Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

“Слова Купалы да творчасці кліча”

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

умные книги

У нядзелю, 28 мая, на Лагойшчыне адбыўся Х форум маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”, арганізатарамі якога выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама. Удзел у ім узялі прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці. Нясвіжчыну прадставіў супрацоўнік нашай раённай газеты Андрэй Козел.



Для маладых паэтаў быў арганізаваны семінар, дзе кожны мог пачуць трапныя заўвагі і парады ад творцаў больш вопытнага пакалення. Заняткі праходзілі па секцыях, каб кожны  ўдзельнік форуму змог пачуць нешта карыснае менавіта па сваіх творах.

Падчас мерапрыемства была арганізавана цікавая экскурсія ў гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў у Лагойску, на якой можна было даведацца шмат з гісторыі раёна. У вёсцы Харужанцы ўдзельнікі форуму змаглі наведаць экспазіцыі філіяла “Акопы” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і натхніцца атмасферай ваколіц, дзе напісаў шмат сваіх слынных твораў беларускі пясняр.

Напрыканцы кожны малады паэт змог паўдзельнічаць у свяце паэзіі “Пад Купалавай зоркай”, прысвечаным 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, прачытаць свае творы і атрымаць сваю порцыю апладысментаў слухачоў. Вершы ўсіх удзельнікаў форуму ўвайшлі ў зборнік “Слова Купалы да творчасці кліча”, у тым ліку і нашага супрацоўніка Андрэя Козела.

 

***

Верш недапісаны лёг на стале…

Можа, мне мроіцца? Можа і не?

Слоў не хапае — узяць — дапісаць.

Лёг я на ложак —

 не хочацца спаць.

Што мне падкажа апошні радок —

дым тытунёвы, гарбаты глыток?

Дзе ён падзеўся

сакральны матыў?

Можа быць, сёння яго я згубіў?

Вокны з жалеза, сцены — турма:

марыў я марна і верыў дарма.

Што тут паробіш?

Натхнення няма!

Слоў не падкажа, канечне, сцяна,

дый не прашэпча ніколі і столь,

іх прадыктуе радасць ці боль.

Зараз пачуццяў якраз не стае —

верш недапісаны лёг на стале…

 

***

Забыты дом на ўскрайку лесу.

Нібы малы туды залезу,

каб паглядзець як памірае,

што для сям’і цяпло стварае…

 

Былі тут гоман і вяселле,

зімовы гул і мрой трызненне;

тут забыццё было і смутак,

жалоба, смерць і болю скрутак.

 

Дом для дзяцей быў, для дарослых.

Ён будаваўся так няпроста!

У ім жылі любоў, пяшчота,

цяпер — трава і адзінота.

 

Стаю разгублены, разбіты

ля студні. Пацукі сярдзіта

хаваюць пысы ў завуголлі,

з акна звісае дрэва голле.

 

На крыж забіты аканіцы,

рыпяць галосячы масніцы,

ды зруб пахілы, дах у лаце

і дзверы б’е скавыш у хаце.

 

***

Я адпускаю

у былое,

тых, хто чужым

цяпер мне стаў.

Хто на пытанне:

“Ты са мною?..” —

Нічога мне

не адказаў.

 

І хто пайшоў

дарогай іншай

сярод мільёнаў

тых дарог.

Я тут не Бог,

трымаць  каб лішніх,

і асуджаць

я тут —

не Бог.

 “НН”.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!