Сейлавіцкі сельвыканкам — самы лепшы

Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 17
  •  
  •  
  •  
  •  

На штогадовым раённым спаборніцтве сярод Гарадзейскага пасялковага і сельскіх Саветаў дэпутатаў па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, выкананні параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2019 годзе лепшым быў прызнаны Сейлавіцкі сельвыканкам.

— Парадак і чысціня кожнага населенага пункта — яго своеасаблівая візітная картка, таму менавіта гэтаму аспекту адводзіцца значная роля, — кажа старшыня Сейлавіцкага сельсавета Васіль Чычко. — Але зрабіць свой родны куток прыгожым магчыма толькі агульнымі намаганнямі. Дзякуючы сумеснай рабоце з органамі грамадскага самакіравання, актывам, кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў, насельніцтвам з кожным годам тэрыторыя сельсавета змяняецца ў лепшы бок.

Падчас пасадкі сквера побач з адміністрацыйным будынкам Сейлавіцкага сельвыканкама і ААТ “Сейлавічы”

Так, у мінулым годзе з мэтай паляпшэння якасці пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення ў аг. Сейлавічы ўведзены ў строй станцыя абезжалезвання вады і аўтаматычная каналізацыйна-помпавая станцыя. У бягучым годзе спецыяльныя ачышчальныя фільтры будуць устаноўлены на водаправодзе ў вёсцы Затур’я. Заасфальтаваны ўчастак дарогі паміж вёскамі Амлынцы і Новыя Навасёлкі, 770 метраў.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі працягваюць будаваць новае жыллё. У аграгарадках Старыя Навасёлкі і Юшавічы былі перададзены ў эксплуатацыю тры аднакватэрныя жылыя дамы, у Сейлавічах восем сем’яў атрымалі кватэры ў новым шматкватэрным доме з дзіцячай гульнявой пляцоўкай.

У зоне пастаяннай увагі — брацкія і адзіночныя пахаванні воінаў, абеліскі. У мінулым годзе да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Сейлавічах у скверы быў усталяваны памятны знак воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На грамадзянскіх могілках і ў населеных пунктах сельсавета спілавана 16 аварыйных дрэваў. У аграгарадку Старыя Навасёлкі сіламі жыхароў і навучэнцаў Навасёлкаўскага НПК д/с-СШ быў пасаджаны сквер — 160 саджанцаў клёна і ліпы. Працягвалася работа па азеляненні Сейлавічаў, там высаджана больш за 200 дрэў.

Актыўна праводзіцца работа па ўцягненні ў абарот невыкарыстоўваемых зямельных участкаў, прымаюцца меры па ўліку і ліквідацыі пустуючых безгаспадарных дамоў. Летась было знесена 7 такіх дамоў у Сейлавічах, Андрушах, Кунасе, Ракавічах і Затур’і, 4 пустуючыя дамы па рашэнні суда перададзены ў вядзенне сельсавета. У севазварот уключана 11 зямельных участкаў агульнай плошчай 5,45 га. Абнаўленні працягваюцца.

З гаспадарамі практычна ўсіх домаўладанняў заключаны дагаворы па збору смецця, яго цэнтралізаваны вываз забяспечвае УП “Нясвіжская ЖКГ”. Дадаткова былі набыты і ўстаноўлены 12 кантэйнераў, абсталяваны 3 кантэйнерныя пляцоўкі.

На добраўпарадкаванне населеных пунктаў летась з розных крыніц фінансавання выдаткавана больш за 30 тысяч рублёў.

— Не толькі дзяржава стараецца палепшыць выгляд населеных пунктаў, але і іх жыхары прыкладаюць для гэтага намаганні, — адзначае старшыня Сейлавіц-кага сельсавета Васіль Чычко. — За ўласныя сродкі яны ўстанаўліваюць новыя агароджы, малыя архітэктурныя формы, высаджваюць кветкі, падтрымліваюць ля сваіх сядзіб парадак. Як вынік такой працы — падворкі грама-дзян сельсавета прызнаюцца лепшымі ў раённых конкурсах. Так, напрыклад, летась сядзіба М.М. і Н.І. Бука з аграгарадка Юшавічы заняла першае месца ў раённым спаборніцтве “Лепшы падворак-2019” сярод людзей пажылога ўзросту. Акуратнасцю, чысцінёй і кветкавай прыгажосцю вылучаюцца сядзібы працаздольных людзей — У.К. Няверкі, А.У. Платуна, Н.Дз. Салавей, Я.К. Платуна, Ю.М. Мемуса, Г.І. Касцевіча і многіх іншых. Яны прыкладваюць шмат сіл і старання для добраўпарадкавання сваіх двароў, навядзення там прыгажосці. Што радуе, такіх гаспадароў становіцца ў сельсавеце ўсё болей.

Аксана ГРОХ.

 

 

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 17
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.