Нясвіжскія аграрыі скончылі ўборку азімага ячменю

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На мінулым тыдні ў Нясвіжскім раёне быў дадзены старт жніву-2020. У гэту сераду аграрыі завяршылі ўборку азімага ячменю, лідарам па ўраджайнасці стала ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.

Пра ход уборачнай кампаніі у сваёй гаспадарцы “НН” расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Васіль Халопіца.

— У агульнай колькасці збожжавы клін у нас размешчаны на 1300 гектарах, 441 з іх займае яравы ячмень, 364 — азімая пшаніца і 425 — азімая трыцікале, — распавядае Васіль Мікалаевіч. — У мінулым годзе мы выпрабавалі новы гатунак азімага ячменю “Тэнар” (вытворчасці Германіі), які даў добры ўраджай — па 72 ц/га. У гэтым годзе пасяўная плошча культуры была павялічана з 15 да 70 гектараў. Ураджайнасць апраўдала нашы спадзяванні — на 14 ліпеня яна склала 87,9 ц/га. Па восені мы маем намер зноў павялічыць пасевы азімага ячменю — за кошт памяншэння плошчаў, якія займалі азімая трыцікале і яравы ячмень. На наступным тыдні плануем прыступаць        да ўборкі азімага рапсу, яго пасяўная плошча складае  160 га.

У гаспадарцы працуюць шэсць камбайнаў. Бункеры магутных машын напаўняюць збожжам вопытныя хлебаробы: Яўген Ватазін, Віктар Люмін, Валерый Кішко, Юрый Манулік, Аляксандр Сукала і Уладзімір Жэрка. У памочніках у камбайнераў — вадзіцелі Віталь Пашкевіч, Віталь Куган, Аляксандр Сойка, Віктар Хваль, Міхаіл Курдун, Васіль Майсейчык, Дзмітрый Рабянок, Аляксандр Лашук. Усе яны — выдатныя працаўнікі, заўсёды на добрым рахунку, а значыць, ураджай у надзейных руках!

Ужо пятнаццаты сезон на жніве за штурвалам праводзіць Аляксандр Сукала. Вопыту і прафесіяналізму яму не займаць.

Ён адказна спраўляецца з любой пастаўленай задачай і заўсёды трымае ў баявой гатоўнасці сваю тэхніку. Аляксандр Пятровіч неаднаразова займаў першыя месцы ў спаборніцтвах на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, мае за сваю працу шэраг узнагарод раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У цяперашні момант ён з’яўляецца лідарам па выніках уборкі азімага ячменю ў гаспадарцы.

Наталля ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.