ім за асабісты ўклад у развіццё нашай роднай Беларусі, у адраджэнне і захаванне яе культурнай і духоўнай спадчыны.

Паколькі тут сабралася эліта нашай дзяржавы, ад думак, спадзяванняў і ўчынкаў якой залежыць далейшае існаванне нашай краіны, яе развіцце, умацаванне, хацеў бы сказаць некалькі слоў на злобу дня. Можа, гэта не фармат, тым не менш я павінен пра гэта сказаць, таму што, так ужо сталася, гэта — актуальна.

Вы, напэўна, заўважылі, што ў сваіх выступленнях (і нават вельмі афіцыйных, у навагоднім віншаванні) я часта гавару пра суверэнітэт і незалежнасць. Паверце, гэта ад душы. Тут няма ніякай хлусні, тут няма нейкага майго ўчынку, каб дагадзіць камусьці. Я сапраўды прыхільнік гэтай ідэі. І не проста прыхільнік — давайце без лішняй сціпласці.

Усе прысутныя тут добра ведаюць нашу гісторыю: ніколі ў жыцці нашаму народу не давалася такой магчымасці без крыві пабудаваць, заклаўшы аснову з нуля, застаўшыся на абломках, асколках вялізнай імперыі, суверэнную і незалежную дзяржаву. Напэўна, гэта і адтуль (ад Бога. — Заўвага БЕЛТА). Напэўна, Ён нам дапамог, калі сапраўды існуе. Без яго не абышлося. І мы не маем права не скарыстацца гэтай унікальнай магчымасцю. Інакш будзем, як гэта было заўсёды, спатыкацца аб уласнае ныццё, аб уласныя разглагольстваванні і пажаданні. А потым будзем тлумачыць астатняму народу на гэтай зямлі, чаму ў нас не атрымалася.

Гэту дзяржаву мы сапраўды будуем, стварыўшы трывалую аснову. І давайце без пафасу: будуем не толькі для сябе — мы будуем для самага каштоўнага і дарагога, што ў нас у кожнага ёсць, — сваіх дзяцей. Для маіх, для вашых, для ўсіх тых, хто яшчэ не нарадзіўся, але народзіцца.

Мне пашанцавала (напэўна, Ён таксама дапамог) быць першым Прэзідэнтам гэтай суверэннай і незалежнай дзяржавы і, выбачайце за нясціпласць, сыграць галоўную ролю ў будаўніцтве гэтай дзяржавы. Але хіба знойдзецца чалавек, Прэзідэнт (якому так пашанцавала, які наеўся гэтай улады спаўна — кажу вам шчыра), які ўласнымі рукамі знішчыць тое, што сам ствараў?

Я не апраўдваюся, тым больш нікога не баюся. Я проста хачу папярэдзіць вас усіх: цяпер вельмі востры перыяд у існаванні нашай дзяржавы. Мы ідзём не проста па тонкім лёдзе або па лязе. Мы ідзём і хістаемся ўлева і ўправа. Не дай бог, недакладны, няправільны крок — мы страцім усё.

Трэба спыніць усялякія бадзянні па мірных, спакойных, чыстых вуліцах (нехта іх прыбірае, нехта забяспечвае гэты мір). Трэба проста спыніць усялякія размовы аб суверэнітэце і незалежнасці. Трэба спыніць размовы аб тым, што нехта хоча «здрадзiць» і здаць Беларусь. Можа, нехта і хоча… Але не першы Прэзідэнт, які гэту краіну будаваў.

І не нафта і газ галоўнае ў гэтых «тузаннях» і перагаворах кіраўніцтва Беларусі і Расіі. Напэўна, не фармат сёння аб гэтым гаварыць, але я проста скажу ў двух словах. Чаму мы дагэтуль з Прэзідэнтам Расіі не дамовіліся па нафце? Таму што Расія хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах вышэйшых за сусветныя. Дзе гэта відана? Таму я і адмовіўся ад такой нафты і адкрыта заявіў: калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расіі, мы знойдзем гэту нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. Няхай нават будзе даражэй, але мы знойдзем. І знайшлі.

Напэўна, не час гаварыць гэту праўду, паколькі ідзе працэс перагавораў, але гэта так. Што датычыцца паставак расійскага газу, аргументы мае простыя. 75 гадоў Вялікай Перамогі. Усе гарлапанілі дзе толькі магчыма — і ў Расіі, і ў Беларусі. Але «Газпрам» сёння на Беларусі зарабляе ў тры разы больш, чым на Германіі. Гэта нармальна? Гэта ненармальна.

Мы дамовіліся на сённяшні дзень, што гэтыя два месяцы (гэта была прапанова Прэзідэнта Пуціна) будзем працаваць па газу на ўмовах 2019 года. Але я нагадаю: калі мы ў 2011 годзе ішлі на продаж «Белтрансгаза», была строгая дамоўленасць, што за пяць гадоў  мы выйдзем на ўнутрырасійскую цану па газу. Нехта гэта забыў, я памятаю. Таму настойваю, каб гэта было рэалізавана.

Многія нашы «свядомыя» спалі і раптам — «страта суверэнітэту!» — прачнуліся і закрычалі: «Трэба было яшчэ тады, гадоў дваццаць таму пайсці на сусветныя цэны і адмовіцца ад Расіі». Вы ведаеце, калі б мы гэтыя крокі зрабілі, мы з вамі тут не знаходзіліся б. Расія — гэта не проста велізарная краіна, дружалюбны нам народ. Гэта краіна, дзе мы куплялі сыравіну. Самае галоўнае (сыравіны мора, мы можам купіць яе ў любой краіне) — гэта наш агульны рынак. Мы ўсе пералапачвалі і перапрацоўвалі на гэтай прасторы. І што можа здарыцца і здарылася б — паглядзіце на суседнюю Украіну. Гэта часткова таму, што па жывым усё парвалі і паламалі. І вось гэтыя «нашы», якія некалі кіравалі краінай, і іх народ проста выкінуў, адмовіўшыся ад іх паслуг, сёння пачынаюць лямантаваць, селі на каня.

Будзе час, я падрабязна далажу аб сітуацыі, якая складваецца ў свеце наогул і ў прыватнасці з нашай братэрскай Расіяй. Але вы павінны помніць: няма больш у свеце народа, які з такой павагай і хваляваннем адносіўся б да беларусаў, як расіяне. Па-рознаму могуць ісці пляскі, свістапляскі і перагаворы паміж кіраўніцтвам краін і элітамі, але трэба глядзець глыбей: расіяне — нашы людзі, браты, якія заўсёды гатовы падставіць нам плячо ў цяжкую хвіліну. І сёння няма катастрофы, калі мы нават не дамовімся з Расіяй аб тым, аб чым я толькі што сказаў. Жывём жа гэтыя дні і будзем жыць не горш, чым у 2019 годзе. Вельмі хутка не разбагацеем, але ні ў якім разе не загінем. Не той час: мы сталі на ногі. Сталі дзякуючы сваёй працы.

Я зусім нядаўна пачытаў закрытую справаздачу для Прэзідэнта, як нас ацэньваюць у свеце. Я не буду ўсё пераказваць, але што мне спадабалася (гэта кажуць не проста людзі, якія да нас прыехалі ў хакей пагуляць, турысты і гэтак далей, а прафесіяналы і спецыялісты) — кажуць, так, у Беларусі ёсць карупцыя, але яна або на мінімуме, а калі наверсе, то яе наогул месцамі няма. Пра беларусаў яны кажуць (цытую), што «гэта адукаваныя, працавітыя людзі», і, што мяне ўразіла, «гэта людзі, якія не возьмуць тое, што ім не належыць, у адрозненне ад украінцаў, расіян і іншых суседзяў». Мне было прыемна чытаць гэту справаздачу з закрытых крыніц, дзе людзі ўслых не кажуць, а проста выпрацоўваюць палітыку, раяць сваім урадам.

І гэта дарагога варта. Мы павінны быць такімі. Мы павінны жыць у сваёй краіне, павінны разумець, дзеля чаго жывём. І ні ў якім разе не павінны скоса глядзець на сваіх суседзяў, асабліва расіян. Некаму вельмі хочацца, каб мы сутыкнулі два народы. Тады ўсё — крыж на нас.

Сёння адносіны беларусаў і расіян — паказчык таго, як павінны развівацца адносіны не толькі паміж братэрскімі дзяржавамі, не толькі паміж суседзямі, але і ўвогуле. Нават паміж ЗША і Іранам: патузаліся, патузаліся, па мордзе надавалі адзін аднаму і ціхенька дамаўляюцца, думаюць, няўжо мы дурнейшыя.

Таму не трэба думаць, што недзе на Захадзе або на Усходзе нехта нам прынясе і падорыць шчасце. Шчасце ў нашых руках. І калі мы будзем такімі, як гэтыя паплечнікі, якія цяпер выйдуць на гэту сцэну, або хоць напалову, як яны, мы абавязкова захаваем і ўмацуем нашу суверэнную і незалежную дзяржаву.

Давайце працаваць дзеля гэтага.

Яшчэ раз з Новым годам і Раством Хрыстовым!

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!