На сувязі са светам. “Белтэлекам” адзначае сваё 25-годдзе!

Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 45
  •  
  •  
  •  
  •  

3 ліпеня адзначае сваё 25-годдзе нацыянальны аператар сувязі рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства , прадстаўленае ў нашым раёне Нясвіжскім занальным вузлом электрасувязі (ЗВЭС).

 Працоўны калектыў Нясвіжскага ЗВЭС

У цяперашні час колькасць яго работнікаў складае 56 чалавек. На балансе знаходзіцца 12 адзінак транспартнай тэхнікі. Работу вузла забяспечваюць чатыры падраздзяленні — станцыйны ўчастак (начальнік Аляксандр Раманчук), транспартны — (начальнік Віктар Сцяпура), лінейна-тэхнічны ўчастак (начальнік Міхаіл Наркевіч) і група продажу паслуг, якой кіруе Вольга Крашэўская. 

Супрацоўнікі групы продажу паслуг Таццяна Грэбянько, Юлія Валюш, Наталія Міхайлоўская

Да 2003 года ўсе службы Нясвіжскага ЗВЭС размяшчаліся ў арандаваных у вузла паштовай сувязі будынках, але ў 2003 годзе рашэннем Нясвіжскага райвыканкама для мэт вузла была вылучана частка будынкаў на тэрыторыі былой вайсковай часці. Гэта дазволіла перанесці сюды адміністрацыю, транспарт, склады, лінейны ўчастак і абаненцкі аддзел. У 2008 годзе быў пачаты рамонт будынка адміністрацыі, пасля заканчэння якога ў 2009 годзе тут адкрыўся сучасны сэрвісны цэнтр. У ім стала зручна і наведвальнікам, і работнікам.

Начальнік Нясвіжскага ЗВЭС Уладзімір Пражэнік

— Вядома, за 25 гадоў тэхналогіі сувязі і маштабы нашай работы значна змяніліся, — гаворыць начальнік Нясвіжскага ЗВЭС, уладальнік звання “Ганаровы работнік сувязі Рэспублікі Беларусь” Уладзімір Пражэнік. — Тэлефанізаваны ўсе населеныя пункты нашага раёна, дзе налічваецца больш за 100 домаўладанняў. Колькасць абанентаў тэлефаніі на сённяшні дзень складае 19 199 чалавек, папулярнага сярод карыстальнікаў пакета паслуг “ЯСНА” (тэлефанія, тэлебачанне, інтэрнэт) —  больш за 3000, шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт (byfly) — 11 791, інтэрактыўнага тэлебачання ZALA — 12 412 чалавек. Звыш 500 абанентаў ужо скарысталіся новай паслугай Белтэлекама “Разумны дом”, звыш 80 — навінкай “Відэакантроль”.

Самым жа галоўным дасягненнем апошніх пяці гадоў Уладзімір Пятровіч лічыць пракладку ліній оптавалакна да ўсіх раёнаў шматкватэрнай забудовы ў Нясвіжы і  г.п. Гарадзея, працяг работы па будаўніцтве такіх ліній у прыватным сектары.

Нясвіжскія сувязісты прапануюць больш за 70 розных паслуг, самыя запатрабаваныя з якіх — пакетныя прапановы ад Белтэлекама, якія ўключаюць у сябе тэлефонную сувязь, тэлебачанне ZALA і інтэрнэт, а таксама ўжо названую “Відэакантроль” пад ключ, якая даступная не толькі юрыдычным, але і фізічным асобам.

— Усё гэта стала магчымым дзякуючы працы ўсяго нашага дружнага калектыву, — адзначыў у нашай гутарцы У.П. Пражэнік. — Кожны з нас разумее, што належная работа сувязі — гэта адна з асноў жыццядзейнасці асобнага чалавека і функцыянавання эканомікі ў цэлым. Таму стараемся выконваць сваю работу так, каб нам за яе не было сорамна, пастаянна асвойваем новае, аператыўна ўхіляем непаладкі, як правіла — не больш чым за 48 гадзін.

Сярод самых вопытных і граматных спецыялістаў — начальнік лінейна-станцыйнага цэха Іван Жаўрыд, начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка Міхаіл Наркевіч, добры прыклад калегам па рабоце падаюць электрамеханік сувязі Ірына Мінкевіч, электраманцёр станцыйных збудаванняў Алег Саковіч, электраманцёр лінейных збудаванняў Валерый Юрашчык.    

Дарэчы, у калектыве Нясвіжскага ЗВЭС склаліся і цэлыя прафесійныя дынастыі. Так, у галіне сувязі (прычым, не толькі ў Нясвіжы) працавалі прадзед, бабуля, маці і бацька Ірыны Мінкевіч, якая, да таго ж, узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю Нясвіжскага ЗВЭС. Агульны стаж дынастыі складае 130 гадоў. З 1947 г. вядзе адлік свайго працоўнага часу дынастыя Стангілоўскіх: электрамеханікі сувязі Святлана Лянгус і Сяргей Стангілоўскі працягваюць тут справу сваіх бацькоў, дзядулі і бабулі.

Высока нёс марку сваёй службы і былы начальнік Няс-віжскага ЗВЭС Уладзімір Дэханд, які кіраваў арганізацыяй з 1999 па 2008 год. За працоўныя заслугі ён быў удастоены званняў “Майстар сувязі Рэспублікі Беларусь”, “Ганаровы радыст”, “Ганаровы рацыяналізатар”.

Завяршаючы аповед пра Нясвіжскі ЗВЭС, трэба адзначыць, што яго работнікі пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства, дэманструючы высокія вынікі, а таксама ў спартыўных і іншых спаборніцтвах, якія праводзяцца вузлом сувязі і Мінскім філіялам РУП “Белтэлекам”, у рамках экскурсійных паездак наведваюць цікавыя гістарычныя мясціны. А гэта значыць, што іх сэрцы заўсёды адкрытыя для новых ведаў і новых уражанняў, і што дэвіз “Белтэлекама” — “На сувязі са светам” — не проста словы, а кіраўніцтва да дзеяння, лад жыцця, у якім заўсёды ёсць месца новаму і цікаваму.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 45
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.