Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

Калі яны на адной хвалі…

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Калі яны, вучні і настаўнікі, на адной хвалі, несумненна, будзе поспех і ў адных, і ў другіх.

Школа. Перапынак. Шумна на калідоры. Праходзіш паблізу кабінета хіміі. А там цішыня. Цішыня не ад таго, што нікога няма ў памяшканні — цішыня ад таго, што ўсе дзеці сабраліся гуртам ля дэманстрацыйнага стала і, не дыхаючы, назіраюць за рэакцыяй, якая павінна адбыцца пасля змешвання настаўнікам нейкіх раствораў. Не. Яны не “не паспелі выканаць” лабараторную работу. Ім проста цікава, а што будзе, калі… Таму і не спяшаюцца перайсці ў другі кабінет. Настаўнік моўчкі трымае прабірку і колбу на бяспечнай адлегласці ад вучняў і ўглядаецца ў іх твары. На вуснах затаілася ледзь заўважная ўсмешка. Яму таксама цікава. Часу хопіць і адпачыць, і падрыхтавацца да новага ўрока, а галоўнае — паказаць вучням, а што ж будзе, калі… Настаўнік ведае, што гэты момант дзеці запомняць назаўжды, бо ён закрануў пачуцці. Настаўнік і вучні — на адной хвалі.

Школа. Цішыня на калідоры. Ідуць урокі. Накіроўваешся да майстэрні. Яна знаходзіцца ў асобным будынку. І як добра, што гэта менавіта так. Ужо на вуліцы за некалькі дзясяткаў крокаў да дзвярэй майстэрні чуеш гукі, характэрныя для работы з малатком, нажоўкай, лобзікам, другімі інструментамі, і вяселы, бадзёры голас настаўніка, які дае парады, як прыкласці вугламер, каб вымераць неабходны вугал у загатоўцы, як прасвідраваць адтуліну ў дошцы, не пашкодзіўшы стол, чаму дэталі будучага вырабу неабходна абавязкова спачатку зашкурыць, а ўжо потым са-браць. Пераступаеш парог майстэрні. А там… Кіпіць работа ў кожнага хлапчука. Ніхто не заўважае прысутных. Бо не да таго… Трэба паспець сабраць выраб і паспрабаваць яго ў дзеянні. У гэтым — уся сутнасць будучых мужчын… Настаўнік задаволены, што вучні набылі практычны вопыт працы, які абавязкова спатрэбіцца ім у далейшым дарослым жыцці. “Куды ж без кампетэнтнага падыходу, — гаворыць ён і ўсміхаецца, — успомняць яны ўсё гэта, калі ўпершыню самастойна прыйдзецца зрабіць рамонт у кватэры”. Настаўнік і вучні — на адной хвалі.

Гэта невялікая вандроўка здзейснілася па сярэдняй школе № 3      г. Нясвіжа. А размова вялася пра настаўніка хіміі Людмілу Іванаўну Шыцько і настаўніка працоўнага навучання Канстанціна Анатольевіча Камінскага — пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Мінскай вобласці — 2020”. На сённяшні час педагогі актыўна рыхтуюцца да чацвёртага (заключнага) этапу. Яны падтрымліваюць адзін аднаго, падбадзёрваюць, бо яны таксама на адной хвалі…

Алена Турко,

намеснік загадчыка ДУА “Нясвіжскі

раённы вучэбна-метадычны кабінет”.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!