Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Дом ва ўсіх у нас адзін і Радзіма адна

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

3

Родная вёска — гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, першае слова, якое прыйшло ад маці, першая ўсмешка, якая не толькі сагравае, але і дорыць веру ў будучае. Прыгожа параскідваліся вёсачкі на зямлі Нясвіжскай, сярод якіх ёсць цудоўнае месца — наш аграгарадок Грыцкевічы. Жывуць тут прыгожыя і працавітыя людзі, у якіх не толькі рукі залатыя, але і сэрца шчырае, багатая фантазія і душа такая шчодрая і пявучая. Вось менавіта таму і свята вёскі, якое адбылося ў маі, атрымалася цудоўным, вясёлым і незабыўным.



Пачалося свята на галоўнай пляцоўцы каля Дома культуры. Жыхары і госці вёскі спачатку пазнаёміліся з выставай работ мясцовых умельцаў Алены Заяц, Жанны Дыдышка і прадстаўніцы старэйшага пакалення Ганны Лявонцьеўны Рыштоўскай. Затым са святочнымі віншаваннямі перад вяскоўцамі выступілі дырэктар ААТ “Грыцкевічы” Яўген Уладзіміравіч Здановіч, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Мікалаевіч Драгавец і галоўны спецыяліст Сноўскага сельскага выканаўчага камітэта Ганна Міхайлаўна Сватко. Удзельнікі вакальнай группы “Суседзі” Грыцкевіцкага дома культуры падрыхтавалі святочны канцэрт. Акрамя іх, павіншаваць усіх са святам вёскі прыехалі і нашы суседзі з аграгарадка Сноў: народны ансамбль песні і танца  “Вяночак” і народны калектыў “Акцэнт”.

Вядучыя праграмы ўспомнілі  імёны 40 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — жыхароў вёскі, дзякуючы якім мы сёння жывём пад мірным і сонечным небам. Вялікі “дзякуй” быў адрасаваны кожнаму з 53-х былых работнікаў жывёлагадоўлі і механізацыі, паляводаў і спецыялістаў, якія шмат гадоў свайго жыцця аддалі працы на роднай зямлі.

Словы падзякі гучалі гаспадарам прыгожых і ўтульных двароў, якіх з кожным годам у нашай вёсцы становіцца ўсё болей і болей. А такія гаспадыні, як Людміла Капуста, Ірына Грамко і Людміла Заяц былі адзначаны каштоўнымі падарункамі ад дырэкцыі гаспадаркі.

На працягу ўсёй канцэртнай праграмы гучалі віншаванні ў гонар жыхароў вёскі. У намінацыі “Старажылы” была адзначана старэйшая жыхарка Марыя Антонаўна Казакевіч, якой 18 мая споўнілася 92 гады. Марыя Антонаўна атрымала ад дырэкцыі гаспадаркі каштоўны падарунак, ад артыстаў — вясёлую песню. Вельмі прыемна было адзначыць каштоўным падарункам сямейную пару Андрэя Міхайлавіча і Ганны Сямёнаўны Купрыянчык, у якіх стаж сумеснага жыцця складае 58 гадоў. Мнагадзетныя маці старэйшага пакалення Святлана Чарнабай, Ірына Лось, Іна Сарнацкая, якія нарадзілі і выгадавалі 5 і больш дзяцей, а таксама самыя маладыя сем‘і, якія ўжо маюць па 3 дзяцей —  Таццяна Пляшко і Марыя Папова — таксама атрымалі падарункі.

Былі запрошаны на свята і былыя працаўнікі таварыства, якія ў гэтым годзе будуць адзначаць свае юбілеі:  70 гадоў — Марыя Казіміраўна Хартонік, 75 гадоў —Антаніна Іванаўна Гаспадарык і Надзея Паўлаўна Цыуля, 80 гадоў —Любоў Васільеўна Гаспадарык і Феафанія Іосіфаўна Казакевіч, 85 гадоў —Таццяна Антонаўна Рудая. Ім у якасці падарунка гаспадаркай былі прыдбаны камплекты  пасцельнай бялізны. Успомнілі на свяце і пра самага маленькага жыхара нашай вёскі,  Уладзіславу Папову, якая нарадзілася 22 красавіка гэтага года. Ёй таксама быў уручаны падарунак.

Не перадаць словамі, колькі цікавасці і задавальнення прынесла бязпройгрышная латарэя. Цана 1 латарэйнага білета складала 5 рублёў. За кошт гаспадаркі былі набыты розныя рэчы. Найбольш каштоўнай з‘яўлялася электрамясарубка, кошт якой складаў 113 рублёў. “Шчасліўчыкам” розыгрышу стала аператар машыннага даення Алена Скрыба, якой і дасталася гэтая кухонная “машынка”. Цікава было і прадстаўнікам малодшага пакалення. Розныя атракцыёны, прыгожыя цацкі, смачныя цукеркі, “салодкая” вата — усё гэта прадаставілі для маленькіх удзельнікаў свята.

Да позняга вечара на вуліцы гучала музыка, людзі спявалі і танцавалі, дарылі адзін аднаму ўсмешкі. Хочацца верыць, што ў кожнага, хто прысутнічаў на свяце, застануцца ў душы словы, якія прагучалі ад вядучых канцэрта:  вёска — гэта незабыўная казка, куды хочацца вярнуцца зноў і зноў.

Алена ЛЕЎШЫК,

старшыня прафкама ААТ “Грыцкевічы”

Фота Яўгена ГУСЕЙНАВА

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!