Слынны дзеяч беларускай культуры ХVI ст., заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку. Дакладная дата нараджэння невядомая. Мяркуецца, што каля 1490 года. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у доме бацькоў, тут навучыўся чытаць па Псалтыры і пісаць кірыліцай. Ад бацькоў ён пераняў любоў і павагу да роднага Полацка, назву якога пазней заўсёды падмацоўваў эпітэтам “слаўны”, ганарыўся сваімі людзьмі, а пасля прыйшоў да думкі даць супляменнікам святло ведаў, прыцягнуць іх да культурнага жыцця Еўропы. Каб заняцца навукай, Ф. Скарына асвоіў латынь. Таму даследчыкі яго жыцця і дзейнасці мяркуюць, што ён некаторы час вучыўся ў школе пры адным з каталіцкіх касцёлаў.
У 1504 г. Ф. Скарына паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, праз два гады атрымаў вучоную ступень бакалаўра. А ступень магістра вольных мастацтваў дала яму права паступаць на самыя прэстыжныя факультэты ўніверсітэтаў Еўропы. У 1512 г. ён прыехаў у італьянскую Падую, універсітэт якой славіўся не толькі медыцынскім факультэтам, але і як школа вучоных-гуманістаў. Бедны, але здольны і адукаваны русін Францыск Скарына быў дапушчаны да экзамена на атрыманне вучонай ступені доктара лекарскіх навук. 9.11.1512 г. атрымаў гэта высокае званне.
Навукоўцы лічаць, што, магчыма, яшчэ ў Кракаве, дзе існавала некалькі лацінскіх друкарняў, у Ф. Скарыны з’явілася думка надрукаваць кнігі “Бібліі” на роднай мове, зрабіць іх даступнымі для беларусаў.
Ажыццявіў ён сваю мару, жывучы ў Празе. Заказаў друкарскае абсталяванне, пачаў перакладаць кнігі “Бібліі” і пісаць да іх каментарыі. Першая кніга, якую Ф. Скарына “повьлел… тиснути рускыми словами, а словенскым языком”, — “Псалтыр” — выйшла ў свет 6.08.1517 г. За няпоўныя тры гады ён пераклаў, пракаментаваў і выдаў 23 кнігі “Бібліі”.
Пасля Скарына пераехаў у Вільню. Каля 1522 года выдаў там “Малую падарожную кніжку”.
Мова выданняў Францыска Скарыны — гэта мова, на якой размаўлялі і пісалі прадстаўнікі культурных слаёў грамадства Беларусі і ўсяго Вя-лікага Княства Літоўскага. У яе аснове — народая мова, якая была блізкай да царкоўнаславянскай. Ф. Скарына сваёй працай, сваімі высокагуманнымі памкненнямі ставіць мэту фарміраваць грамадскую свядомасць і выхоўваць людзей у духу патрыятызму.
Далейшы жыццёвы шлях яго быў няпростым. З-за розных абставін даводзілася мяняць месцы пражывання і пасады, род дзейнасці. Памёр Францыск Скарына, як лічаць бібліёграфы, не пазней 29.01.1552 г. Арыгінальны мысліцель, урач, таленавіты пісьменнік, публіцыст, перакладчык, мастак, першадрукар, знакаміты палачанін стаў у шэрагі выдатных дзеячаў эпохі Адраджэння.
Энцыклапедычны даведнік
“Францыск Скарына і яго час” чытала
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.