Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

У дзень роднай мовы гаворым па-беларуску

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 2

Пост опубликован: 21.02.2020

Ці хапае беларускамоўнага напаўнення нашаму гістарычнаму Нясвіжу, гораду з важкай прэтэнзіяй называцца культурнай і турыстычнай сталіцай Беларусі? Сюды ж людзі едуць па глыбінную беларускасць, нацыянальную адметнасць. Ды гаворка найперш не пра турыстаў, а пра нас саміх, хто жыве тут, у Нясвіжы, на Нясвіжчыне. Ці падвышаем сваю ўласную годнасць, ці падмацоўваем нашу дзяржаўную незалежнасць штодзённым беларускім словам? Ці часта чуем яго на вулі-цах горада, на прадпрыемствах, у асяродках культуры, адукацыі, сферы паслуг? Калі шчыра і аб’ектыўна, на жаль, не.

Пры гэтым усё часцей і часцей на прамоўленае “дзякуй” пачуеш у адказ “калі ласка”, ды яшчэ і з цёплай усмешкай. Душэўны водгук на родную гаворку робіцца прыкметай часу, нацыянальнамоўным настальжы, моладзевым трэндам, новай сацыяльнай з’явай — не толькі службовым абавязкам ці выкананнем моўнага этыкету.

Хірург Яна Байко
лечыць і словам

У хірургічным кабінеце раённай паліклінікі чарговага наведвальніка сустракае маладая дзяўчына-ўрач — засяроджаная, уважлівая, з уніклівым позіркам. Пачуўшы чыстую беларускую гаворку, яна нейк па-сваяцку ўсміхаецца, азараецца прыязным святлом, пачынае гаварыць на матчынай мове і нават спецыфічную медыцынскую лексіку адаптуе да яе гучання. Яна Іванаўна Байко — з пасёлка Нарач, што на Мя-дзельшчыне. Яе маці — настаўніца роднай мовы. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Яна Іванаўна ўжо другі год працуе ў Нясвіжы і прадаўжае лепшыя традыцыі папярэднікаў, вопытных нясвіжскіх медыкаў, якія і па творах Караткевіча маглі падыскутаваць, і гісторыяй захапляліся, і краязнаўчыя радыё-хвілінкі не прапускалі, і агульнанацыянальныя дыктоўкі пісалі, і мове беларускай аніяк ганьбы не давалі.

Добрае валоданне роднай мовай дэманструюць супрацоўнікі нясвіж-скай газавай службы Алег Шпілеўскі і Ян Кіраш. Выклікайце іх, калі ёсць патрэба, звяртайцеся на чыстай літаратурнай мове — і будзеце ўражаныя багатай лексікай тэхнічных службоўцаў, далёкіх ад лінгвістыкі і філалогіі.

Неад’емная частка Дня роднай мовы — агульнанацыянальная дыктоўка

Месяц-другі папрацавала Вераніка Мацэль ў адной з крамаў “Хіт”, а запомнілася выключнай моўнай культурай, карэктнасцю абслугоўвання ў варонках дзвюхмоўя.

— Калі карыстаюся банкаматам, заўсёды ўводжу беларускую мову, — дзеліцца сваёй методыкай начальнік адзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Нясвіжскага райвыканкама Юлія Канішчава, — каб помніць, не забыцца!

Не забыцца на родную мову дапамагаюць і аб’яўленні аўтобусных маршрутаў на гарад-ской аўтастанцыі. Здавалася б, дробязь, ды не! Месца тут шматлюднае, і рэйсаў тых за дзень набярэцца шмат. Так і нагадваюць шматразова нам транспартнікі, што ёсць свая мова — прыгожая і зразумелая. А на чыгуначным вакзале ў Гарадзеі касірам Наталлі Гунько і Ганне Скачко беларускамоўны квіток і замаўляць не трэба: самі здагадаюцца, пачуўшы гаворку пасажыра. Далікатна падтрымаюць размову і па-сваяцку, нібы роднаму, з добрай усмешкай  пажадаюць шчаслівай дарогі.

Шаноўныя сябры! У дзень роднай мовы (і не толькі!) гаворым па-беларуску!

Наталля Плакса,

старшыня Нясвіжскай

раённай арганізацыі

ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка

Скарыны”.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!