А.У. Сінкевіч: “Да ўсяго трэба ставіцца адказна, а да людзей — з дабрынёй”

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

У кожнай справе ёсць лепшыя сярод лепшых. Развіццё любой галіны немагчыма без адказных, ініцыятыўных, творчых работнікаў. Так, начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка “Нясвіж” раённага ўнітарнага прадпрыемства “Нясвіжская ЖКГ” Алена Сінкевіч у 2012 годзе была ўзнагароджана Граматай Міністэрства ЖКГ і нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”, удастоена звання “Чалавек года Міншчыны-2013”. Была яна і сярод дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу ад Нясвіжчыны. Без сумнення, Алена Уладзіміраўна — паважаны чалавек у калектыве.

— Дасягнуць прафесійнага поспеху можна толькі ў камандзе, калі кожны стараецца кіравацца прынцыпам адказнасці і чалавечнасці. Гэта заўсёды дае добры вынік, — лічыць Алена Сінкевіч. — Ствараць камфорт — няпростая задача, і вырашыць яе можна толькі разам. Цяпло і ўтульнасць у кватэрах, чысціня і парадак на вуліцах — норма для кожнага. І калі яны ёсць, можна гаварыць аб паспяховай рабоце нашай не заўсёды заўважнай, але такой па-трэбнай службы.

На службе ЖКГ жанчына вось ужо без малога 40 гадоў. Пасля заканчэння Мінскага энергетычнага тэхнікума нес-віжанка ў 1981 годзе пачала сваю кар’еру майстрам домакі-раўніцтва № 1 г. Нясвіжа. А калі арганізацыю праз некалькі гадоў далучылі да камбіната камунальных прадпрыемстваў, перайшла на пасаду інжынера. Пазней, у 1996 годзе, калі было зарэгістравана раённае ўнітарнае прадпрыемства “Нясвіж-ская ЖКГ”, узначаліла ЖЭУ ў раённым цэнтры.

— Жыллёва-камунальная служба заўсёды была цяжкай сферай, са сваёй складанай спецыфікай. Але я ніколі не баялася гэтых цяжкасцей. Кола маіх абавязкаў заўсёды было шырокім, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — У свой час прыйшлося займацца газіфікацыяй і добраўпарадкаваннем жылога фонду ў горадзе. Дзесьці з 1982 па 1990 год паляпшалі жыллёвыя ўмовы жыхароў дамоў сядзібнага тыпу па вуліцах         К. Маркса, Дзяржынскага, Шымко. У тыя гады пракладалі сеткі газаправода і падводзілі яго да дамоў, водаправод і каналізацыю. Таксама людзям там рабілі прыбудовы, куды выносіліся прыбіральні, ванныя пакоі, кухні. Пасля практычна ўсе гэтыя дамы былі прыватызаваны. Цяпер на балансе ЖЭУ знаходзіцца 126 дамоў, у асноўным гэта шматпавярховы жылы фонд. Яго ка-пітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне — зона нашай адказнасці. Для гэтага ў маім падпарадкаванні — восем сантэх-нікаў, зваршчык, цясляр, маляр, рабочы па абслугоўванні дымавых і вентыляцыйных каналаў, падсобны рабочы і два майстры, якія штодня размяркоўваюць людзей па рабочых месцах.

“Гарачая” пара ў нас доўжыцца круглы год. Як толькі заканчваецца чарговы ацяпляльны сезон — тут жа неабходна прыступаць да прафілактычнага абслугоўвання цеплавых сетак жылога фонду, падрыхтоўкі іх да працы ў наступным асенне-зімовым перыядзе. Плюс абслугоўванне сістэм халоднага і гарачага водазабеспячэння, уборка падвалаў. Таксама нашы работнікі аказваюць паслугі насельніцтву па замене ў кватэры сетак ацяплення, водаправода, каналізацыі, сантэхнічнага абсталявання, змя-шальнікаў.

— Вядома, у нашай працы аварыйныя выпадкі нярэдкія, бывае, па некалькі на тыдзень, — працягвае Алена Сінкевіч. — Пры несанкцыянаваным умяшанні жыхароў у сістэму ацяплення, напрыклад, пры замене радыятараў або сушыльніка для ручнікоў, здараецца падцяканне і затапленне кватэры, размешчанай паверхам ніжэй. А то і зусім некаторыя жыхары пры правядзенні рамонтных работ размыкаюць сетку забеспячэння гарачай вадой і пакідаюць без яе ўсіх, чые кватэры знаходзяцца на тым жа баку пад’езда. Начальніку ЖЭУ даводзіцца “разрульваць” шмат сітуацый. Людзям вырашаць праблемы дапамагаю згодна з заканадаўствам і па меры сваіх сіл і магчымасцей. Але ў любой сітуацыі стараюся сама захоў-ваць спакой. Паніка спецыяліста толькі спародзіць у іх агрэсіўныя паводзіны. Памятаю, гадоў 6-7 таму ў навагоднюю ноч парвала сістэму ацяплення ў адной з кватэр шматпавярхоўкі па вуліцы Ленінскай. Кватэра знаходзілася на чацвёртым паверсе, вада працякла да другога. У людзей была жудасная паніка і сапсаваны навагодні настрой. Нашы рабочыя аператыўна ліквідавалі цеч, замяніўшы ўчастак трубаправода. Жыхары супакоіліся і ўжо сустракалі новы год разам, вялікай вясёлай кампаніяй.

Алена Сінкевіч ужо прывыкла знаходзіцца на сувязі 24 га-дзіны ў суткі. Мабільны тэлефон заўсёды пры ёй, таму што можа патэлефанаваць хтосьці з калег ці падрадчык па неадкладнай праблеме, хтосьці з кіраўніцтва. Трэба ўвесь час быць напагатове і да нейкай надзвычайнай сітуацыі. Лічыць, што калі нешта здарылася, то ні ў якім разе рашэнне праблемы не трэба адкладваць ні на хвіліну. Яе неабходна вырашаць адразу ж. Ня-гледзячы на ноч, выхадны або святочны дзень, арганізоўваецца выезд дзяжурнай службы для ліквідацыі непаладкі.

Сёння па дапамогу несвіжанін можа звярнуцца ў любы час сутак. Вось ужо два гады як працуе рэспубліканская дыспетчарская служба па нумары 115, таксама можна патэлефанаваць і па нумары 5-31-89. Гэта дыспетчарская Нясвіжскай ЖКГ, якая таксама працуе кругласутачна.

— Рэаліі сённяшняга дня такія: для паспяховай дзейнасці ЖЭУ неабходна працаваць з насельніцтвам у цесным кантакце, — адзначае мая суразмоўца. — Так, напрыклад, перад пачаткам капітальнага рамонту дома сустракаемся з яго жыхарамі, выслухоўваем усе іх прапановы і пажаданні. І пры складанні праектна-каштарыснай дакументацыі ўсё гэта па магчымасці, улічваем.

Сёння ў Алены Уладзіміраўны вялікі вопыт працы. Прычым не толькі ў тэхнічным плане, але і ва ўзаемаадносінах з людзьмі: як кіраўніка — з падначаленымі, як работніка ЖКГ — з жыхарамі. Неабходна знайсці падыход да кожнага, умець выкарыстоўваць, накіроўваць веды і ўменні людзей на аператыўнае і якаснае выкананне тых ці іншых работ. Яна адначасова патрабавальная і добразычлівая.

— Ніякага прафесійнага сакрэту ў мяне няма. Трэба толькі да ўсяго ставіцца адказна, а да людзей — з дабрынёй, — упэўнена А.У. Сінкевіч. — Тады і поспех будзе і не будзе сорамна за пражытыя гады.

У вольны час жанчына любіць вязаць на прутках і вышываць. Як кажа сама, за гэтым заняткам яна супакойваецца і забываецца на праблемы. Вяжа шмат рэчаў і для сябе, і для родных. Так, унуку Уладзіславу, дызайнеру па прафесіі, вельмі падабаецца эксклюзіў ад бабулі. А яшчэ Алена Уладзіміраўна — добрая гаспадыня, якая смачна гатуе. Сям’я дачкі з’яўляецца прыхільнікам здаровага харчавання, але, прыязджаючы на выхадныя ў Нясвіж, з задавальненнем усе ласуюцца яе дранікамі, бабкай, блінамі, мачанкай з грыбамі, пірагом з капустай. Ад гэтых смачных страў, тым больш прыгатаваных з любоўю, ніхто не можа адмовіцца.

Аксана ГРОХ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.