Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 15 °C

“Ведалі б вы, што перажыла мая мама”… Успаміны Ларысы Кулеш

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Гады Вялікай Айчыннай вайны пакінулі свой крывавы след ва ўспамінах не толькі салдатаў. Не менш жудасцей пабачылі і многія мірныя жыхары. Успамінамі сваёй мамы, якой не стала гэтай вясной, вырашыла падзяліцца жыхарка вёскі Рудаўка Ларыса Кулеш.

Гартаючы святочны выпуск газеты, прысвечаны 9 Мая, Ларыса Уладзіміраўна адчула, як зашчаміла сэрца… І толькі адна думка пульсавала ў галаве: “Ведалі б вы, што перажыла мая мама”… На той момант прайшло толькі 9 дзён, як яе не стала.

Неверагодна працавітая і мужная жанчына, Ганна Уладзіміраўна Парэйка (Корсак), сустрэла вайну 12-гадовай дзяўчынкай. Яна не мела звычкі расказваць пра складанасці, якія выпадалі на жыццёвым шляху. За 11  апошніх год, што жыла разам са сваёй дачкой, расказвала толькі ўрыўкі — пра тое, што было голадна, але так было ва ўсіх. Пра тое, што, каб зарабіць грошы, хадзіла па хатах і шыла.

Але адну лёсавызначальную гісторыю яна ўсё ж перадала сваёй дачцэ. І менавіта гэтым эпізодам з жыцця матулі Людміла Уладзіміраўна вырашыла падзяліцца з чытачамі раённай газеты.

Родам Ганна Корсак была з Завітой. Дом бацькоў стаяў на ўскрайку вёскі. А далей — поле з высокай жоўтай пшаніцай. Дзетак у сям’і было шасцёра. І ў той дзень 1941 года яны разам з бацькамі сядзелі ў хаце.

— Пад акенцамі прабеглі два салдацікі-чырвонаармейцы, — пераказвае словы маці Ларыса Уладзіміраўна. — Мы падумалі, што яны ідуць да нас у хату. Чакаем: няма і няма. А за імі ішлі немцы. Відаць, таксама вырашылі, што салдаты да нас забеглі. Зайшлі ў хату, бацьку — пад плечы і штурхнулі на вуліцу. Кажуць: куда вы схавалі салдат? Нас таксама вывелі, выставілі ў рад. Бацька на калені падае, просіць у немцаў літасці, кажа, што нікога не бачыў, нікога не хаваў. “Не, — гнулі сваё немцы. — Яны тут”. І толькі чую, як ляскаюць аўтаматы, гучыць каманда “Страляць усіх па чарзе”. Але тут з пшаніцы выходзяць чырвонаармейцы з паднятымі рукамі. Здаюцца… Яны нават не дайшлі да хаты. Немцы іх адразу і пастралялі аўтаматнай чаргой. І пайшлі далей. Усё. Сваю справу яны выканалі.

Уладзімір Сяргеевіч Парэйка

У той дзень бацька адразу ўвесь сівым стаў. Салдацікі выратавалі нас цаной свайго жыцця… Яны былі босыя, у гімнасцёрках — напэўна, беглі адкуль, спрабавалі вырвацца з акружэння. Мы так і пахавалі іх. Зрабілі магілкі пры дарозе.

Потым я ўжо чула, што гэтых чырвонаармейцаў перазахавалі ці то ў Гарадзейскай брацкай магіле, ці то ля вечнага вогнішча.

Ганна Корсак пражыла складанае, але доўгае жыццё — у 91 год памерла ад цяжкай хваробы. І ў апошнія свае дні казала дачцэ:

— Вось цяпер другая смерць прыходзіць. Адну я амаль прайшла, але нас выратавалі. А цяпер — ужо не выкарабкаюся.

Ганна Уладзіміраўна Парэйка

Праз доўгія гады пранесла маці маёй суразмоўцы ўдзячнасць сваім выратавальнікам, якія прынеслі сябе ў ахвяру, каб захаваць жыццё мірных жыхароў — дзяцей і іх бацькоў.

Калі прыйшло вызваленне, бацька Ларысы Уладзіміраўны пайшоў на вайну. Навабранцам трапіў у 45 запасны артылерыйскі полк, які дыслацыраваўся каля Брэста, быў залічаны ў батарэю разведкі. Пасля ваяваў у 725-м разведвальным дывізіёне 3-й ударнай арміі, якой камандаваў Г.К. Жукаў. Быў узнагароджаны ордэнамі Славы ІІ ступені, Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй”, нагрудным знакам “Выдатны разведчык”.

Вось так Вялікая Айчынная вайна адбілася ў лёсе нашай землячкі Л.У. Кулеш. Праз тры дні мы будзем адзначаць сумную дату — 22 чэрвеня, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Ад нас яе аддзяляе 79 гадоў. Гэта ўжо гісторыя. І няхай больш ніколі яна не паўторыцца…

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!