Што трэба для шчасця. Апавяданне

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Самастойнае жыццё Сонькі пачалося ў сырым і шэрым падвале. Жаласлівыя людзі змайстравалі для падкінутага кацяняці “спальню” з скрынкі з футрам унутры. Там і ляжала яно, скруціўшыся клубочкам і баючыся кожнага шоргату і гуку, чалавечых крокаў. Не давярала Сонька людзям, што аднялі яе ў месячным узросце ад мацярынскага малака і выкінулі на халодную вуліцу напачатку зімы. Але ішла на рукі да кабеты, што карміла яе ў падвале. Сэрцам чула Сонька, што жанчына добрая.

Пранюхаў пра падвальную “кватарантку” мясцовы жыхар — пухнаты кот Рыжык, якога клікалі тут “панам Рыжыкам” за паважнасць і велічны нораў. Панадзіўся ён наведваць бедную кошачку. Таксама шкадаваў Соньку і ўзяў пад сваю апеку. Амаль два тыдні працаваў Рыжык вартаўніком. Штодня з важным відам накіроўваўся з хаты ў падвал, дзе чакала яго малая.

“Вось жыву я ў цёплай утульнай кватэры, — разважаў Рыжык, — поўныя міскі ежы і добрая гаспадыня — усё для шчасця маю, а ў гэтай гаротніцы нават дому няма”. І ахоўваў Соньку, каб ніхто не па-крыўдзіў. Хай толькі які пацук паспрабуе наблізіцца да малой  — Рыжык тут як тут, шэрсць дыбам, вочы адвагаю бліскаюць і хвастом пераможна размахвае… Спуску ворагам не дасць! Нездарма слыў пан Рыжык пагрозаю двара. А сэрца меў чулае.

“Якія моцныя і дужыя лапы”, — думала маленькая Сонька, гледзячы на старэйшага сябра з захапленнем.

“Такая слабенькая і далікатная малеча…” — замілавана глядзеў Рыжык на Соньку, абдымаючы кацянятка лапамі. І важнічаў: “Буду вучыць малую жыццю”.

“З сябрам і не страшна тут”, — сцішвалася Сонька, прыту-ліўшыся да рыжага боку свайго абаронцы.

Так ляжалі яны ў скрынцы, грэючыся разам і муркаючы адно аднаму на вушка, і снілі салодкія сны пра кашэчае шчасце. Мабыць, сніліся ім птушкі і мышкі, квітнеючыя сады і гульні на зялёнай траўцы… А за сценамі падвала гуў злы вецер і церушыў мокры снег.

Так доўжылася, пакуль не вырашыўся Сонін лёс. У той шчаслівы для яе дзень прымалі ў сям’ю новую пушыстую жыхарку ў доме той самай жанчыны, якая карміла бяздомнае кацяня ў падвале. Там віталі Соньку вясёлым брэхам і мяўканнем гаспадарскі сабака і кот, жыццё якому таксама калісьці выратавала гаспадыня. Жанчына любіла жывёл і даказала гэту любоў на справе.

Так Сонька знайшла свой дом. І пасялілася па суседстве з Рыжыкам. Усе героі гісторыі шчасліва сустрэлі Новы год. А для шчасця хапае ўтульнага дому, дзе цябе чакаюць любоў і цяпло.

Аксана ШКРЭД,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.