Што такое добраўпарадкаванне?

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Што такое добраўпарадкаванне? Гэта прывабны знешні выгляд населеных пунктаў, камфортнае пражыванне людзей, экалагічнае асяроддзе.

І, вядома, усё гэта ўплывае на выхаванне падрастаючага пакалення і ў цэлым на менталітэт грамадзян, вучыць беражліваму стаўленню да ўсяго, што іх акружае, лічыць галоўны спецыяліст Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Карнюшкін.

— Нясвіж мае статус культурнай сталіцы Беларусі. Да нас штогод з блізкага і далёкага замежжа прыязджае больш за 300 тысяч гасцей: нехта праз турыстычнае бюро, а частка — самастойна. І сёння меркаванне пра Беларусь, у тым ліку і наш раён, складваецца па тым, як яны ўладкаваны, — кажа Аляксандр Анатольевіч.— Таму гэтыя пытанні — адны з асноўных у рабоце райсавета і сельвыканкамаў. Летась на добраўпарадкаванне сельскімі Саветамі накіравана 87,5 тысячы рублёў. У тым ліку 40 тысяч пайшло на знос пустуючых дамоў — планавалася знесці 50, а па факце атрымалася 66 пабудоў. У гаспадарчы абарот прыцягнулі 149 участкаў, або амаль 50 гектараў. Дзесьці атрыманую зямлю засеялі сельскагаспадарчымі культурамі, а недзе гаспадаркі пабудавалі жыллё.

Зносяцца дамы за бюджэтныя сродкі, але дапамагаюць у гэтай справе і прыватнікі, вы-дзяляюць тэхніку сельгасар-ганізацыі. Акрамя таго, на сайце райвыканкама змяшчаецца спіс прыдатных для жылля пустуючых дамоў, з тым каб людзі змаглі іх купіць. Асабліва ахвотна грамадзяне набываюць дамы ў аграгарадках, дзе ёсць неабходныя камунікацыі, інфраструктура, у населеных пунктах, побач з якімі знаходзяцца вытворчыя аб’екты — ферма, машынна-трактарны парк. У радыусе 5-6 кіламетраў ад райцэнтра купіць пустуючыя дамы праблематычна, у насельніцтва яны карыстаюцца павышаным попытам. Ды і ў невялікіх вёсках таксама добра наладжана гэтая работа. Прычым купляюць жыллё не толькі беларусы, але і расіяне.

— Сёлета запланавана знесці 42 дамы. Адпаведна, на гэта выдзелены сродкі, як і летась — 952 рублі на адзін, — кажа Аляксандр Карнюшкін. — Работа ў гэтым кірунку арганізавана сістэмна, планава. Ужо з сярэдзіны года сельскія Саветы дэпутатаў пачынаюць працаваць на наступны год. Па кожным з сельсаветаў распісана інфармацыя літаральна па кварталах: колькі дамоў неабходна знесці, у якіх населеных пунктах. Да такой адказнай справы падыходзім вельмі скрупулёзна, з улікам усіх нюансаў, звяртаем увагу на любыя дробязі, вядзём перапіску, працуем з домаўладальнікамі, вытрымліваем усе адміністрацыйныя працэдуры, каб не было пытанняў у судзе, — канстатуе Аляксандр Карнюшкін.

Але знесці дом — палова справы. Неабходна яшчэ выкарчаваць сад, кусты, зруйнаваць фундамент, а дзе — і пограб, акультурыць участак. І тут ёсць праблема: на невялікія па памерах надзелы нельга заехаць энерганасычанай тэхнікай. У гэтым выпадку любы ахвотны можа ўзяць кавалак зямлі для вядзення агародніцтва або будаўніцтва.

— Наогул, добраўпарадкаванне ўключае шмат складнікаў: утрыманне могілак, уладкаванне дарог, агароджаў, азеляненне і многія іншыя кірункі. І гэта не аднаразовая акцыя, а працэс, які не прыпыняецца практычна круглы год, — ад-значае мой суразмоўнік.—Добраўпарадкаванне — гэта перш за ўсё адносіны людзей да навакольнага свету, традыцыя жыць у чысціні, камфорце. Добры гаспадар заўсёды сочыць за парадкам у сваім доме. А малая радзіма — наш агульны дом, і клапаціцца пра яго неабходна таксама ўсім разам, талакой. Ды, на жаль, не ўсе гэта разумеюць або хочуць разумець. Мы выяўляем нядбайных гаспадароў, якія не сочаць за парадкам на сваім падворку. Толькі летась выпісалі ім 1668 прадпісанняў, за выкананнем якіх сочаць прадстаўнікі сельвыканкамаў.

За мінулы год сельскімі саветамі і насельніцтвам устаноўлена 3118 пагонных метраў агароджы, знесена 389 старых аварыйных дрэў. На тэрыторыі кожнага сельсавета штогод высадж-ваецца каля сотні маладых дрэў. Гэта ў тры-чатыры разы больш, чым зразаецца. У прыватнасці, да 80-годдзя Нясвіжа абапал дарогі на Сноў з’явілася алея — каля 500 маладых дрэўцаў. Азеляняюцца і тэрыторыі агульнага карыстання, пусткі.

У добраўпарадкаванне населеных пунктаў важкі ўнёсак робяць таксама святы вёсак, аграгарадкоў, вуліц, якія праводзяцца рэгулярна. Людзі наводзяць глянец на сваіх падворках і прылеглых тэрыторыях, падключаюцца мясцовыя сельгасарганізацыі. Нехта з кіраўнікоў выдзяляе грошы на ўладкаванне, хтосьці дапамагае тэхнікай, будаўнічымі матэрыяламі. Такія мерапрыемствы прымяркоўваюць, як правіла, да нейкай значнай мясцовай падзеі — адкрыцця дзіцячай пляцоўкі, садка, школы або гадавіны заснавання населенага пункта. Падобныя святы згуртоўваюць людзей, даюць магчымасць ствараць тут больш камфортныя ўмовы пражывання, а моладзі — глыбей спазнаць гісторыю і традыцыі сваёй малой радзімы, быту іх продкаў.

Яшчэ вельмі важна, што кожны сельскі Савет распрацаваў комплексны план развіцця населеных пунктаў з пералікам таго, што мяркуецца зрабіць для росквіту роднага кутка, у залежнасці ад фінансавых магчымасцей. Што датычыцца добраўпарадкавання, то раней бюджэтныя сродкі на яго выдаткоўваліся сельвыканкамам, цяпер жа яны перадаюцца жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Тут фарміруюць кадры, якія праходзяць сумоўе пры прыёме на работу. З ве-дама старшынь сельскіх Саветаў яны будуць размеркаваны кожны на свой участак работы і будуць пастаянна трымаць з імі сувязь. Бо хто, як не яны, ведае праблемы сваіх тэрыторый і на што варта звярнуць увагу ў першую чаргу?

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,

“Звязда”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.