Візіт прэм’ер-міністра Латвіі ў Беларусь

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Лукашэнка прапануе сур’ёзна пашырыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе сур’ёзна пашырыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 16 студзеня на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Латвіі Крыш’янісам Карыньшам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яшчэ ў часы Савецкага Саюза эканамічныя сувязі дзвюх краін былі вельмі моцнымі, аднак многае страчана за апошнія гады.

“Мне сапраўды прыемна бачыць вас з вашымі калегамі ў Мінску. Вельмі спадзяюся, што для вас гэта не чужы горад, гэтак жа, як для мяне сталіца нашай дружалюбнай Латвіі. Як бы там ні было, што б мы ні гаварылі або нехта, усё ж такі мы былі часткай некалі вялікай краіны. У нас былі не проста дружалюбныя, а блізкія адносіны. Нашы эканамічныя сувязі былі вельмі моцныя, – адзначыў ён. – Многае мы страцілі за апошнія гады. Але важна не столькі глядзець назад, колькі звяртаць сваю ўвагу і погляд наперад. І ў гэтым плане намецілася шмат напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй”.

“У адрозненне ад іншых балтыйскіх дзяржаў фон добры супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Я лічу, што нам трэба скарыстацца гэтым момантам і сур’ёзна пашырыць наша супрацоўніцтва. Тым больш, што ад яго пашырэння мы бачым вялікую выгаду (калі гаварыць пра эканоміку) як для Латвіі, так і для Беларусі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускі бок сур’ёзна рыхтуецца да яго візіту ў Латвію. “Дзякуй усім вам і вашым калегам за запрашэнне наведаць гэту дружалюбную нам краіну. Ваш візіт у Мінск я разглядаю як сур’ёзны этап падрыхтоўкі дамоўленасцей, якія могуць быць канчаткова зацверджаны ў час майго прыезду ў Рыгу”, – адзначыў беларускі лідар.

У цэлым Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці адказаць на любыя пытанні і прапанаваў прэм’ер-міністру адкрыта абмеркаваць усе тэмы, якія цікавяць. “Трэба абмеркаваць усе пытанні, каб мы зладжана, шчыра, адкрыта ішлі на супрацоўніцтва адзін з адным. Каб потым не папракаць адзін аднаго і не пераадольваць бар’еры, якія мы можам стварыць у выпадку, калі мы не дамовімся, не абмяркуем тыя ці іншыя праблемы сёння”, – сказаў беларускі лідар.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Латвіяй у 2018 годзе склаў $582,7 млн, што амаль на 33 працэнты больш у параўнанні з узроўнем 2017 года. Экспарт – $485,6 млн, імпарт – $97,1 млн. У студзені-лістападзе 2019 года тавараабарот склаў больш за $460 млн, пры экспарце $377,5 млн.

Экспарт паслуг у 2018 годзе склаў $188,2 млн, а па выніках студзеня-кастрычніка мінулага года – $136,6 млн.

За 2018 год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Латвіі ў аб’ёме $107,5 млн, у тым ліку прамых – $82,1 млн. У студзені-верасні 2019 года – $68 млн, уключаючы $53,6 млн прамых.

На тэрыторыі Беларусі працуюць 585 прадпрыемстваў з удзелам латвійскага капіталу – у сферах гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі. Дзейнічае двухбаковая міжурадавая камісія па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, савет дзелавога супрацоўніцтва, змешаная камісія па міжнародных аўтамабільных зносінах, рабочая група па транспарце.

Лукашэнку чакаюць у Латвіі з візітам 3 красавіка

Аб гэтым прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш заявіў на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы.

“Вядзецца шмат падрыхтоўчай работы па арганізацыі вашага візіту ў Латвію. З нашага боку можа быць дата 3 красавіка. Калі, вядома, гэта зручна таксама і вашаму боку, то мы будзем вельмі рады бачыць вас”, – сказаў Крыш’яніс Карыньш.

Ён разлічвае, што ў беларускую дэлегацыю таксама ўвойдуць прадстаўнікі бізнес-супольнасці, каб бакі змаглі абмеркаваць не толькі палітычнае, але і эканамічнае супрацоўніцтва.

Латвіі важна бачыць Беларусь незалежнай і стабільнай – Карыньш

Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.

Слова ў адказ на перагаворах Крыш’яніс Карыньш пачаў на рускай мове. Ён пажартаваў, што разумее яе лепш, чым размаўляе на ёй, таму вымушаны перайсці на англійскую мову, каб “не сказаць нешта не так”. “Вы думаеце, я на англійскай мове лепш вас зразумею, чым на рускай? – пажартаваў у адказ Аляксандр Лукашэнка. – Каб вам лепш гаварыць на рускай, на нашай мове, вы да нас часцей прыязджайце”.

Крыш’яніс Карыньш адзначыў, што Латвія зацікаўлена развіваць добрыя адносіны з Беларуссю. “Для нас важна бачыць незалежную, стабільную і працвітаючую Беларусь”, – сказаў прэм’ер-міністр.

Ён закрануў пытанні падрыхтоўкі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію, дадаўшы, што ў Рызе яго будуць чакаць 3 красавіка, калі гэта дата зручная для беларускага боку.

Прэм’ер-міністр дадаў, што ў Латвіі нядаўна змяніліся рэгламенты кіравання партамі, і цяпер яны поўнасцю падкантрольныя ўраду. “Мы адкрытыя для бізнесу”, – адзначыў ён.

У час сустрэчы была закранута тэматыка падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе пройдзе ў Мінску і Рызе. Крыш’яніс Карыньш заявіў, што з латвійскага боку ўсё ідзе па плане. “Мы вельмі рады магчымасці праводзіць у наступным годзе чэмпіянат па хакеі разам з вамі, – падкрэсліў ён. – І што асабліва прыемна: беларуская і латвійская каманды ў розных дывізіёнах, таму, можа, у канцы чэмпіянату мы сустрэнемся ў Мінску”.

“Не дай бог!” – жартам адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што латвійцы апошнім часам прынеслі беларусам шмат непрыемнасцей на лёдзе, таму ў Мінску гэтай сустрэчы асцерагаюцца.

Карыньш пацвярджае магчымасць паставак нафты ў Беларусь праз латвійскія парты

Аб гэтым ён заявіў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

“Гаворачы аб эканамічных адносінах, транспарт, лагістыка – самы лагічны шлях (для іх развіцця. – Заўвага БЕЛТА), дзе ў нас ужо ёсць адносіны”, – падкрэсліў кіраўнік урада Латвіі.

Паводле яго слоў, латвійскі бок бачыць вялікую прастору для развіцця супрацоўніцтва. “З аднаго боку, можна экспартаваць з Беларусі праз латвійскія парты нафтапрадукты. Але можна абмеркаваць і іншую магчымасць – імпарт нафты з усяго свету праз Латвію ў Беларусь. Мы абмяркоўваем ужо такія магчымасці. Вядома, кампаніям трэба даследаваць гэта пытанне, таму што бізнес павінен быць узаемавыгадным. Тут мы бачым вялікія магчымасці для Латвіі і Беларусі”, – заявіў Крыш’яніс Карыньш.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне аб тым, калі магчыма дасягненне такіх дамоўленасцей, прэм’ер-міністр сказаў: “Гэта пытанне трэба задаваць кампаніям. Што датычыцца ўрада, ён у вышэйшай ступені зацікаўлены ў развіцці бізнес-магчымасцей. Тут пытанне практычнае. Трэба ўзаемадзейнічаць з тэрміналамі, чыгуначнымі кампаніямі, якія будуць забяспечваць гэтыя пастаўкі”.

“Што датычыцца пазіцыі Латвіі, мы зацікаўлены ў больш доўгатэрміновых адносінах. У такім выпадку магчыма планаваць бізнес, і гэта дазваляе паніжаць цэны, а гэта добра для ўсіх уключаных бакоў”, – дадаў Крыш’яніс Карыньш.

Крыш’яніс Карыньш у цэлым падкрэсліў, што для латвійскага ўрада вельмі важна працаваць над паляпшэннем адносін з Беларуссю і рабіць іх больш трывалымі.

“Мы лічым, што існуе вельмі вялікі патэнцыял для таго, каб гэтыя адносіны зрабіць яшчэ лепшымі як на палітычным, так і на эканамічным узроўні”, – адзначыў ён.

Напярэдадні візіту ў Мінск прэм’ер-міністра пасол Латвіі ў Беларусі ў інтэрв’ю БЕЛТА заявіў, што транзіт нафтапрадуктаў вядзецца даўно, і тут ёсць стабільныя традыцыі і добрыя сувязі. “Пытанне так званых рэверсных, або альтэрнатыўных, паставак нафты не новае ў нашых адносінах, гэта тэма з’явілася не ў снежні мінулага года або ў студзені гэтага. Гэта пытанне, якое ў нейкай ступені мы абмяркоўваем пастаянна. Латвійскае міністэрства транспарту 3 студзеня пацвердзіла, што заўсёды гатова ўдзельнічаць, калі будуць праекты па альтэрнатыўных пастаўках нафты, – сказаў ён. – Што датычыцца нафтапрадуктаў, то гэта адпрацаваная схема беларуска-латвійскага супрацоўніцтва з добрымі вынікамі. Гэта традыцыйная галіна, дзе дзве краіны эфектыўна  ўзаемадзейнічаюць”.

У 2019 годзе экспарт нафтапрадуктаў праз латвійскія парты ў Беларусь па чыгунцы склаў 3,7 млн ​​т. Гэта паказвае, што галіна стабільна развіваецца, з вялікімі аб’ёмамі. У асноўным задзейнічаны галоўныя парты Латвіі (Вентспілс, Рыга, крыху Ліепая), дзе ёсць неабходныя тэхнічныя магчымасці, глыбіня акваторый партоў.

Важны ігрок у гэтай галіне супрацоўніцтва – Латвійская чыгунка. Кіраўнік Латвійскай чыгункі ў снежні мінулага года ў Мінску сустракаўся з беларускімі калегамі і абмяркоўваў перспектывы развіцця сувязей.

Як паведамлялася, урад Беларусі прадаўжае адпрацоўваць схему альтэрнатыўных паставак нафты, вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты. Першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой 14 студзеня расказаў журналістам: “Мы разаслалі адпаведныя камерцыйныя прапановы. Усе камерцыйныя службы нашых заводаў, Беларускай нафтавай кампаніі знаходзяцца на перагаворах практычна ў штодзённым рэжыме. Думаю, тут мы таксама хутка атрымаем альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі канкрэтнай нафты. Усе магчымыя краіны: і Украіна, і Польшча, і краіны Балтыі, і Казахстан, Азербайджан”.

Беларусь і Латвія павінны актыўна выкарыстоўваць свой транзітны патэнцыял – Румас

Аб гэтым заявіў беларускі прэм’ер-міністр Сяргей Румас на сустрэчы з латвійскім калегам Крыш’янісам Карыньшам.

“Як суседзі і адначасова краіны з высокім транзітным патэнцыялам мы павінны выбудоўваць канструктыўны прагматычны дыялог і актыўна выкарыстоўваць перавагі свайго геапалітычнага становішча. Транспартна-лагістычная сфера заўсёды была стратэгічным напрамкам нашага супрацоўніцтва”, – сказаў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр прапанаваў абмеркаваць на сённяшняй сустрэчы “напрамкі, дзе можам дабавіць у нашым супрацоўніцтве”. Паводле яго слоў, у Беларусі і Латвіі добрая дынаміка ўзаемадзеяння ў сферах IT, турызму. “У Беларусі створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця бізнесу ў Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльным парку “Вялікі камень”. І мы бачым цікавасць, якую латвійскі бізнес выказвае да гэтых паркаў”, – дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Сяргей Румас адзначыў, што Латвія традыцыйна ўваходзіць у лік важнейшых гандлёвых партнёраў і інвестараў у Беларусі. “Упэўнены, што той невялікі спад ва ўзаемным тавараабароце, які мы назіралі ў 2019 годзе, паспяхова пераадолеем у бягучым годзе. Тым больш што акрамя традыцыйных сфер супрацоўніцтва ў нас актыўна развіваюцца новыя высокатэхналагічныя напрамкі, добры ўзровень узаемадзеяння адзначаецца ў інвестыцыйнай сферы, устойліва расце колькасць сумесных бізнес-праектаў”, – сказаў прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, паспяхова рэалізуецца міжурадавы план мерапрыемстваў на сярэднетэрміновую перспектыву, які аб’ядноўвае асноўныя напрамкі сумеснай работы – ад транспарту і лагістыкі да медыцыны і адукацыі. “Гэты план – добрая аснова для работы беларуска-латвійскай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве”, – лічыць Сяргей Румас.

Беларусь прапрацуе з Латвіяй магчымасць прамой пастаўкі электраэнергіі – Румас

Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Латвіі Крыш’янісам Карыньшам.

У прыватнасці, мы абмяркоўвалі пытанні энергетыкі. Дамовіліся, што нашы міністэрствы энергетыкі прапрацуюць пытанне прамой пастаўкі электраэнергіі ў Латвію, а не праз сумежныя краіны”, – сказаў Сяргей Румас.

На думку прэм’ер-міністра, вельмі вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва ёсць у сферы грузаперавозак. “Беларусь як краіна, якая не мае выхаду да мора, вельмі зацікаўлена ў патэнцыяле латвійскіх партоў для перавалкі самых разнастайных беларускіх грузаў. І мы таксама дамовіліся, што ў рабоце міжурадавай камісіі, якую ўзначальваюць нашы міністры транспарту, гэта пытанне будзе адным з асноўных”, – растлумачыў кіраўнік беларускага ўрада.

Сяргей Румас звярнуў увагу, што адносіны Беларусі і Латвіі развіваюцца вельмі дынамічна, наладжана добрае супрацоўніцтва на палітычным узроўні. “Мы вельмі ўдзячны Латвіі за тое, што яна аказвае дапамогу нам у выбудоўванні добрых, даверных адносін з Еўрасаюзам, дапамагае выбудаваць інвестыцыйнае, крэдытнае супрацоўніцтва”, – падкрэсліў ён.

Што датычыцца ўзаемнага тавараабароту, у 2019 годзе ён некалькі прасеў, аднак кіраўнік беларускага ўрада ўпэўнены, што ў 2020 годзе ўдасца выправіць сітуацыю.

“Патэнцыял развіцця адносін з Латвіяй, напэўна, найбольшы сярод усіх нашых краін-суседзяў. І менавіта ад урадаў залежыць, наколькі мы зможам яго сёння рэалізаваць”, – рэзюмаваў Сяргей Румас.

Як паведамлялася раней, Латвія не выключае магчымасці куплі электраэнергіі ў Беларусі. Гэта тэма абмяркоўвалася ў тым ліку ў кантэксце ўводу Беларускай АЭС. Кабінет міністраў Латвіі падтрымаў прапанову Міністэрства эканомікі аб тым, што ў выпадку прыпынення Літвой гандлю электраэнергіяй з Беларуссю, гандаль будзе перанесены з літоўскага на латвійскую граніцу для забеспячэння прамых паставак.

Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні інструментаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза – Румас

“Мы зацікаўлены ў пашырэнні інструментаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза і хацелі б шырэй выкарыстоўваць патэнцыял “Усходняга партнёрства” для развіцця беларускай эканомікі. І дапамогу Латвіі ў руху наперад на гэтым шляху мы вельмі цэнім”, – адзначыў Сяргей Румас.

Ён выказаў удзячнасць за канструктыўную пазіцыю Латвіі ў выбудоўванні поўнамаштабнага дыялогу Беларусі з Еўрапейскім саюзам, уключаючы падтрымку намаганняў Беларусі па ўстараненні любых перашкод на шляху інвестыцыйнага і крэдытнага супрацоўніцтва з краінамі ЕС.

“Спадзяюся, што нашы сустрэчы дапамогуць сфарміраваць сур’ёзную аснову для падрыхтоўкі і правядзення візіту кіраўніка дзяржавы і сустрэчы з вашым прэзідэнтам ужо ў бліжэйшы час”, – дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Крыш’яніс Карыньш у сваю чаргу адзначыў, што для Латвіі Беларусь – вельмі важны сусед. “І мы вельмі рады бачыць незалежную і стабільную Беларусь. У ходзе гэтага візіту гэтак жа, як, напэўна, і вы, спадзяюся дапамагчы ўмацаваць адносіны паміж нашымі дзвюма краінамі”, – сказаў латвійскі прэм’ер.

Ён падкрэсліў зацікаўленасць Латвіі не толькі ва ўмацаванні двухбаковых адносін з Беларуссю, але і адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, асабліва ва “Усходнім партнёрстве”. “У ім мы ўдзельнічаем вельмі актыўна і з цікавасцю назіраем, як Беларусь і ЕС могуць умацоўваць свае адносіны. І, вядома ж, у гэтым ключы мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб развіваць пазітыўныя адносіны паміж Беларуссю і НАТА”, – дадаў Крыш’яніс Карыньш.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.