Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

Памяці спаленай вёскі

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 1

Горкі дым купальскай ночы.
Певень крычаў і двойчы, і тройчы,
На золаку вёску будзіць пачаў.
Крычаў, на абпаленым плоце стоячы,
Крыламі лопаў і крычаў.
Ён вёску будзіў, галасіў адчайна,
Пакуль не здзічэў, пакуль не знямеў.
А вёска маўчала, вёска маўчала.
Яна ўжо не чула той ранішні спеў.
(А. Вярцінскі. “Балада пра спаленую вёску”)

Сведка авіяналёту на Агароднікі Ірына
Рыгораўна Шумейка і Іван Міхайлавіч Галяк, які ведае пра трагедыю вёскі ад маці


Радкамі балады Анатоля Вярцінскага як у мінулым годзе, так і сёлета распачалася 7 ліпеня сустрэча ля помніка спаленай вёсцы Агароднікі. Сябры раённай аргані-зацыі Таварыства беларускай мовы зладзілі яе дзеля памяці (яшчэ жывуць сведкі жахлівага авіяналёту) і дзеля дабрачыннасці (кожная мемарыяльная мясціна патрабуе сталага грамадскага догляду).
Ірына Рыгораўна Шумейка з тых, хто перажыў купальскую ноч 1944 года. Убачанае тады, дванаццацігадовай дзяўчынкай, стаіць у вачах і цяпер, памятаецца да драбніц, хвалюе і трывожыць дасёння.
— Зямлю і неба раз-пораз скаланалі разрывы авіябомбаў, — распавядае яна. — Кулямётныя чэргі з самалётаў праціналі людзей. Загарэліся хаты. Шугалі полымем хлявы і гумны: у іх ужо быў звезены першы ўкос канюшыны і сена. Канала ў агні жывёла.
На раніцу з паўсотні вясковых хат ацалела толькі восем. Загінулі чатырнаццаць аднавяскоўцаў, сярод іх чацвёра дзяцей, — сведчыць пра сумныя падлікі Ірына Рыгораўна.
Праз два дні пасля трагедыі мужчыны-вяскоўцы зрабілі ды ўсталявалі два крыжы: адзін — тут, дзе зараз помнік, другі — на ўсходняй ускраіне няшчаснай вёскі.
Наталля ПЛАКСА,
краязнаўца.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!