Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня зрабіў рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць. У Гродне беларускі лідар сустрэўся з актывам вобласці, а затым наведаў ААТ “Гродна Азот”, дзе пагутарыў з работнікамі завода. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся планамі па развіцці вытворчасцей, попытам на прадукцыю ўнутры краіны і на знешніх рынках. Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, ён растлумачыў: заехаў сюды, каб вырашыць пытанне, дзе будаваць новы комплекс азотных угнаенняў.

На завяршэнне Прэзідэнту падарылі набор угнаенняў, якія вырабляюць на “Гродна Азоце”. Кіраўнік дзяржавы плануе пратэсціраваць прэпараты на сваім прысядзібным участку.

Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам Гродзенскай вобласці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам Гродзенскай вобласці.

“У нас не перадвыбарная нарада, сустрэча, сход, – сказаў упачатку кіраўнік дзяржавы. – Проста сітуацыя ў краіне складваецца такім чынам, што яна мае патрэбу ў канкрэтным растлумачэнні, тлумачэнні, перш за ўсё для актыву краіны”.

Прэзідэнт адзначыў, што аналагічная сустрэча раней адбылася ў Магілёве. “Сутнасць сённяшняй сустрэчы з вамі – інфармацыя аб тым, што адбываецца ў нашай краіне, і адказы на самыя, можа, і непрыемныя пытанні, якія сёння існуюць”, – звярнуў увагу беларускі лідар.

“Мне заўсёды прыемна прыязджаць на Гродзеншчыну. Гэта цудоўная зямля, самае зручнае месца для жыцця ў нашай краіне. Калі бачыш дагледжаныя палі, чысціню і парадак (а ў вас так практычна ўсюды), то яшчэ раз сваімі вачамі пераконваешся, што тут жывуць працавітыя людзі, якія шчыра любяць свой край. Гэта, калі хочаце, візітная картка Гродзеншчыны і яе жыхароў”, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў 90-я гады сваю перадвыбарную кампанію пачынаў менавіта з Гродзенскай вобласці, але яго шмат што звязвае з кожным рэгіёнам краіны. “Мая Радзіма – гэта Беларусь. Адсюль (з Гродзенскай вобласці. – Заўвага БЕЛТА) я пачынаў перадвыбарную кампанію, у Брэсце служыў у пагранічным атрадзе. Гомельская вобласць назаўсёды застанецца ў маім сэрцы – самыя цяжкія часы прэзідэнцтва я пражыў з Гомельскай вобласцю, пераадольваючы катастрофу на ЧАЭС. Віцебск – гэта кожны год, і Славянскі базар… Магілёўшчына – дзе я правёў дзяцінства і юнацтва”, – сказаў ён.

Пра дабрабыт і дастатак

“Вам не трэба тлумачыць, што дабрабыту і дастатку можна дабіцца толькі сумленнай і карпатлівай працай, што багацце не прыходзіць, як кажуць у народзе, “знянацку”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. А калі і прыходзіць, то такое багацце недаўгавечнае і ніколі не прынясе карысці ў будучым ні чалавеку, ні дзяржаве, адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Гродзенская вобласць – асаблівая зямля, пагранічча, заходні фарпост. “Гэтым яна і важная. Вы, як ніхто іншы, адчуваеце на сабе пастаяннае, масіраванае ўздзеянне суседзяў. Але пры гэтым застаяцеся сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, якія цвёрда падтрымліваюць курс нашай дзяржавы на суверэннае развіццё”, – сказаў Прэзідэнт.

Пра дасягненні Гродзеншчыны

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў савецкі час Гродзеншчына была адной з лепшых абласцей усяго СССР, на яе раўняліся многія, ды і цяпер рэгіён застаецца на лідзіруючых пазіцыях. “Я прыязджаў у многія гаспадаркі, вучыўся тут сельскаму жыццю. У прамысловасці, аграрным комплексе вы заўсёды былі на вачах, гэта быў маяк развіцця ў Савецкім Саюзе”, – сказаў Прэзідэнт.

Сельскую гаспадарку кіраўнік дзяржавы назваў гордасцю рэгіёна. Вобласць трывала займае першае месца ў рэспубліцы па тэмпах вытворчасці сельгаспрадукцыі, ураджайнасці збожжавых. “Ды і ў прамысловасці, дзе, нават нягледзячы на складаную сітуацыю з каранавірусам, практычна ўдалося захаваць аб’ёмы на ўзроўні мінулага года, – заўважыў беларускі лідар. – Гэта потым ацэняць. Цяпер не ўсе зразумеюць, што такое ў гэтай сітуацыі захаваць узровень вытворчасці”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі няма прыродных рэсурсаў, дзякуючы продажу якіх можна было б жыць, спыніўшы вытворчасці, і ўсё трэба зарабляць выключна сваёй працай.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што не заўсёды справы ў вобласці ішлі так нядрэнна, як цяпер: “Быў час, калі пасля развалу Саюза палавіна вашых людзей ездзіла з бауламі ў Польшчу, другая атрымлівала мізэрную зарплату на паўразбураных прадпрыемствах. На шчасце, мы тады прынялі неабходныя меры. І сёння можам разам ганарыцца дасягненнямі Гродзеншчыны”.

Прэзідэнт адзначыў, што за 25 гадоў аб’ём прамысловай вытворчасці ў вобласці вырас больш як у 4 разы, экспарт тавараў – амаль у 5 разоў. Толькі за дзве апошнія пяцігодкі сярэдняя зарплата па вобласці павялічылася амаль у два разы. Пры гэтым па стане на 1 чэрвеня не дапушчана пратэрмінаванай запазычанасці па яе выплаце.

“З 1995 года амаль 115 тыс. сем’яў (з якіх 10 тыс. – шматдзетныя) палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Забяспечанасць жыллём – адна з самых высокіх у рэспубліцы”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя таго, за час незалежнасці ў рэгіёне рэалізаваны вялікія інвестыцыйныя праекты ў сферах вытворчасці мінеральных угнаенняў, хімічнай і харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі.

У бліжэйшы час пачне працаваць Беларуская атамная станцыя – самы маштабны ў гісторыі краіны аб’ект. “Яго значэнне для забеспячэння энергетычнай бяспекі, ды і ў цэлым эканомікі нашай краіны, проста каласальнае”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы заўсёды ішлі насустрач просьбам кіраўніцтва рэгіёна, калі трэба было недзе дапамагчы, дабавіць рэсурсаў, таму што ведалі: кожны ўкладзены рубель трапіць на добрую глебу. Развіццё сеткі дарог, інфраструктурных праектаў, у тым ліку ў сацыяльнай сферы, падтрымка рэстаўрацыі і аднаўлення знакавых у сусветным маштабе культурных аб’ектаў – аб усім гэтым вы добра ведаеце”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пра задачы бягучага дня і на перспектыву

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на дасягненні, расслабляцца рана. Да гэтага часу па Гродзенскай вобласці так і не выкананы чвэрць прэзідэнцкіх даручэнняў, у тым ліку наконт эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця, імпартазамяшчэння, стварэння працоўных месцаў, добраўпарадкавання і навядзення парадку, будаўніцтва, ЖКГ. “Вы ж умееце ўсё рабіць якасна. Асабліва будаваць. Проста малайцы. Але трэба быць больш актыўнымі”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, важным уяўляецца стварэнне новых вытворчасцей на аснове мясцовай сыравіны ў невялікіх раёнах вобласці, такіх як Воранаўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі. “Там жывуць нашы людзі. Гэта цудоўны край. Трэба выкарыстоўваць гэту тэрыторыю, больш актыўна працаваць у малых гарадах”, – звярнуў увагу Прэзідэнт.

“Запуск БелАЭС таксама патрабуе свежых і перспектыўных рашэнняў па выкарыстанні лішкаў энергіі. Гэта агульнае пытанне Гродзенскага аблвыканкама і ўрада”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, прымаючы рашэнне аб будаўніцтве БелАЭС, перш за ўсё зыходзіў з таго, што гэта найвышэйшыя тэхналогіі. Адпаведна, краіна набывае гэты вопыт і ўжо сама рыхтуе спецыялістаў. “Як толькі мы пачалі будаваць станцыю, мы адчулі, што нам патрэбны кадры, новая адукацыя, тэхналогіі. На гэту станцыю працавалі ўсе”, – сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што пры будаўніцтве станцыі ўваходны кантроль быў самым высокім. “Для мяне пытанне бяспекі (АЭС. – Заўвага БЕЛТА), як і для вас, важней, чым для Літвы, Польшчы або Германіі. Калі мы хочам валодаць высокімі тэхналогіямі, мець танную электраэнергію, перамяшчацца на электрамабілях, мы павінны ісці на гэта. Пажывём – убачым. Вялікае бачыцца на адлегласці, – заўважыў беларускі лідар. – Атамная станцыя – гэта прарыў у будучыню, калі хочаце”.

Дарэчы, цяпер АЭС эксплуатуецца ў 31 краіне свету. Гэта 190 атамных электрастанцый з 449 энергаблокамі агульнай магутнасцю каля 390 497 МВт. Такія аб’екты ёсць і ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі – Ігналінская ў Літве, Чарнобыльская ва Украіне, Смаленская ў Расіі і многія іншыя. “Беларусь акружана гэтымі станцыямі”, – падкрэсліў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што прэтэнзіі, якія часам гучаць, з-за мяжы наконт будаўніцтва БелАЭС абумоўлены проста пытаннямі канкурэнцыі, таму што электраэнергія – гэта таксама тавар.

Пра адкрытасць свету

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што магутны імпульс Гродзенская вобласць атрымала з увядзеннем бязвізавага рэжыму. З гэтага часу рэгіён наведалі амаль 300 тыс. турыстаў, не лічачы расіян. Таму павышэнне турыстычнай прывабнасці і развіццё інфраструктуры на бязвізавай тэрыторыі Брэст-Гродна – яшчэ адзін з найважнейшых напрамкаў для работы. “Дарэчы, мы ў свой час свядома пайшлі на ўвядзенне бязвізавага рэжыму. Мы разумелі, што гэта нам выгадна”, – дадаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, асабліва на Гродзеншчыне разам перапляліся розныя культурныя, нацыянальныя, рэлігійныя традыцыі, якія абумоўліваюць найвышэйшую ступень талерантнасці і ўзаемаразумення людзей, якія тут жывуць. “Калі я гляджу на ваш фестываль (Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. – Заўвага БЕЛТА), радуешся за гродзенцаў. Гэта ваша дасягненне ўпоравень, а можа, і вышэй, чым “Славянскі базар”. За гэта дзякуй, малайцы. За гэта нас і паважаюць усюды ва ўсім свеце”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка пра развіццё Беларусі: жыць можна, трэба толькі каб хутчэй усе выйшлі з пандэміі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць добрыя магчымасці для эканамічнага развіцця краіны і ў тым ліку звязвае іх з найхутчэйшым выхадам свету з пандэміі.

“Жыць можна. Трэба толькі каб хутчэй выйшлі ўсе з гэтай пандэміі. Таму што эканоміка экспартна арыентаваная. Чым хутчэй адкрыецца свет пасля гэтай хваробы, тым лепш будзе для Беларусі”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Што датычыцца сельскай гаспадаркі, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўмовы надвор’я ў бягучым годзе пакуль складваюцца як нельга лепш. “Я ўжо думаю, што, можа, з-за пандэміі, што менш лятаць пачалі. Я помню толькі з дзяцінства такое надвор’е, калі навальніцы, добрыя дажджы ў гэты час”, – адзначыў ён.

“Гэта для сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай прамысловасці сыравіна – малако, мяса будзе. Гэта, вядома, вялікая ўдача”, – сказаў беларускі лідар.

Ён дадаў, што цяпер трэба ўдзяліць увагу нарыхтоўцы кармоў, падрыхтавацца да ўборкі збожжа і агародніны.

Звяртаючыся да прысутнага старшыні канцэрна “Белнафтахім” Андрэя Рыбакова, кіраўнік дзяржавы сказаў: “Калі ён не падвядзе нас яшчэ з вуглевадародамі… Дзякуй богу, і нафты хапае ў свеце – бяры, не хачу. І цэны прымальныя. І прыроднага газу хапае ўжо, ідзе бойка за прэміяльны еўрапейскі і наш рынак паміж асноўнымі ігракамі, якія пастаўляюць прыродны газ. І альтэрнатыва ёсць, можна яе знайсці”.

Аляксандр Лукашэнка згадаў, што нядаўна гаварыў па тэлефоне са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і адзначыў, што асноўная праблема для Беларусі – гэта экспарт. У гэтым плане кітайскі лідар паабяцаў сваю падтрымку ў пастаўках беларускай прадукцыі ў гэту краіну. “Трэба пастаўляць на кітайскі рынак. Гэта велізарны рынак, і яны гатовы. Яны вельмі ацанілі нашу падтрымку па каранавірусе, якую мы аказалі ім першымі ў самым пачатку. Вельмі падтрымліваюць тое, як мы вядзём гэту барацьбу з каранавірусам”, – сказаў Прэзідэнт. Акрамя таго, Кітай гатовы дзяліцца сваім вопытам у плане процідзеяння пандэміі, урачы і міністэрствы аховы здароўя дзвюх краін знаходзяцца ў пастаянным кантакце.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ёсць цікавасць у свеце і да беларускага вопыту. “Ці то Сусветны банк… Спачатку мы дамаўляліся, каб яны нам аказалі падтрымку недзе $90 млн, цяпер паглядзелі: цікавы вопыт Беларусі, дайце нам вопыт, мы гатовы вас прафінансаваць аж пад $300 млн. Гэта ж здабытак усяго свету. Няхай глядзяць, як мы працуем”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Такая сітуацыя. Ні ў якім разе нельга расслабляцца”, – дадаў беларускі лідар.

Перад сустрэчай з актывам вобласці Прэзідэнту далажылі аб будаўніцтве ў Гродне розных грамадскіх і сацыяльных аб’ектаў, у тым ліку ў сферы аховы здароўя. Размова таксама ішла аб развіцці ў горадзе дарожнай сеткі, збудаванні аб’язной кальцавой транспартнай магістралі. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэтыя праекты, паабяцаўшы, дзе неабходна, дапамагчы з пошукам фінансавых сродкаў.

Лукашэнка абазначыў прыярытэты краіны ў прыцягненні капіталу

“Фарміруючы новую пяцігодку, мы павінны ўзяць добры прыклад з савецкіх часоў. Вы памятаеце, там дакладна былі распісаны аб’екты, якія будуць уведзены ў строй. І жалезабетонна выдзяляліся грашовыя сродкі пад гэтыя аб’екты. Добрыя інвестыцыі – гэта багацце людзей і рэгіёна. Трэба вызначыцца з асноўнымі аб’ектамі, якія мы пабудуем у будучай пяцігодцы”, – сказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб замежных інвестыцыях, ён адзначыў, што інвестыцыі дзеля інвестыцый Беларусі ўжо не патрэбны. “Калі 10-15 гадоў таму мы гаварылі аб інвестыцыях дзеля інвестыцый, каб толькі былі працоўныя месцы, нам такія інвестыцыі сёння не патрэбны. Мы не будзем будаваць тут прадпрыемствы толькі дзеля таго, каб заняць людзей. Так, патрэбны працоўныя месцы, але той вастрыні няма. Інвестыцыі, будаўніцтва вытворчых аб’ектаў патрэбны такія, якія будуць прыносіць прыбытак. Гэта асноўнае. Таму інвестыцыі інвестыцыям не роўныя”, – заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гады незалежнасці ў краіне рэалізавалі многія інвестпраекты. У прыватнасці, Кітай прадаставіў крэдытныя лініі на мільярды долараў, але яны не выбраны поўнасцю. “Я ніколі не пагаджуся на тое, каб некаму аддаць грошы, а ён падумае, што будаваць. Нам неабходна будаваць тое, што патрэбна. Самае галоўнае, што будзе прыносіць прыбытак і прадавацца на міжнародных рынках”, – растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Будаўніцтва новага комплексу азотных угнаенняў у Гродне плануюць пачаць у бягучым годзе

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час наведвання прадпрыемства “Гродна Азот”.

“Мы ў бягучым годзе пачнём будаваць гэты завод, калі вам гэта трэба. Для Беларусі гэта трэба”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з работнікамі “Гродна Азота”.

Прэзідэнт расказаў, што першапачаткова новы комплекс азотных угнаенняў думалі пабудаваць у Віцебскай вобласці. Але потым вырашылі, што мэтазгодна яго ўзвесці на тэрыторыі “Гродна Азота”, бо тут ёсць умовы і падрыхтаваныя спецыялісты. “У бягучым годзе, думаю, пачнём. У будучым дакладна разгорнемся”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Наведваючы прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся планамі па развіцці вытворчасцей, попытам на прадукцыю ўнутры краіны і на знешніх рынках. Прэзідэнту таксама расказалі аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве азотнага комплексу. Як адзначыў генеральны дырэктар “Гродна Азота” Ігар Бабыр, новы азотны комплекс будзе пабудаваны на тэрыторыі плошчай 50 га. Для параўнання, цяпер “Гродна Азот” займае плошчу 500 га, а аб’ёмы вытворчасці на прадпрыемствах будуць аднолькавымі.

У 2018 годзе “Гродна Азот” пачаў інвестыцыйны праект па будаўніцтве азотнага комплексу. На працягу мінулага года на прадпрыемстве выбіралі генеральнага падрадчыка. Нядаўна стала вядома, што ім выступіць італьянская кампанія Tecnimont. На гэту ролю таксама прэтэндавалі кітайскія карпарацыі CITIC, CMIC, Complant і адна з Рэспублікі Карэя – Samsung. Як раней растлумачылі ў “Гродна Азоце”, італьянская фірма мае вопыт выканання аналагічных работ. У сваім тэхніка-камерцыйным прапанаванні яна прадставіла індыкатыўныя ўмовы атрымання крэдытных рэсурсаў ад еўрапейскіх банкаў. Паводле разлікаў італьянскай кампаніі, кошт новага завода складзе 1,278 млрд еўра.

Паралельна з будаўніцтвам азотнага комплексу на прадпрыемстве мадэрнізуюць дзеючыя вытворчасці аміяку-3, аміяку-4 і карбаміду-2. На гэтыя мэты ў 2020-2024 гадах плануецца патраціць каля $250 млн.

Увод новага азотнага комплексу і мадэрнізацыя цэхаў дадуць магчымасць павялічыць вытворчасць азотных угнаенняў практычна ў два разы, зрабіць “Гродна Азот” больш канкурэнтаздольным. Гэта асабліва важна, калі ўлічыць, што ў іншых краінах СНД цяпер таксама будуюцца новыя агрэгаты з выкарыстаннем энергазберагальных тэхналогій.

Лукашэнка абяцае спрасціць продаж насельніцтву пустуючых зямельных участкаў

Адзін з работнікаў прадпрыемства пацікавіўся, ці можна разлічваць, што пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю з’явіцца дзяржпраграма па электрыфікацыі садовых таварыстваў, каб з цягам часу была магчымасць пабудаваць там загараднае жыллё.

Аляксандр Лукашэнка вітаў гэту прапанову і адзначыў, што, будучы ў Полацку, гаварыў аб тым, што цяпер на фоне пандэміі сталі асабліва актуальны загарадныя ўчасткі. “Больш таго, мы да канца бягучага года плануем прыняць рашэнне, каб кінутыя дамы, сядзібы людзям прадаць танна (у неперспектыўных вёсках так званых, у аграгарадках, на хутарах). Няхай яны там займаюць, будуюць свае домікі, а недзе стары дом адновяць. Гэта будзе заахвочвацца”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Пандэмія нас шмат чаму навучыла, і мы ў гэтым плане будзем дзейнічаць. Я хачу, каб вы жылі на сваёй зямлі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт будаўніцтва БелАЭС. “Што датычыцца электраэнергіі. Я іх называю “альтэрнатыўшчыкі” (ідуць ва ўладу) – яны прапануюць АЭС закрыць, 10 мільярдаў у Еўропы ўзяць і аддаць Расіі. Я кажу: горш не прыдумаеш”, – сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў свеце, у тым ліку паблізу граніц Беларусі, ужо ёсць шмат атамных электрастанцый. “Дык няхай у нас будзе станцыя. Калі б не было ў Чарнобылі галавацяпства, не было б гэтага ўзрыву. Будзем старацца, рабіць усё, каб свая станцыя працавала”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што, з аднаго боку, будзе магчымасць экспартаваць электраэнергію. Але яна будзе запатрабавана і ў Беларусі. У тым ліку нядаўна прынята рашэнне аб падтрымцы тых, хто хоча электрычнасцю ацяпляць жылыя дамы, ажыццяўляць нагрэў вады і гатаванне ежы. Рэалізуюцца меры па развіцці электратранспарту. “Таму патрэбна будзе электраэнергія, асабліва для людзей. Пытанне правільнае, перспектыўнае, і ў гэтым напрамку мы будзем дзейнічаць”, – рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: усё перажывём, галоўнае – захаваць сваю зямлю для сябе і нашых дзяцей

Адказваючы на пытанні, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і іншыя краіны ў розныя гады сутыкаліся з усплёскам розных вірусаў і з усімі праблемамі ўдалося справіцца.

“Перажывём і гэта. Не такія каранавірусы ў нашай гісторыі былі, але мы жывыя. Галоўнае – захаваць сваю зямлю, свой кавалачак зямлі для сябе і для нашых дзяцей”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы з Прэзідэнтам адзін з работнікаў прадпрыемства заўважыў, што ў гэтым годзе прэзідэнцкія выбары супадаюць з іншай, не менш гарачай і важнай для краіны кампаніяй, – уборкай ураджаю. У сувязі з гэтым у яго ўзнікла пытанне: ці не перашкодзіць першая падзея паспяхова правесці другую.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што пасяўная кампанія суправаджалася пачаткам пандэміі і тады галоўнай задачай было своечасова пасеяць ураджай. З гэтым у краіне паспяхова справіліся. “Выбары, не выбары: галоўная для мяне і для ўсіх задача, на што я арыентую падначаленых, – гэта ўборка. Пандэмія, выбары – яны скончацца, а есці нам заўсёды хочацца”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, якія былі праблемы з прадуктамі харчавання ў 1990-я: ежу раздавалі па талонах. “Не дай бог зноў вярнуцца да гэтага. Мы да гэтага ўжо ніколі і не вернемся. Таму што ўсё, што трэба для людзей, мы сёння вырабляем па прымальных цэнах”, – звярнуў увагу Прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўзровень заработнай платы ў краіне павінен быць вышэйшым. “Мы будзем імкнуцца да таго, каб усё ж такі ў два разы ў нас у будучай пяцігодцы вырасла зарплата. Асабліва ў настаўнікаў, урачоў, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Нядобра, што ў нас урач, настаўнік, культурны работнік маюць такую нізкую зарплату. Гэта таму, што мы ў эканоміцы не вельмі добра працуем”.

Ён прывёў у якасці прыкладу будаўніцтва новага комплексу азотных угнаенняў у Гродне, якое плануюць пачаць у гэтым годзе. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта дасць магчымасць нарасціць эканоміку рэгіёна. “Гэта будзе завод, які дасць прадукцыю, на якую, дырэктар гаворыць, ёсць попыт на рынку”, – дадаў Прэзідэнт.

“І выбары мы правядзём, вы не хвалюйцеся. Што ў нас першыя выбары? Галоўнае, каб мы краіну не страцілі. Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць з верталёта грошы раскідваць: інвестары прыйдуць і нам нечага прынясуць. Інвестары прыйдуць з-за мяжы, але скажуць: падаткі плаціць не будзем, дайце танную сыравіну, і зарплата ў людзей будзе 300 долараў. Гэта значыць выцягнуць усё з людзей, з краіны, падаткі не заплацілі, паехалі і прадалі. Нам такія інвестыцыі не патрэбны – мы самі пабудуем гэты завод”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Вяртаючыся да тэмы каранавіруса, кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што Беларусь выбрала правільны метад барацьбы з пандэміяй. “Той, хто ізаляваў народ, атрымаў другую хвалю, – заўважыў ён. – Я не хачу сказаць, што ў нас усё ідэальна, тым больш знаходзячыся ў Гродне – я ж ведаю абстаноўку. Але мы рады таму, што Віцебская вобласць, адкуль гэта ўсё пайшло, Мінск, Мінская вобласць аднаўляюцца. І вы ўжо расці не будзеце. Што радуе: вы больш выпісваеце людзей з бальніцы, чым адпраўляеце ў бальніцу. І радуе яшчэ тое, што гэты няшчасны вірус аслабеў. Вы трапілі ў гэту хвалю аслабленага віруса. Таму ў асноўным гэта не такія цяжкія хворыя”.

Прэзідэнт таксама адзначыў няпростую абстаноўку з каранавірусам у Расіі. Паводле яго слоў, Масква яшчэ неяк спраўляецца: хутка ж трэба праводзіць парад. “Як жа: беларусы правялі парад 9 Мая, а Расія не правяла – трэба праводзіць. Ну, паедзем правядзём парад. Але абстаноўка вельмі складаная, і мы, зразумела, так паглядаем на сваіх родных братоў, каб да нас гэта не вярнулася. Думаю, не вернецца, таму што мы не закрыліся”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.