Песню бярыце з сабою

DSC06952_сейловичи_вдохновение

Пры Сейлавіцкім сельскім клубе 16 гадоў дзейнічае вакальная група “Вдохновение”, якая пераняла эстафету ў папярэдняй — “Крынічанькі”. Заўважу, што назву яна мае іменна рускамоўную, бо “Натхненне” ў нашым раёне ўжо ёсць: гэта — харэаграфічны калектыў раённага цэнтра народнай творчасці.

Хто ж сілкуе “Вдохновение”  добрымі галасамі, прыгажосцю выканання, энергічнасцю і няўрымслівасцю, адданасцю сцэне?  Людміла Юрашчык працуе бібліятэкарам Сейлавіцкай сельскай  бібліятэкі. Алена Лазоўская — тэхработнік клуба. А яшчэ яна — майстар на ўсе рукі: і цырульнік, і кулінар, і кандытар, і швачка. Усё, што патрабуецца для канцэрта ці іншага мерапрыемства, ахвотна зробіць: прычоскі самадзейным артыстам, стравы ці салодкасці для выставы, канцэртны ці маскарадны касцюм. Наталля Целехавец — вартаўнік у гаражы ААТ “Сейлавічы”. Таццяна Зубовіч — дыспетчар сельгаспрадпрыемства.

— А якая малайчына Алена Бутрымовіч, — расказвае загадчыца клуба Марына Кулакоўская. — Яна працуе аператарам па вырошчванні свіней на свінаферме, жыве ў вёсцы Кунаса. Але рэгулярна прыязджае на рэпетыцыі і канцэрты. Алена — вялікая аптымістка.

Спявае ў гурце і сама Марына Іванаўна. А кіруе калектывам з 2000 года Святлана Туміловіч.

Не вельмі даўно давялося пабываць на справаздачным канцэрце ў гэтай установе культуры.  І асноўную праграму складалі песні ў выкананні вакальнай групы “Вдохновение”—  звонкагалосых жанчын у зялёных сарафанах і прыгожых белых паўбоціках. Дарэчы, на канцэртныя касцюмы, якія  набылі ў 2014 годзе, сродкі выдзеліла дырэкцыя ад-крытага акцыянернага  таварыства. За што вясковыя артысты вельмі ўдзячныя.

І творы, якія яны выконвалі, былі вясёлыя, лірычныя і жартоўныя: “Эх, на сцэну выйшлі!”, “Рабі-на”, “Крапіва-лебяда” і іншыя. Самае прыемнае — гэта дружныя апладысменты гледачоў-аднавяскоўцаў, іх гарачая пры-хільнасць.

Сельскі клуб цесна супрацоўнічае з мясцовай установай адукацыі — Сейлавіцкім НПК д/с-СШ. Таму на сцэне можна ўбачыць і дзяцей, і настаўнікаў. Напрыклад, на гэтым канцэрце запеўкай выбралі  “тэлевізійныя навіны”. Ролю тэлевядучай выконвала настаўніца матэматыкі Кацярына Кірашова, ролю карэспандэнта — педагог-арганізатар Дар’я Манчак.

Добра справіліся з роллю вядучых блізняты, сямікласнікі Назар і Захар Канавалавы, якія дапамагалі дарослым і свабодна адчувалі сябе на сцэне. Гэта станоўчы факт: дзеці далучаюцца да культурных мерапрыемстваў, набываюць артыстычныя навыкі і прывыкаюць да публікі. Хлопчыкі  выдатна падрыхтаваліся да выступленняў дзякуючы іх маме Марыне Канавалавай. Яна займаецца з сынамі, шмат надае гэтаму ўвагі. Вельмі адказная сям’я. Таму ў юных артыстаў усё і атрымліваецца.

Удзельнічалі ў канцэрце і малодшыя вучні, якія ігралі сцэнку “Мышаняты і мяч”.  Старэйшыя выканалі танец “Бульба”.

Ёсць тут і аб’яднанне творчых людзей  “Чараўніцы”. Работы ўмельцаў былі выстаўлены на століках у фае клуба. Там красаваліся вазы і кошыкі, капелюшы, зробленыя з папяровых трубачак — даволі цікавыя рэчы. Іх аўтары — загадчыца клуба Марына Кулакоўская і старшыня прафсаюзнага камітэта адкрытага акцыянернага таварыства “Сейлавічы” Кацярына Андрэйчук.

Пасля фінальнай песні справа-здачнага канцэрта “Мы вам жадаем…” у выкананні гурта “Вдохновение” жыхары Сейлавіч і не думалі разыходзіцца, прасілі выступіць на “біс”. Самадзейныя артысты іх просьбу ахвотна задаволілі.

Сейлавіцкія артысты выступаюць на розных пляцоўках раёна, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. А ў гарачы час жніва, у абедзенныя перапынкі, яны добрымі песнямі вітаюць  удзельнікаў уборачнай кампаніі. І пералівы баяна тады плывуць над залатой нівай, ухваляючы адвечную хлебаробскую працу.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

Фота  Іны ВАСІЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.