Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Выпадковая сустрэча злучыла назаўсёды

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0
Іосіф Іосіфавіч і Данута Казіміраўна Хмялеўскія

Іосіф Іосіфавіч і Данута Казіміраўна Хмялеўскія

Шасцідзесяцігоддзе шлюбу. Нямногім удаецца разам пераадолець гэты рубеж і захаваць свае адносіны на працягу такога доўгага адрэзка жыцця. Гэта ўрачыстая дата падкрэслівае глыбіню пачуццяў, узаемную павагу, адданасць і ўзаемаразуменне.



Менавіта гэту дату — брыльянтавае вяселле — адзначаюць днямі несвіжане Іосіф Іосіфавіч і Данута Казіміраўна Хмялеўскія.

Іосіф Іосіфавіч нарадзіўся ў 1933 годзе ў Нясвіжы, а Данута Казіміраўна — у 1936-м у вёсцы Мікулічы. Абое ў шматдзетных сем’ях. Іх дзяцінства не было радасным і бязвоблачным, яго апаліла вайна, і не толькі. Як расказаў Іосіф Іосіфавіч, яго бацька служыў лесніком у князя Радзівіла да 1939 года. Вартаваў княжацкі лес у вёсцы Дзямідавічы. За гэта сям’ю пасля 1939-га ледзь не выслалі ў Сібір. Народны камісарыят унутраных спраў шукаў тых, хто дапамагаў князю. Бацьку выявілі па дакументах. У Дзямідавічах быў сход, на якім апытвалі вяскоўцаў наконт гэтай справы. Людзі заступіліся, сказаўшы, што ён быў добрым служачым, дазваляў збіраць ягады, грыбы (на той час гэты збор быў забаронены, трэба было купляць білет у князя). Такім чынам, сям’ю пакінулі ў спакоі.

Пра ваенныя гады Данута Казіміраўна ўспамінае: «Я была яшчэ малая, толькі памятаю, што ў нашай  вёсцы хаваліся людзі з Нясвіжа. У нас у падвале размясціліся тры сям’і. Усю вайну так жылі. Цяжка было і страшна».

Сям’ю Іосіфа Іосіфавіча і яго непасрэдна вайна кранула ў прамым сэнсе гэтага слова. Ён расказвае: «Старэйшую сястру немцы вывезлі на працу ў Германію,  старэйшы брат ваяваў у польскай арміі. А ў 1944-м я трапіў пад снарад. Уцякалі, хаваліся з дзецьмі, перада мною ўзарвалася бомба. Я атрымаў апёкі па ўсім целе. Бацька знайшоў мясцовую медсястру, яна мяне выхадзіла. Мая мама памерла, калі я быў дзевяцігадовым хлапчуком. А яшчэ помню, як расстрэльвалі яўрэяў. Мы жылі насупраць яўрэйскага гета па вуліцы К. Лібкнехта. Аднойчы ноччу я пачуў тупат ног, выстралы. Загарэлася некалькі дамоў. Агонь, стрэлы, крыкі, брэх сабак. Я залез на гарышча, каб праз акенца пагля-дзець, што там адбываецца. Але спужаўся, што мяне могуць убачыць немцы, бо ўжо світала, і ўцёк».

Іосіф і Данута скончылі па сем класаў. Іосіф Іосіфавіч успамінае: «Вучыўся на чатырох мовах — польскай, нямецкай, рускай і беларускай. Не было настаўнікаў пасля вайны, сшыткаў. Пісалі на газетах, на кусках паперы — хто што знойдзе».

Вянчанне ў касцёле з нагоды 50-гадовага юбілею шлюбу

Вянчанне ў касцёле з нагоды 50-гадовага юбілею шлюбу

Далей вучыцца не было магчымасці, трэба было працаваць, дапамагаць бацькам. Данута з дзесяцігадовага ўзросту была прывучана да гэтага. «У бацькоў было каля шасці гектараў зямлі. Сеялі жыта, авёс, пшаніцу, сенажаць мелі, агарод. Гаспадарку трымалі: свіней, гусей, карову, авечак. Бацькі размяркоўвалі работу на ўсіх дзяцей», — дзеліцца мая гераіня.

Сямнаццацігадовым юнаком Іосіф Іосіфавіч пайшоў вучнем у Нясвіжскі прамкамбінат у слясарны цэх. Адтуль прызвалі ў Савецкую Армію. Служыў у Запаляр’і на Кольскім паўвостраве, у лётнай часці ахоўваў стаянкі самалётаў. Недалёка праходзіла граніца з Фінляндыяй. «Прырода, клімат. Там гаварылі: дзесяць месяцаў зіма, астатняе — лета. Летам ночы няма, сонца чуць схаваецца за гарызонт і зноў устае. Светла. А як толькі наступае зіма — ноч і ноч. Паўночнае ззянне над галавой рознакаляровае. Стаіш на пасту, глядзіш, успамінаеш радзіму, а яна — далёка-далёка. Тры з паловай гады адслужыў і вярнуўся на сваё месца працы», — расказвае Іосіф Іосіфавіч.

Як жа сустрэліся нашы героі? Вясна. 1957 год. Ёй быў амаль 21 год, яму 24. «Я ішоў па вуліцы Савецкай, дзе зараз магазін «Цэнтральны», убачыў свайго знаёмага, а з ім стаяла дзяўчына. Я прыпыніўся пагутарыць на хвіліну. Трошкі пастаяўшы, дзяўчына сказала, што ёй трэба ісці. Я запытаў, ці можна яе правесці. Пачуў: «Калі ласка», — радасна і ўзнёсла расказвае Іосіф Іосіфавіч. А Данута Казіміраўна дадае: «Вось такая выпадковая сустрэча атрымалася, і пражылі шэсцьдзясят гадоў. Я яго яшчэ да знаёмства прысніла, а калі пазнаёміліся, успомніла той сон. Пасля даведаліся, што працуем у адной арганізацыі. Бачыліся раніцай і вечарам, калі разміналіся, ідучы на працу і назад». «Сустракаліся некалькі тыдняў, пасля я зрабіў прапанову пажаніцца на кастрычнія святы, на што Данута адказала: а хто цябе чакаць столькі будзе?» (смяюцца — аўт.). Спадабаліся, пакахалі маладыя і, каб не страціць тых пачуццяў, у пачатку мая згулялі вяселле. Прыціраліся адзін да аднаго, прывыкалі. Разам пабудавалі дом, стварылі ўласную гаспадарку, у сям’і нарадзіліся дачка і сын. Сумесна займаліся іх выхаваннем. Размяркоўвалі сямейныя абавязкі. Мелі агульны бюджэт. Працавалі. Данута Казіміраўна — швачкай у прамкам-бінаце. Калі дзеці былі малыя, брала работу дадому. Пасля шчыравала ў рэстаране, у кандытарскім цэху — і выпякала, і прыбірала. Іосіф Іосіфавіч скончыў курсы шафёраў, вазіў хлебабулачныя вырабы. Сябравалі з сусе-дзямі, збіраліся на святы. І зараз, жывучы ў кватэры (дом быў знесены ў 90-м годзе), таксама ла-дзяць з суседзямі.

У маладыя гады

У маладыя гады

Як гавораць юбіляры, добра пражылі жыццё, хоць яно і пад-кідвала выпрабаванні. У 1968 го-дзе Іосіф Іосіфавіч на тры месяцы трапіў у Чэхаславакію. Сваім ходам, на рабочай машыне, на якой вазіў хлеб, дабіраўся туды праз Польшчу, Германію, не сплючы суткамі. Некаторыя ва-дзіцелі не вытрымлівалі, з’яз-джалі ў кювет. Аднойчы афіцэр пераблытаў карту, прыехалі да казармаў чэшскіх войск. Шлагбаўм, аўтаматчыкі ў лесе. Страшна было. Іосіф Хмялеўскі хуценька развярнуўся — і назад. А маглі загінуць. І яшчэ адзін удар падкінула жыццё. У маладым узросце ў аўтамабільнай аварыі загінуў сын.

Калі ў сям’і здараліся спрэчкі, доўга не крыўдавалі. Іх характары дапаўняюць адзін аднаго: Іосіф Іосіфавіч — сур’ёзны і цвёрды, Данута Казіміраўна — мяккая, памяркоўная, па-жаночы мудрая. У тым і заключаецца сакрэт доўгага сямейнага жыцця, каб саступаць, паважаць, не выходзіць за рамкі дазволенага.

Да любой справы ў жыцці юбіляры ставіліся  старанна і адказна. «Калі рабіць, то на сумленне, або зусім не брацца», — гаворыць гаспадар. Іх паважалі на рабоце, за якую яны атрымлівалі ўзнагароды. У аўтакамбінаце №1 г. Нясвіжа ў 1983 годзе Іосіфу Іосіфавічу было прысвоена званне «Ветэран працы», меў ён і званне «Лепшы вадзіцель», з’яўляўся ўдарнікам працы. Таксама атрымліваў Ганаровыя граматы і значкі III, II і I ступені за шматгадовую працу без дарожна-транспартных здарэнняў, парушэнняў правіл дарожнага руху і дысцыпліны. Значок I ступені яму ўручаў міністр аўтамабільнага транспарту БССР. Пра яго пісалі ў раённай газеце «Чырвоны сцяг». А працоўны стаж нашага юбіляра склаў 39 з паловай гадоў. Данута Казіміраўна таксама мела ўзнагароды, прэміі і падарункі. Калі дасягнула пенсійнага ўзросту, на рабоце заставалася яшчэ два дзясяткі гадоў. І зараз гаспадары не сядзяць без справы. «Мне пастаянна трэба нешта рабіць», — зазначае юбілярка. Яны разам збіраюць грыбы, шчыруюць на агародзе, дзе садзяць і бульбу, і гародніну, і кветкі, ад якіх па пакоях ідзе прыемны пах. Гаспадар любіць парыбачыць, а гаспадыня  — што-небудзь звязаць. Напрыклад, за зіму зрабіла мужу дзве безрукаўкі. Раней прала шэрсць, вязала цёплыя шкарпэткі. А ў сезон нарыхтовак займаецца кансерваваннем.

Сведчанні бездакорнай работы вадзіцеля Іосіфа Хмялеўскага

Сведчанні бездакорнай работы вадзіцеля Іосіфа Хмялеўскага

Пасведчанне аб шлюбе

Пасведчанне аб шлюбе

Вось такія яны — героі майго аповеду — шчырыя і адкрытыя, працавітыя і гасцінныя (пакуль я зрабіла некалькі здымкаў, на стале, засланым белым абрусам, мяне чакаў кубачак кавы з пячэннем і іншыя прысмакі, прыгатаваныя гаспадарамі), добразычлівыя, не пешчаныя лёсам, надзеленыя жыццёвай мудрасцю. Тыя, на каго можна раўняцца і з каго браць прыклад. А браць яго ёсць каму. Нашы шаноўныя юбіляры маюць траіх унукаў і сямёра праўнукаў. Няхай яшчэ доўга цепліцца іх сямейны ачаг, гарыць агеньчык у акне, а за сталом з белым абрусам збіраюцца родныя.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!