Удзел Лукашэнкі ў саміце ЕАЭС

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прайшло 19 мая ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Па прапанове Прэзідэнта Беларусі лідары краін пяцёркі правялі пасяджэнне ў нестандартным фармаце, аб’яднаўшы вузкі і пашыраны склады.

З беларускага боку ў пасяджэнні прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, кіраўніцтва міністэрстваў антыманапольнага рэгулявання і гандлю, замежных спраў, транспарту і камунікацый, фінансаў, эканомікі, энергетыкі. Акрамя таго, удзел у саміце прыняў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка.

Лукашэнка: успрыманне бягучай сітуацыі ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца

Бягучая сітуацыя ў свеце і на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Нягледзячы на гэта, відавочна, што яе ўспрыманне ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 мая ў час пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў вузкім складзе.

“Працяглыя каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых граніц і непрацуючых прадпрыемстваў які-небудзь значны час утрымліваць ад спаду нацыянальныя эканомікі”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўсё часцей гучаць самыя негатыўныя прагнозы экспертаў для асобных дзяржаў і нават кантынентаў на бліжэйшую і аддаленую перспектыву. Адной з найбольш асаблівых праблем яны называюць пытанне забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. “Таму сёння нам вельмі важна знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Спадзяёмся, што Расія як лакаматыў нашага інтэграцыйнага аб’яднання будзе суадносіць меры, якія прымаюцца па аднаўленнні эканамічнага росту, з нашымі дамоўленасцямі ў рамках саюза па забеспячэнні свабоднага доступу тавараў на рынкі краін”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў аб нявырашаным пытанні па цэнах на транспарціроўку газу на агульным рынку ЕАЭС

“Неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. З канчатковым узаемапрымальным рашэннем мы не можам вызначыцца ўжо некалькі гадоў. Прытым што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае. Сёння мы павінны знайсці патрэбны нам усім кансэнсус”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб парадку дня пасяджэння, ён адзначыў, што яго галоўным пытаннем з’яўляецца прыняцце Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. “Гэты дакумент – гэта адначасова і план дзеянняў па паглыбленні адносін, і своеасаблівы паваротны пункт на шляху аднаўлення і павышэння тэмпаў развіцця эканомік нашых краін”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што падрыхтоўка дакумента ішла складана, але ў цэлым бакам удалося выйсці на ўзгодненыя рашэнні па ўсіх напрамках паглыблення інтэграцыі. У сувязі з гэтым ён падзякаваў удзельнікам за канструктыўны падыход.

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета плануецца правесці восенню ў Мінску

З прапановай правесці чарговае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Мінску ў вочным фармаце выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. “Я хацеў бы прапанаваць, каб мы сённяшні савет разглядалі ў якасці экстэрытарыяльнага савета. З улікам старшынства Беларусі ў ЕАЭС я вельмі разлічваю на правядзенне сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў – членаў ЕАЭС у вочным фармаце і прапанаваў бы яе правесці ў Мінску ў той час, калі вы зможаце прыехаць”, – адзначыў беларускі лідар. Ён дадаў, што такія мерапрыемствы па лініі ЕАЭС не праводзіліся ў беларускай сталіцы апошнія 5 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што яго ініцыятыва не выключае пры неабходнасці арганізацыю пасяджэння савета ў фармаце відэаканферэнцыі да таго, як адбудзецца вочная сустрэча.

Удзельнікі пасяджэння згадзіліся з прапановай кіраўніка беларускай дзяржавы. Канкрэтная дата мерапрыемства будзе вызначана пазней.

Лідары ЕАЭС у цэлым адобрылі стратэгічныя напрамкі развіцця інтэграцыі, але канчаткова не прынялі

Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў час абмеркавання і падрыхтоўкі дакумента на розных узроўнях было вельмі шмат меркаванняў. Абмяркоўваліся не толькі тыя пытанні, якія ўвайшлі ў стратэгію, але і шэраг іншых. “Тое, што ўдалося ўзгадніць, гэта кампраміс”, – сказаў ён. Адзіным неўрэгуляваным заставалася пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. На гэтым пытанні ў тым ліку акцэнтавалася ўвага ў час выступленняў на саміце лідараў краін інтэграцыйнага аб’яднання.

Акрамя таго, шэраг пытанняў, якія неабходна дадаткова прапрацаваць, абазначыў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Ён таксама прапанаваў не спяшацца з прыняццем гэтага знакавага дакумента, дасканала дапрацаваць і потым прыняць. Магчыма, і ў вочным фармаце.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з існуючай сітуацыяй прапанаваў адобрыць падрыхтаваны дакумент у цэлым. “Ён не мае тэрміновых да рэалізацыі прапаноў. Гэта стратэгія. Таму спяшацца няма куды, за выключэннем пункта па прыродным газе. І тое, нават калі мы прымем у такой фармулёўцы па прыродным газе рашэнне, гэта не канкрэтнае рашэнне. За ім будуць ісці канкрэтныя перагаворы”, – адзначыў беларускі лідар.

Адпаведна, было прапанавана ў цэлым адобрыць праект дакумента і адначасова адправіць на дапрацоўку, абмеркаваўшы яго ў іншым фармаце і ў іншы час. Гэтыя падыходы былі падтрыманы ўдзельнікамі пасяджэння.

Пладугледжвалася, што Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет зацвердзіць стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года. “Пералік мер і механізмаў (330 пазіцый), закладзеных у дакумент, фактычна з’яўляецца дарожнай картай развіцця інтэграцыі. Яго выкананне прадугледжвае далейшую распрацоўку і падпісанне 13 міжнародных дагавораў, больш як 60 нарматыўных прававых актаў ЕАЭС, унясенне каля 25 змяненняў і дапаўненняў у Дагавор аб саюзе, а таксама змяненняў у нацыянальныя заканадаўствы дзяржаў ЕАЭС”, – паведамлялі раней у ЕЭК.

Усяго ў час саміту кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнні па 10 пытаннях. У прыватнасці была разгледжана заяўка Кубы на атрыманне статусу краіны-наглядальніка пры ЕАЭС. Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет вырашыў, што перад гэтым неабходна правесці дадатковыя кансультацыі з Гаванай. ЕЭК таксама было даручана падрыхтаваць абгрунтаванне для прадастаўлення Кубе статусу дзяржавы-наглядальніка.

Прэзідэнты на пасяджэнні адобрылі пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС, удакладніўшы механізм фарміравання кадравага складу ЕЭК, абмеркавалі вынікі міжнароднай дзейнасці ў мінулым годзе і зацвердзілі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі краін ЕАЭС на 2020-2021 гады. У гэтым дакуменце змешчаны сумесныя і нацыянальныя каротка- і сярэднетэрміновыя меры, накіраваныя на далейшае паляпшэнне ў краінах эканамічнай сітуацыі, стрымліванне негатыўнага ўплыву і мінімізацыю эканамічных наступстваў ад знешніх шокаў, звязаных з пандэміяй каранавіруса. У прыватнасці прадугледжваецца аказанне крэдытнага садзейнічання Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, сумесная работа з Еўразійскім банкам развіцця.

Прэзідэнты таксама зацвердзілі гадавую справаздачу Еўразійскай эканамічнай камісіі за 2019 год аб стане канкурэнцыі на трансгранічных рынках і мерах, якія прымаюцца па спыненні парушэнняў агульных правіл канкурэнцыі на іх.

Краіны ЕАЭС правядуць дадатковыя кансультацыі з Кубай перад прадастаўленнем ёй статусу наглядальніка

Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое адбылося ў фармаце відэаканферэнцыі.

Як расказаў на пасяджэнні старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч, Куба праяўляе вельмі вялікі інтарэс да супрацоўніцтва з ЕАЭС практычна з моманту стварэння аб’яднання. З 2018 года кубінскі ўрад супрацоўнічае з ЕЭК на аснове мемарандума аб узаемаразуменні. Пытанне аб прадастаўленні краіне статусу наглядальніка абмяркоўвалася камісіяй ужо двойчы.

“Беларусь, Кыргызстан і Арменія згодны на прадастаўленне Кубе статусу наглядальніка. Казахстан выказаўся за правядзенне дадатковых кансультацый з кубінскім бокам. Расія таксама прапанавала правесці кансультацыі, каб удакладніць усе аспекты”, – сказаў Міхаіл Мясніковіч.

У час саміту прэзідэнты Казахстана і Расіі растлумачылі свае пазіцыі. На думку Прэзідэнта Казахстана, у Гаваны пакуль няма поўнага разумення аб статусе і правах дзяржавы – наглядальніка пры ЕАЭС. Да таго ж, лічыць ён, неабходна ў цэлым распрацаваць крытэрыі да статусу наглядальніка, каб у краін не ўзнікала ілюзій, што з яго атрыманнем яны могуць прэтэндаваць на ўсе прывілеі і льготы ў ЕАЭС. “Трэба дакладна размежаваць правы і абавязкі, як ва ўсіх міжнародных арганізацыях”, – дадаў Касым-Жамарт Такаеў.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што Расія ў цэлым падтрымлівае заяўку Кубы, але хоча зразумець чаканні кубінскіх сяброў ад атрымання статусу наглядальніка пры ЕАЭС.

Урадам краін ЕАЭС даручана забяспечыць рэалізацыю праграмы лібералізацыі кабатажных аўтаперавозак

“На саміце кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза разгледжана рэалізацыя праграмы лібералізацыі кабатажных аўтамабільных перавозак грузаў у краінах ЕАЭС. Урадам краін cаюза даручана забяспечыць рэалізацыю мерапрыемстваў, прадугледжаных трэцім этапам праграмы”, – адзначылі ў ЕЭК.

На сённяшні дзень не ўсе дзяржавы ЕАЭС правялі адпаведныя мерапрыемствы ў тэрмін. Арменія і Кыргызстан заявілі аб гатоўнасці да запуску трэцяга этапу праграмы. Беларусь пачала ўжо яго рэалізацыю: у пачатку гэтага года на яе тэрыторыі ажыццёўлены дзевяць кабатажных перавозак. Расія пакуль не ўнесла ў заканадаўства змяненні, якія дазваляюць перавозчыкам іншых краін саюза ажыццяўляць кабатажныя перавозкі па яе тэрыторыі.

“Ключавая задача праграмы – скараціць парожнія прабегі, знізіць транспартныя выдаткі спажыўцоў паслуг грузавога аўтамабільнага транспарту, – падкрэслілі ў ЕЭК. – Усё гэта станоўча паўплывае і на ўзаемны гандлёвы абарот краін ЕАЭС. Пры гэтым першапачаткова праграма лібералізацыі кабатажных перавозак была ўзгоднена Беларуссю, Расіяй і Арменіяй, потым да яе далучыўся Кыргызстан. Казахстан будзе ўдзельнічаць у праграме з 2025 года. Яе зацвердзілі прэзідэнты краін ЕАЭС у маі 2015 года. Яна разлічана на перыяд з 2016 па 2025 год і складаецца з некалькіх этапаў”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.