Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Дзеля шчасця Радзімы

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 22.09.2017

дражын

— Паважаны Уладзімір Несцеравіч, скажыце, калі ласка, якія “абразкі ра-дзімы мілай” перш за ўсё прыходзяць на памяць, калі Вы чуеце словы “Старадарожчына, Нясвіжчына, Міншчына”?

— Радзіма мая дарагая…

Словы вядомай песні. А для кожнага з нас перш за ўсё на памяць прыходзяць бацькі, сёстры, браты, родныя, аднавяскоўцы, сябры па школе. Непаўторныя краявіды — векавечны лес, які вабіць у любую пару года, дзе растуць дуб і хвоя, граб і ясень, вольха і бяроза, ліпа і рабіна, дзе летам і восенню шмат ягад і грыбоў. Паветра, асабліва ўвесну, калі абу-джаецца зямля і шматлікія ручаі і крыніцы напаўняюць непаўторныя рэчкі і азёры.



Вёскі і вёсачкі, у якіх на працягу многіх стагоддзяў жылі руплівыя нашчадкі дрыгавічоў, са сваім непаўторным абліччам.

Старажытныя Старыя Дарогі, Нясвіж,  якія па дакументах архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага былі цэнтрамі развіцця прамысловасці, гандлю, а таксама паступовых сацыяльных пераўтварэнняў, сёння расквітнелі і вабяць да сябе як  землякоў, так і шматлікіх турыстаў. Гэтым я таксама сёння кожны дзень жыву і гэтым ганаруся.

— Вы — дыпламат, упраўленец вышэйшага звяна, парламентарый  — падняліся на жыццёвы алімп з пасляваеннай беларускай вёскі: працоўнай, гаротнай, беднай. Дзівосны лёс! Што адыграла ў ім сваю ролю: мэтанакіраванасць, “дум высокае памкненне”, праца, усмешка фартуны?

— Галоўным стымулам у кар’ерным росце для мяне сталі сумленная праца на працягу ўсяго жыццёвага шляху  і людзі, сярод якіх я жыў, вучыўся, працаваў. Яны штодзённа ўплывалі на характар і ўчынкі ў дасягненні жыццёвай мэты.

Мне вельмі пашчасціла атрымаць першыя ўрокі жыццёвай загартоўкі ў сям’і, далей былі школа, армейская служба, праца ў калектывах Беларускага аўтамабільнага завода, Нясвіжскага раёна, Мінскага аблвыканкама, ва Урадзе нашай краіны і работа Паслом за мяжой — у Літве і Фінляндыі.

Кожная ступень жыццёвага шляху для мяне была лёсавызначальнай, і я заўсёды вельмі адказна адносіўся да вынікаў сваёй працы і асабліва да людзей, з якімі працаваў,  яны таксама мне адказвалі даверам. Гэта дазваляла мне паспяхова падымацца па кар’ерных ступенях.

— У аўтабіяграфічным выданні — кнізе “Жыццё… люблю… бязмерна…” — Вы асабліва падкрэсліваеце ролю сваёй сям’і. Такое рэдка даводзіцца бачыць: на жаль, найчасцей чым вышэй чалавек паднімаецца, тым ніжэй і далей для яго становяцца родныя. А ў Вашай кнізе ёсць выдатныя словы: “З пражытых 65 гадоў я вынес галоўнае: кожная сям’я і мая сям’я ў тым ліку — гэта аснова краіны, яе карані, што сілкуюць жыццёвую прастору. Кожны чалавек павінен ведаць пра гэта і імкнуцца для свайго цяперашняга і будучага ўзяць усё лепшае са свайго роду”. Што лепшае і каштоўнае са свайго роду Вы несяце па жыцці ў сваёй душы?

— Мне пашчасціла ў маленстве жыць у вялікай сям’і, дзе старэйшымі былі дзядуля Іван Андрэевіч і бабуля Марыя Якімаўна Дражыны. Дзядуля быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, цяжка паранены вярнуўся з фронту і да канца свайго жыцця працаваў з бабуляй у сельскай гаспадарцы.

Бацька, Несцер Іванавіч, быў удзельнікам савецка-фінскіх баявых дзеянняў 1939-1940 гадоў, а таксама прайшоў выпрабаванні Другой сусветнай вайной. Маці, Кацярына Сцяпанаўна, адна ў гэты час выхоўвала дзвюх маленькіх дачок, цяжка хварэла.

Да асаблівых рыс характару сям’і можна аднесці людскасць, справядлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу людзям, якія аказаліся ў цяжкіх абставінах. Гэта была мэта жыцця сям’і Дражыных, і старэйшыя перадавалі яе сваім дзецям і ўнукам. І сёння, праз гады, я магу сказаць усім — гэта быў самы галоўны ўніверсітэт майго жыцця. Лепшымі і каштоўнымі наказамі сям’і я кіраваўся заўсёды, што дазволіла мне паслядоўна прайсці жыццёвыя выпрабаванні.

Мая мэта ў тым, каб мае дзеці Вадзім і Вольга, унукі Максім, Яна, Уладзімір, Марк, Аляксандр, Даша кіраваліся жыццёвымі правіламі сям’і Дражыных.

— Вы пачалі кар’еру на партыйнай рабоце, потым, пасля 90-х, упэўнена працавалі ў рэчышчы новай сітуацыі. Можна меркаваць, што гэты пераход не быў лёгкім. Якімі ён суправаджаўся цяжкасцямі і што дапамагло годна яго вытрымаць?

— Першы запіс у маёй працоўнай кніжцы — ад 1 верасня 1965 года: “настаўнік фізікі, фізічнай культуры” зроблены ў Прускай васьмігадовай школе Слуцкага раёна (Старадарожскі раён тады быў аб’яднаны са Слуцкім). Потым была камсамольская і партыйная работа. 90-я гады сустрэў на пасадзе першага сакратара Нясвіжскага райкама партыі, а ў 1990 го-дзе быў абраны народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. Сумяшчаць гэтыя дзве адказныя пасады ў гады палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне было цяжка.  Але побач са мной былі цудоўныя людзі — кіраўнікі гаспадарак, прадпрыемстваў, выдатныя спецыялісты, рабочыя, хлебаробы, працаўнікі народнай асветы, аховы здароўя, культуры,  фізічнай культуры, сацыяльнай абароны. Гэта была адзіная каманда, згуртаваная вакол кіраўніцтва раёна. Для вядзення расшыранай вытворчасці не хапала матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў, але мы і ў гэтых умовах  працавалі напружана і стваральна. У чарговы раз я атрымаў давер і быў абраны старшынёй Нясвіжскага раённага Савета  дэпутатаў і прызначаны старшынёй райвыканкама. На гэтай пасадзе працаваў восем гадоў. Лічу, што ў тыя часы змог максімальна рэалізаваць свой творчы патэнцыял кіраўніка раёна.

— Васямнаццаць гадоў плённай працы Вы прысвяцілі кіраўніцтву Нясвіжскім раёнам. Ведаючы, што ў раёне ў гэты час быў вырашаны цэлы шэраг праблем, дасягнуты добрыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця, хачу асобна спыніцца на рабоце па выхаванні і адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны старажытнага горада. Вядома, што ў многім дзякуючы асабіста Вашым  намаганням, “Нясвіжская жамчужына” вярнула свой першародны бляск. Чаму на фоне сваіх шматлікіх клопатаў Вы ўдзялілі гэтай справе такую ўвагу? 

— Так. Гэта была стваральная праца на карысць перш за ўсё эканомікі і сацыяльнай сферы раёна. Прамысловасць, будаўніцтва, асабліва сельская гаспадарка, сфера паслуг былі лепшымі не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта заслуга перш за ўсё працаўнікоў раёна.

Але Нясвіж з’яўляўся калыскай гісторыка-культурнай спадчыны, паколькі ў горадзе і раёне знаходзілася 32 помнікі архітэктуры. На вялікі жаль, большасць з іх была ў заняпадзе… Трэба было тэрмінова займацца іх рэстаўрацыяй, і я як кіраўнік раёна разумеў гэта. Першыя крокі былі зроблены ў 80-я гады, калі адбылося  ўзнаўленне парку і азёр. Але галоўныя работы былі наперадзе — на рэстаўрацыі замка князёў Радзівілаў.

Пачатак  быў зроблены ў верасні 1994 года, калі Нясвіж наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Было прынята рашэнне распрацаваць канцэпцыю рэстаўрацыі, праектна-каштарысную дакументацыю і прыступіць да маштабных работ. Яны пачаліся на пачатку 2001 года і завяршыліся ў 2012-м. Наша краіна атрымала важны сімвал беларускай дзяржаўнасці, які падкрэслівае, што беларусы ў XV стагоддзі мелі сваё асабістае пачэснае месца ў Еўропе.

— Адкуль у Вас, патомнага селяніна і кіраўніка вытворчасці, пранесеныя праз усё жыццё любоў, цікавасць і тонкае адчуванне мастацтва і культуры?

— Мы гаворым: культурны і інтэлігентны чалавек. Ёсць такая думка: каб быць культурным і інтэлігентным чалавекам, трэба мець дзядулю і бабулю з культурнаго асяроддзя. Тады мала ў каго з нас ёсць права на такое званне.

На мой погляд, адчуванне мастацтва, культуры фарміруецца сям’ёй, яе традыцыямі. Бывае, што дасведчаны ў навуках чалавек духоўна глухі. І гэта глухата абарочваецца адсутнасцю далікатнасці, дабрыні, жорсткасцю. Мае бацькі былі простымі сялянамі, але жылі па вышэйшых маральных пастулатах і так вучылі жыць нас, сваіх дзяцей. Не натацыямі, не пропаведзямі, а асабістым прыкладам. Менавіта гэтыя рысы прыводзяць да цікавасці і тонкага адчування мастацтва і культуры ў нашым жыцці.

— Якія рашэнні і справы, прынятыя на працягу работы на розных пасадах, Вы вызначылі б як найбольш значныя, важкія, адзіна верныя?

— Праца ў Нясвіжскім раёне ў цяжкія 90-я гады дазволіла прыняць лёсавызначальныя рашэнні па ўзнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі, калі ў адзін год гаспадаркі раёна закупілі 150 збожжаўборачных камбайнаў “Дон-1500”, 250 трактароў МТЗ-82, 125 аўтамабіляў  МАЗ. Гэта дазволіла ў наступныя пяць — дзесяць гадоў паспяхова рэалізоўваць праграмы ў галінах эканомікі.

Правядзенне рэспубліканскага свята-кірмашу “Дажынкі” ў 1998 годзе значна абнавіла горад Нясвіж і раён.

Праца Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літве і Фінляндыі дазволіла зрабіць акцэнт на развіцці гандлю, паслуг, на інвестыцыях, мерапрыемствах нацыянальнай культуры ў гэтых краінах. Рашэнні і справы былі значныя і адзіна правільныя.

— Уладзімір Несцеравіч, ведаю, што Вы любіце гуляць у гольф; магчыма, нездарма, бо ён, як і дыпламатыя, патрабуе дакладнасці і разліку. Ваша работа на дыпламатычным полі — асобная і цікавая тэма. Вы былі прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндыі ў 2006 годзе — вельмі складаны перыяд, перад якім дыпламатычныя кантакты краін прыпыняліся, мелі месца тэрытарыяльныя спрэчкі. Раскажыце, калі ласка, як гэта было?

— Перыяд працы на дыпламатычным напрамку быў складаны, але вельмі значны як для краіны, так і для мяне асабіста.

Я разумеў, што галоўным па выніках маёй дзейнасці павінен быць дыялог кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, парламентаў, тэрытарыяльных органаў кіравання. Асаблівае месца надавалася развіццю гандлю, інвестыцыйнаму працэсу, экспарту паслуг.

Напружаная і паслядоўная праца прывяла да пазітыўных рэзультатаў. У 2009 годзе адбыўся візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў Літоўскую Рэспубліку, а ў 2010-м  Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ ў Беларусь.

Сістэмнымі былі сустрэчы кіраўнікоў урадаў, міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, творчых устаноў.

З 2006 па 2014 год гандлёвы абарот павялічыўся з 603 млн. да 1580 млн. долараў, інвестыцыі — з 16,3 да 175 млн. долараў, паслугі — з 388 да 750 млн. долараў.

З 2006 па 2014 год было заключана 58 дагавораў супрацоўніцтва паміж раёнамі і гарадамі Беларусі і Літвы. Кожны год праводзіліся эканамічныя форумы, форумы гарадоў-пабрацімаў, Дні нацыянальнай культуры Рэспублікі Беларусь у Літве і Фінляндыі.

Гэта была вялікая стваральная праца на карысць народаў-суседзяў, на чале якой стаялі Пасол, дыпламаты, супрацоўнікі пасольстваў, калектывы аднадумцаў. Галоўным дэвізам у рабоце быў “Дарогу асіліць той, хто ідзе”.

— Калі я правільна разумею, Пасол прадстаўляе не толькі афіцыйную пазіцыю дзяржавы, але і яе менталітэт, нацыянальны характар, твар. Думаю, тут тысяча дробязей і нюансаў, “падводных плыняў” — гэта  тонкія механізмы. Як Вам удалося зведаць іх, авалодаць імі  і дастойна, паспяхова выконваць сваю задачу?

— Толькі сістэмная, напружаная праца Пасла, дыпламатаў, супрацоў-нікаў дыпламатычных місій дапамагала атрымаць годны вынік па ўсіх накірунках дзейнасці.

З пазіцыі былога члена Урада я добра ведаў, што патрэбна было нашай краіне ва ўзаемаадносінах і гуманітарных стасунках. Гэта дазволіла выпрацаваць праграмы супрацоўніцтва на перспектыву і крок за крокам разам з дыпламатамі рэалізоў-ваць іх.

— Ваш жыццёвы шлях багаты на сустрэчы з вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі. Якія з іх былі найбольш запамінальнымі?

— На вялікае шчасце, сустрэч на працягу маёй дзяржаўнай кар’еры было шмат. Галоўнае тое, што падчас гэтых сустрэч я меў магчымасць бачыць, як кіраўнікі рэспублікі П.М. Машэраў, І.Я. Палякоў, М.В. Кавалёў, А.Н. Аксёнаў, М.І. Дземянцей, С.С. Лінг, А.А. Малафееў, В.Ф. Кебіч, А.Р. Лукашэнка, М.У. Мясніковіч прымалі важныя, лёсавызначальныя для нашай краіны рашэнні.

Гэтыя сустрэчы дапамагалі мне ў далейшай працы, у прыняцці найважнейшых рашэнняў.

— Вы ўнеслі важкі ўклад у будаўніцтва суверэннай Беларусі, адчувалі сэрцабіцце нованароджанай краіны і бачылі яе першыя крокі. Якім Вам бачыцца яе шлях у будучыню? Ці можа ён быць паспяховым для дзяржавы з небагатымі прыроднымі рэсурсамі, невялікай тэрыторыяй?

— Суверэнная, незалежная Беларусь у цяперашні час напружана працуе па ўсіх напрамках дзейнасці. Галоўнай мэтай нашай краіны з’яўляецца дабрабыт кожнага чалавека. Словы Дзяржаўнага гімна гэта падкрэсліваюць. Самаадданая стваральная праца кожнага з нас абавязкова прывядзе да поспеху, нягледзячы на невялікую тэрыторыю і небагатыя прыродныя рэсурсы краіны. У гэтым я ўпэўнены!

— На заслужаным адпачынку ёсць час для любімых заняткаў, для ажыццяўлення планаў, якія даўно адкладаліся на потым. Што дае Вам сёння адпачынак душы?

— Галоўнае,  я цяпер маю магчымасць больш часу аддаваць сям’і — дзецям, унукам, родным, блізкім.

Узначаліўшы ў снежні 2014 года Беларускую асацыяцыю гольфа, аддаю пэўны час развіццю алімпійскага віду спорту ў нашай краіне. За гэты невялікі адрэзак праведзена пэўная работа па падрыхтоўцы спартсменаў, развіцці інфраструктуры гольфа ў шэрагу раёнаў краіны.

Прымаю ўдзел у шэрагу апякунскіх саветаў, правядзенні мерапрыемстваў.

Абавязкова раз у нядзелю наведваю выставы ў музеях, спектаклі ў тэатрах, паколькі культура для мяне і маёй сям’і з’яўляецца галоўнай мэтай жыцця.

— Уладзімір Несцеравіч, Вы — чалавек, для якога стварэнне стала ладам жыцця. Выкажу меркаванне, што Вы будуеце новыя планы і праекты. Ці звязаны яны нейкім чынам з нашым раёнам?

— Так. Я заўсёды на ўсіх пасадах галоўным у працы бачыў стваральны працэс. І цяпер ён са мной, толькі праекты і планы больш сціплыя. Сярод іх ёсць некалькі, звязаных з Нясвіжскім раёнам. Але я хацеў бы, каб гэта стала тэмай нашай наступнай гутаркі.

— Дзякую Вам за ўвагу да выдання і аўдыторыі землякоў-чытачоў!

— Вялікі дзякуй Вам, Дзмітрый Леанідавіч, за магчымасць звярнуцца праз газету “Нясвіжскія навіны” да маіх землякоў.

А завяршыць інтэрв’ю хачу словамі песні: “Радзіма мая дарагая, красуйся і ў шчасці жыві!”.

Гутарыў Дзмітрый ЯШЧАНКА.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!