Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

У залессі, пад гукі “Паланэза”

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 1

Пост опубликован: 28.04.2017

S6304920

Варта назваць імя Міхала Клеа-фаса Агінскага, як  кожны культурны чалавек успомніць яго славуты паланэз “Развітанне з Радзімай”. Гэта шчымлівая мелодыя  чаруе людзей больш за дзвесце гадоў, яна гучала ў салонах Пецярбурга, музычных  установах Італіі, дзе жыў кампазітар.



Нарадзіўся ён у 1765 годзе  ў польскім горадзе Гузаў Мазавецкага ваяводства. Музычным  настаўнікам юнага Міхала быў Осіп Казлоўскі, кампазітар, аўтар першага гімна Расійскай імперыі “Гром перамогі, раздавайся!”. Малады Агінскі захапляўся не толькі музыкай, ён прыняў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, якога вельмі паважаў. За свае сродкі стварыў атрад з 2500 чалавек.  Аляксандр І дараваў яму ўдзел у паўстанні і ў 1801-м годзе і вярнуў  забраныя маёнткі, у тым ліку і сядзібу ў Залессі. Міхал Клеафас Агінскі  напісаў шмат выдатных  музычных твораў і ў 1831-м годзе ў Фларэнцыі  (дзе ён жыў некаторы час) быў выдадзены  зборнік  іх  нот. Памёр кампазітар у 1833-м годзе і пахаваны ў Пантэоне (Італія), у царкве Санта Крочэ, побач з Галілеа Галілеем, Мікеланджэла Буанароці, Джакома Расіні і Мікола Макіявелі.

Памяць  пра славутага музыканта жыве не толькі ў яго творах, дзесяткі тысяч людзей з розных куткоў Беларусі  і з-за мяжы наведваюць яго музей-сядзібу ў вёсцы Залессе Смаргонскага  раёна  Гродзенскай  вобласці. Не так даўно мне давялося пабываць у гэтай маляўнічай мясцовасці. Па дарозе на Смаргонь ёсць указальнік з назвай Амяліна, а гэта імя дачкі кампазітара, у гонар якой была названа вёска, якая суседнічае з Залессем. Да сядзібы вядзе алея з векавых дрэў, а на ўездзе ляжыць памятны камень. Падобны, але большы, закладзены і непасрэдна каля  будынка. На стэндзе змешчаны асноўныя звесткі пра гісторыю замка, які быў спраектаваны ў 1802-м годзе віленскім прафесарам архітэктуры М.Шульцам у класічным стылі. Тут размяшчаліся гасціныя, салоны, жылыя пакоі, аранжарэя, павільёны, вадзяны млын, быў звярынец, сажалка, лебядзінае возера. За дзвесце гадоў сядзіба мянялася, часткова разбуралася, пераходзіла з рук у рукі. Пасля вайны там быў дом адпачынку для мінчан, дом састарэлых, іншыя ўстановы. У 2010-м і 2011-м гадах пачалася рэканструкцыя сядзібы пад музей, для чаго шмат намаганняў прыклаў Смаргонскі  райвыканкам, і ў 2015 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё.

S6304950 S6304954

Сёння ў ім дзейнічае трынаццаць залаў, у першым стаяць піяніна, цытра, скрыпка,  крэслы, ноты. На маленькім пюпітры змешчаны музычны аўдыёгаджэт, з якога даносіцца нягучная мелодыя знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”. Яна вельмі гарманічна ўплятаецца ў абстаноўку тых часоў, калі жыў і тварыў Міхал Агінскі, і суправаджае экскурсантаў па залах.

Даволі прыемнае адчуванне, якое і перадаць складана. Быццам дакранаешся да высокага і светлага свету музыкі. Велічна выглядае камінная зала са старадаўнім раялем, партрэтамі родных і блізкіх кампазітара. У кабінеце  змешчана бібліятэка, пісьмовы стол прыгожай разьбы, інкрустацыя серабром. На сценах — партрэты  гаспадара, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча, Адама Чартарыйскага, карціна “Прысяга Касцюшкі   на Рыначнай плошчы”. Зала з посудам і камодам выклікае цікавасць унікальнымі прадметамі даўніны і вызначаецца адметнай прыгажосцю, шахматы ХIХ стагоддзя, гадзіннік “Манумент славы”, більярд, сасуд  для падагрэву  і ахалоджвання  віна. Як і дзвесце гадоў таму, у  палацы ёсць  тэатральная зала, з шыкоўнымі крэсламі і раялем. Як і тады, сёння тут наладжваюцца балі, іграе музыка, а яшчэ маладыя бяруць шлюб.

З аўтэнтычных рэчаў захавалася лесвіца на другі паверх, а на дварэ — ва-дзяны млын, сямейная капліца. У пераходзе за музейнымі заламі пабудавана кафейня, утульнае памяшканне з лазовай ажурнай мэбляй. Тут жа стаіць раяль, на якім можа сыграць кожны жадаючы (калі ўмее, вядома). Я па-шкадавала, што не валодаю такім дарам, бо націснуць на клавішы ў такім месцы дарагога варта. Ды і памяць назаўжды застанецца, як наведванне гэтага цудоўнага куточка Беларусі, які быў родным для славутага музыканта і які з сумам развітваўся з ім, калі ад’язджаў за мяжу. Сёння да сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага едуць людзі адусюль, каб пабачыць, адчуць, захапіцца, атрымаць эстэтычнае задавальненне і папоўніць скарбонку культурных ведаў.

S6304954

Штогод у маляўнічай мясцовасці праводзіцца фестываль народнага мастацтва “Залессе запрашае сяброў”, дзе выступаюць лепшыя калектывы,  наладжваюцца дабрачынныя балі. Турысты аглядаюць наваколле, падыходзяць да лебядзінага возера, слухаюць пошум лістоты  векавых дрэў.

Раіса Хвір, г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!