У першым паўгоддзі жывёлаводы ААТ “Грыцкевічы” атрымалі 5109,1 тоны малака. Гэта на 547,3 тоны болей, чым за адпаведны перыяд 2016 г. Тэмп росту склаў 112 % — па гэтым паказчыку гаспадарка знаходзіцца на другім месцы ў раёне. Асаблівая прыбаўка малака назіралася ў чэрвені — тэмп росту дасягнуў 116,6 %, а гэта ўжо першае месца ў раёне. Прыкметна павысілася прадуктыўнасць кароў: надой ад кожнай вырас на 379 кг у параўнанні з леташнім і склаў 4258 кг (другое месца па раёне). Варта адзначыць, што ў мінулым годзе “Грыцке-вічы” па надоі малака ад каровы займалі пятае месца. У чэрвені ад 1 фуражнай каровы ў сярэднім атрымана па 750 кг. Прыбаўленне склала 96 кг — вышэй, чым у іншых сельгаспрадпрыемствах.
За кошт чаго вырасла прадуктыўнасць дойнага статка?
На гэтае пытанне адказаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Андрэй Вітко:
— За кошт селекцыйнай работы. Старых кароў выбракоўваем, у статак уводзім першацёлак, атрыманых ад матак з найбольшай прадуктыўнасцю.
Другое: нарыхтоўваем кармы высокай якасці. І яшчэ адзін немалаважны фактар: арганізацыя даення робатамі. Тут, дзякуючы камп’ютару, забяспечваецца строгі індывідуальны падыход да кармлення кожнай каровы. Канцэнтраты камп’ютар выдае адпаведна з іх прадуктыўнасцю. І малако робат выдойвае з вымя ўсё без астатку. Напрыклад, будуць яго рэшткі ў канцы даення паступаць толькі ў два ці адзін сасок — робат будзе даіць за гэтыя два саскі ці за адзін.
Робатадаенне ў “Грыцкевічах” наладжана на ферме “Супрунавічы”. Устаноўлена шэсць разумных машын. Новая ферма поўнасцю ўвайшла ў эксплуатацыю ў снежні мінулага года. Разлічана яна на 400 кароў. Запаўняць памяшканне яшчэ працягваюць, закончыць мяркуюць да снежня.
Падрабязней пра справы расказаў брыгадзір фермы “Супрунавічы” Алег Мініч:
— Запаўняем памяшканне толькі сваёй жывёлай, з прадуктыўнасцю маці цялушак 28 — 29 літраў малака ў суткі. Ёсць першацёлкі, ад якіх надойваем па 35 — 40 літраў малака. 25 кароў 2 — 4 лактацый даюць у суткі да 50 літраў. За мінулы год па ферме мы атрымалі на карову 9 тысяч кілаграмаў малака. Сёлета плануем мець дзевяць з палавінай — дзесяць тысяч. У гэтыя дні атрымліваем 8 тон 220 кілаграмаў — па 28 кг на карову. Рэалізуем па 7,5 тоны малака, ідзе яно сортам “экстра”, усё — на завод дзіцячага харчавання ў Нясвіжы.
“Супрунавічы” даюць 27 % малака ад яго валавой вытворчасці ў гаспадарцы. Таму добрыя справы ў гэтым калектыве станоўча адбіваюцца на стане малочнай галіны ўсяго акцыянернага таварыства.
Алег Антонавіч пахвальна адклікаецца пра работнікаў сваёй фермы. Гэта аператары Аркадзь Шыіч, Алена Гадун, Наталля Андросік і Аляксандр Гаспадарык, якія аб-слугоўваюць робатаў. Гэта жывёлаводы Юрый Жанкевіч, Аляксандр Юрынок, Святлана Чарнабай і падменны Юрый Хоміч, якія даглядаюць жывёлу, у тым ліку і сухастойную, сочаць за паяданнем кармоў. Разам з тым, А. Юрынок яшчэ працуе і начным вартаўніком фермы. З любоўю глядзіць маленькіх цялят аператар жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм Марына Клімовіч. На раздачы кармоў тут пастаянна замацаваны механізатар Пётр Сіліцкі. І, зразумела, вялікі ўклад у агульную справу ўносіць ветэрынарны фельчар фермы Яўген Калядзін.
Першыя два робаты запрацавалі ў верасні 2013 года — пасля рэканструкцыі старога будынка МТФ. Праектам прадугледзелі расшырэнне фермы. Пабудавалі цялятнік, прафілакторый, кароўнік з чатырма работамі, тры новыя сянажна-сіласныя траншэі. Добраўпарадкавалі тэрыторыю, пасадзілі кветкі, засеялі газон. Плануюць высадзіць туі і аформіць болей кветкавых клумбаў. Хто даўно тут не быў, не пазнае гэтага месца.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ,
студэнтка-практыкантка 2 курса Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.